Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнтку TVP1 пакінулі на ноч у памежнай зоне Менск-2


Валер Каліноўскі, Менск Карэспандэнтку першага канала Польскага тэлебачаньня (TVP1) Агнешку Рамашэўску, якую беларускія ўлады другі раз адмовіліся ўпусьціць на тэрыторыю Беларусі, памежныя службы зьбіраюцца дэпартаваць з краіны заўтра чарговым авіярэйсам у Варшаву. На ноч яе пакінулі ў аэрапорце ў памежнай зоне.

Спадарыня Рамашэўска настойвае, што беларускія ўлады не пусьцілі яе ў краіну, дзе яна павінна была ўзначаліць карпункт першага канала Польскага тэлебачаньня, беспадстаўна, бо яна мела дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных справаў Беларусі, якая заканчваецца ў лютым наступнага году.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін пацьвердзіў “Свабодзе”, што Агнешка Рамашэўская сапраўды мае акрэдытацыю, але заявіў пры гэтым, што яе не пусьцілі ў краіну на законных падставах:

(Есін: ) “Пытаньне аб адмове ва ўезьдзе грамадзянкі Польшчы Рамашэўскай не зьвязанае зь яе прафэсійнай дзейнасьцю як журналіста”.

З чым жа зьвязанае гэтае пытаньне, спадар Есін не ўдакладніў. Разам з гэтым ён зазначыў, што ніякіх афіцыйных зваротаў з Варшавы наконт адкрыцьця ў Менску карэспандэнцкага пункта польскага тэлеканалу TVP1 не было. Вусныя перамовы зь кіраўніцтвам управы інфармацыі Міністэрства замежных справаў і кіраўніцтвам ведамства таксама не вяліся,– паведаміў Руслан Есін.

Тым часам Агнешка Рамашэўска вымушаная застацца да заўтра ў аэрапорце, за ёю сочаць дзьве супрацоўніцы памежных войскаў у форме.

(Рамашэўска: ) “Замкнулі мяне тут, і дзьве сумныя пані мяне пільнуюць пры дзьвярах. Гэта памяшканьне такое для дэпартаваных, тут ёсьць ложак, шафа,– гэта як бы такі гатэлік”.

Агнешка Рамашэўская паведаміла, што ў гэтым гатэліку для дэпартаваных нікога болей няма. Да яе сёньня быў дапушчаны польскі консул, але і ён ня змог высьветліць чаму такая пільная ўвага да журналісткі TVP1.

Наведаў яе і прадстаўнік Польскіх авіяліній “Лёт” у Менску, які паведаміў, што дэпартацыя спадарыні Рамашэўскай плянуецца на заўтра.

Беларускія памежнікі пакуль не вярнулі пашпарт спадарыні Рамашэўскай, як і не выдалі ніякага дакумэнту на яе выдаленьне. Чарговы рэйс авіякампаніі “Лёт” з Менску ў Варшаву заплянаваны ў сераду на 14.40.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG