Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць сваякі і сябры С.Скрабца пра яго рашэньне?


Валер Каліноўскі, Менск Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў, вядомы бізнэсовец Сяргей Скрабец, які цяпер знаходзіцца пад сьледзтвам, вырашыў стварыць сваю ініцыятыўную групу для збору подпісаў за рэгістрацыю кандыдатам на маючых адбыцца 19 сакавіка прэзыдэнцкіх выбарах. Пакуль спадар Скрабец не асуджаны, ён мае права ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Як паставіліся да гэтай ініцыятывы сябры і родныя спадара Скрабца?

Жонка Сяргея Скрабца Аляксандра паведаміла “Свабодзе”, што ёй стала вядома пра намер мужа стварыць ініцыятыўную групу для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах зь ягонага ліста. Сяргей Скрабец у тым лісьце прасіў спрыяньня ў гэтым і казаў, што накіруе адмысловы зварот да сваіх прыхільнікаў празь незалежныя СМІ.

Ці ёсьць нейкі сэнс Сяргею Скрабцу, які перанёс шматдзённую галадоўку пратэсту і чакае ў ізалятары пачатку судовага паседжаньня, імкнуцца стварыць сваю ініцыятыўную групу для ўдзелу ў выбарчай кампаніі? Вось як адказала на гэтае пытаньне ягоная жонка Аляксандра Скрабец:

(Аляксандра Скрабец: ) “Я лічу, што не. Яму трэба думаць пра свой стан здароўя і пра нас”.

Спадарыня Скрабец, кажа што ў яе мужа падагра, ён моцна схуднеў, а нядаўна прастудзіўся. Брат экс-дэпутата Аляксандар Скрабец сказаў, што ніякай інфармацыі ня мае і сваіх адносінаў да намеру Сяргея не выказаў:

(Аляксандар Скрабец: ) “Ня ведаю, шчыра кажучы. Я палітыкай не займаюся, таму не магу дакладна сказаць… Мяне спрабуюць да гэтага ўвесь час прымешваць, паколькі я ягоны брат, але я не магу такія рэчы камэнтаваць”.

Сябра Сяргея Скрабца былы дэпутат парлямэнту Ўладзімер Парфяновіч перакананы, што таму ня варта зноў імкнуцца стварыць ініцыятыўную групу на прэзыдэнцкіх выбарах, як гэта ён рабіў у 2001 годзе:

(Парфяновіч: ) “Ён сядзіць за гэта, за тое што падаў дакумэнты на тых выбарах у 2001 годзе. Тады яму сказалі: калі не здымесься – будзеш сядзець, вось ён і сядзіць. А зараз, калі ён падасьць дакумэнты, то ягоная справа толькі хутчэй будзе разгледжаная і прысуд будзе самы суровы”.

Спадар Парфяновіч зазначыў, што асабіста ён лічыць будучыя выбары нелегітымнымі, калі ў іх будзе браць удзел Аляксандар Лукашэнка. Акрамя таго ён перакананы, што ў грамадзтве цяпер такая сытуацыя, што Сяргею Скрабцу будзе цяжка знайсьці больш за сто чалавек, гатовых зьбіраць подпісы за палітвязьня, і што патэнцыйныя выбаршчыкі таксама будуць ухіляцца ад подпісаў за яго, баючыся рэпрэсіяў:

(Парфяновіч: ) “Вы хочаце сказаць, што за Сяргея Скрабца, які знаходзіцца ў турме, людзі будуць ставіць подпісы, дык з Трактарнага заводу выганяць любога рабацягу за гэта”.

Уладзімер Парфяновіч зазначыў, што калі б ён меў магчымасьць, то параіў бы Скрабцу адмовіцца ад сваёй ідэі. Прадстаўнікі атачэньня Сяргея Скрабца раіліся наконт гэтыя ініцыятывы зь юрыстам Гары Паганяйлам:

(Паганяйла: ) “Я ім сказаў, што ў ягонай сытуацыі няма сэнсу. Гэта толькі пагоршыць ягонае становішча. Як фігура ён адбыўся, і зразумела, што не за крымінал яго прыцягнулі… Калі ён хоча прыцягнуць увагу яшчэ і гэтым дадатковым крокам, то не атрымаецца. А нашкодзіць можа.”

Гары Паганяйла мяркуе, што гэты крок Скрабца можа спрычыніцца да таго, што ў судзе яму могуць даць максымальны тэрмін пазбаўленьня волі.

***

Крымінальная справа, заведзеная супраць Сяргея Скрабца, якога абвінавачваюць у трох парушэньнях заканадаўства — выманьваньні крэдытаў у дзяржавы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да даваньня хабару ў асабліва буйных памерах — цяпер знаходзіцца ў Вярхоўным судзе Беларусі, які пакуль не вызначыў дату разгляду ягонай справы.

Гл. таксама • Сяргей Скрабец хоча ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG