Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зноў сарвалі сустрэчу зь Мілінкевічам, закрылі выставу


Алесь Дашчынскі, Менск 14 сьнежня адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году Аляксандар Мілінкевіч наведаў Кобрын. Ня ўся праграма візыту ў Кобрын прайшла паводле пляну.

Спадар Мілінкевіч зьбіраўся ўдзельнічаць у сустрэчы зь мясцовай інтэлігенцыяй, да якой было прымеркавана адкрыцьцё мастацкай выставы. Аднак яна была раптоўна дэмантаваная.

(Мілінкевіч: ) “Улады ўсё зрабілі, каб ліквідаваць гэтую выставу. Ужо віселі карціны на сьценах, былі запрошаныя госьці, і мы зьбіраліся прыйсьці. Але калі ўлады даведаліся пра наш візыт, то карціны проста зрэзалі са сьцен і склалі ў кут. І бедная мастачка пацярпела ад таго, што ўлады баяцца простых сустрэчаў”.

На Берасьцейшчыне за спадаром Мілінкевічам працягваецца назіраньне спэцслужбаў.

(Мілінкевіч: ) “Гэта, відаць, ужо ніколі ня скончыцца. Увесь час машына зь цёмнымі шыбамі за намі езьдзіць, там многа людзей сядзіць. Некаторыя выходзяць і ходзяць за намі па горадзе, калі мы пешшу ідзем. А міліцыя працягвае сваю справу. Найчасьцей спыняе машыны, правярае па некалькі разоў, каб проста спыніць наша перамяшчэньне і перашкодзіць нам”.

Сёньня супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі затрымалі машыну кіраўніка берасьцейскага абласнога штабу Юрася Губарэвіча. Нягледзячы на такую рэакцыю ўладаў, Аляксандар Мілінкевіч працягне паездкі па Беларусі і пасьля Новага году.

Заўтра ж ён накіруецца ў Белаазёрск і Бярозу.

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, мы выбралі абсалютна слушную тактыку ў тым, што цяпер езьдзім па рэгіёнах. Гэта вельмі эфэктыўна. І тут можна выдзеліць некалькі інфармацыйных хваляў, якія адбываюцца. Перш, чым мы заяжджаем, у горадзе распаўсюджваюцца ўлёткі аб нашым візыце. Потым улада пачынае рэагаваць і вельмі нэрвуецца. Яна пачынае праводзіць сходы, на якіх пра нас распавядае, што мы дрэнныя. А людзі ўсё больш нэгатыўна адаптуюцца да такіх выказаў і лічаць, што калі дрэнныя, значыцца, відаць, добрыя.

Потым мы самі зьяўляемся і ходзім па горадзе, сустракаемся зь людзьмі. А яшчэ пасьля нашага ад’езду мы зробім усё, каб па гэтых гарадах зьяўляліся бюлетэні з аповедам пра тое, што адбывалася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG