Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя прафсаюзы ў 2005 годзе: барацьба за выжываньне


Галіна Абакунчык, Менск Як зьмяніўся стан незалежных прафсаюзаў Беларусі ў 2005 годзе? Як складаліся іхныя ўземадачыненьні з афіцыйнай Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі? Чаму буйныя міжнародныя арганізацыі і ўсясьветныя прафсаюзныя цэнтры на працягу мінулага году ў сваіх заявах неаднаразова зьвярталі ўвагу на гэтыя праблемы?

Незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці цяпер удзельнічае адразу ў трох судовых працэсах супраць адміністрацыяў прадпрыемстваў і мяцовых уладаў — у Магілёве, Менску і Барысаве. Да гэтага вымусіла сыстэматычнае парушэньне правоў першасных суполак прафсаюзаў і іхных сяброў, кажа старшыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч.

(Фядыніч: ) “Па-першае, наймальнікі адмаўляюць у юрыдычным адрасе. Але калі мы знаходзім юрыдычны адрас у іншым месцы, то мясцовыя органы ўлады не рэгіструюць, без усялякіх аргумэнтаў. Таксама без усялякіх тлумачэньняў былі скасаваныя некаторыя першасныя суполкі. І цяпер наймальнікі трымаюцца такой лініі: калі ты не належыш да прафсаюзаў, якія ўваходзяць у фэдэрацыю, то ў цябе будуць праблемы з працай. У нас было шмат людзей звольнена з працы толькі з прычыны прафсаюзнай прыналежнасьці. Незалежныя прафсаюзы павінны адстойваць правы сваіх сяброў і правы прафсаюзаў, але мы ня маем доступу ні да тэлеэфіру, ні да газэтаў: была “Рабочая салідарнасьць” — зачыненая, цяпер пад вялікім пытаньнем існаваньне яшчэ адной прафсаюзнай газэты — “Салідарнасьць”. Таму ў нас не хапае сродкаў, каб гэта рабіць”.

Асабліва моцны ціск уладаў сябры незалежных прафсаюзаў адчулі ў другой палове году. А менавіта — пасьля зьезьду Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі на якім прамаўляў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка, кажа лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

(Ярашук: ) “Прэзыдэнт гаварыў, што ён якраз найбольш увагі надае прафсаюзам, у параўнаньні з палітычнымі партыямі, бо прафсаюзы самым непасрэдным чынам могуць уплываць на настрой працоўных. Адметнай была такая заява, што ў 2006 годзе свабодныя прафсаюзы будуць ліквідаваныя. І самым непасрэдным чынам даваліся даручэньні дзеля зьнішчэньня і ліквідацыі нашых арганізацыяў. Пасьля гэтага мы адчулі да сябе канкрэтную ўвагу, якая праявілася ў тым, што ўсе без выключэньня нашыя арганізацыі апынуліся пад пільным кантролем нават тых структураў, якія ня маюць такога права, — як, да прыкладу, ідэалягічныя аддзелы прадпрыемстваў.

Цягам апошніх месяцаў сяброў прафсаюзаў часта выклікаюць у мясцовыя адміністрацыі і патрабуюць, пагражаюць звальненьнем з тым, каб людзі пакідалі шэрагі незалежных прафсаюзаў. І, канечне ж, мы ня маем ілюзіяў адносна таго, што ў наступным, 2006 годзе, нешта зьменіцца. Усё будзе рабіцца для таго, каб з усім незалежным прафсаюзным рухам у краіне было скончана”.

Як падкрэсьліў спадар Ярашук, гэтыя падзеі адбываюцца ў той час, як Міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў (адзін з буйнейшых прафцэнтраў сьвету) прыняла адмысловую заяву, у якой Беларусь згаданая ў адным шэрагу з Іранам, Нігерыяй, Камбоджай і іншымі краінамі, дзе найгоршы стан працоўных. Акрамя таго, Міжнародная арганізацыя працы заявіла, што ўрад Беларусі ня выканаў ніводнай з дванаццаці рэкамэндацыяў гэтай арганізацыі, якія тычыліся выпраўленьня стану з правамі незалежных прафсаюзаў. Гэта пагражае Беларусі адменай прэфэрэнцыяў у гандлі з краінамі Эўразьвязу, а наступства гэтага — шматмільённыя грашовыя страты. Аднак у кіраўніцтве Фэдэрацыі прафсаюзаў не прызнаюць выстаўленых міжнароднай супольнасьцю абвінавачаньняў. Гаворыць намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Мікалай Беланоўскі:

(Беланоўскі: ) “На міжнародным узроўні калісьці была дадзеная падстава, а цяпер ужо гэта выкарыстоўваецца як палітычны інструмэнт ціску на краіну. А правы прафсаюзаў у Беларусі — яны такія ж, як у большасьці краінаў СНД. Да ідэалу, канечне, далёка, але дынаміка да паляпшэньня ёсьць”.

Паляпшэньнем стану з правамі прафсаюзаў у Беларусі спадар Беланоўскі назваў ільготы на арэнду памяшканьняў, магчымасьць ставарэньня першасных суполак на прадпрыемствах усіх формаў уласнасьці і іншыя, якія Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі атрымала паводле шэрагу адмысловых распараджэньняў кіраўніка краіны. Лідэры незалежнага руху называюць гэта прыкладам няроўнасьці ўмоваў існаваньня свабодных і прадзяржаўных прафсаюзаў, створаных уладамі.

У сваю чаргу, прадстаўнік Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў у краінах СНД Вадзім Барысаў заяўляе пра падвойную мараль, якую вызнаюць кіраўніцтва фэдэрацыі і ўраду Беларусі. Гаворыць Вадзім Барысаў:

(Барысаў: ) “Высокая ступень хітраваньня — казаць, што ў іншых краінах сьвету таксама парушаюцца правы прафсаюзаў. У Беларусі гэта мае масавы і сыстэматычны характар. Гэтыя факты зафіксаваныя, і Міжнародная арганізацыя працы з 2000 году патрабуе выпраўленьня гэткага стану. І ў гэтым выпадку мы бачым падвойную мараль: калі на сэсіях МАП урад Беларусі прызнае гэтыя парушэньні і кажа, што мае вырашыць праблему. Але насамрэч кіраўніцтва Беларусі ідзе ў працілеглым кірунку. І колькасьць гэтых фактаў парушэньня толькі большае і большае”.

Падчас прэзэнтацыі паправак у Крымінальны кодэкс старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў, што, нібыта, паклёпніцтва прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў на міжнародным узроўні сталася прычынай таго, што “пайшоў шасьцімесячны тэрмін ультыматуму аб прэфэрэнцыях, выстаўленага Беларусі Міжнароднай арганізацыяй працы”. Аднак у кіраўніцтве Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў заяўляюць, што менавіта ўрад Беларусі дыскрэдытуе краіну на міжнародным узроўні, ігнаруючы рэкамэндацыі МАП. Таму генэральнаму пракурору была накіраваная заява з прапановаю прыцягнуць да адказнасьці адпаведных урадоўцаў паводле абноўленага крымінальнага заканадаўства.

Менавіта змаганьне, як адзіную магчымасьць захаваць незалежныя прафсаюзы ў сучаснай Беларусі, называе колішні старшыня фэдэрацыі, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта краіны Ўладзімер Ганчарык.

(Ганчарык: ) “Трэба зьвязваць гэтае пытаньне з тым рэжымым, які існуе ў Беларусі: аўтарытарны рэжым, аўтарытарная дзяржава, якая становіцца ўсё больш таталітарнай. Калі ў такім выпадку гэта ўсё так і застаецца, то я ня бачу ніякіх пэрспэктываў у разьвіцьці незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі. І таму незалежным прафсаюзам трэба змагацца, ужываючы палітычныя формы і мэтады барацьбы. Калі ў нас ня будзе зьмены ўлады праз выбары, то я ня думаю, што ўлада пойдзе насустрач незалежнаму прафсаюзнаму руху”.

Нагадаю, што з ініцыятывы Міжнароднага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, Міжнародная арганізацыя працы прымяняла ў дачыненьні Беларусі адмысловы параграф, што зьяўляецца адной з самых жорсткіх і надзвычайных мераў пакараньня, прадугледжаных статутам арганізацыі. У Беларусі працавала адмысловая камісія МАП, якая прызнала сапраўднымі факты парушэньня правоў незалежнага прафсаюзнага руху паводле 12 пунктаў. Да 1 чэрвеня 2005 году яны мусілі быць выкананыя, аднак гэтага зроблена не было. Па разглядзе вынікаў працы беларускага ўраду Міжнародная арганізацыя працы пакінула адмысловы параграф бязь зьменаў і прыняла рашэньне накіраваць у Беларусь дадатковую кантрольную місію ў студзені 2006 году. Таксама ў зьвязку з парушэньнем правоў прафсаюзаў уладамі Беларусі Эўразьвяз заявіў пра мажлівасьць адмены гандлёвых прэфэрэнцыяў у гандлі з краінамі Эўразьвязу. Для Беларусі гэта азначае эканамічныя страты на 250 мільёнаў эўра штогоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG