Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гвалт


Юры Пацюпа, Горадня Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Ёсьць выслоўі, што адразу кідаюцца ў вочы. Яны крычаць, яны рэклямуюць сябе, як аздобны тавар, як невялікія паэтычныя творы. Імі захапляюцца, імі ганарацца... Але найважнейшыя тыя фразэалягізмы, існаваньне якіх схаванае ад вачэй самых карыстаньнікаў – бязь іх ня можа быць паўнавартага жыцьця мовы. Адно з такіх выслоўяў – на гвалт.

Доўгі час я ня мог знайсьці адпаведніка да расейскага выразу во что бы то ни стало. Якой толькі лухты ні прачытаў у слоўніках, пакуль не натрапіў у Максіма Багдановiча: “Помач няшчасным на гвалт была патрэбна”. Як той казаў, знайшоў сякеру пад лаваю. От табе й “кепска ведаў мову паэт!” А далей – болей, прыклады самыя, як грыбы, сталі кідацца ў вочы пры чытаньні старой “Нашай нівы”. Вось адзін зь іх: [Газэта “Крестьянин”] “на гвалт хоча ўсіх перарабляць на рускіх” (НН, 1909, 2 ліпеня). Новая “Наша Ніва” падхапіла фразэалягізм, і, дзякуй Богу, той пайшоў у людзі.

Што нам можа расказаць выраз на гвалт? Думаю, ня менш, як чарапок археолягу.

Першае: яго будова тыпова беларуская. Дзе расейцы кажуць: в доказательство, в ознаменование, в честь, в одиночестве, во весь рот, – там беларусы маюць: на довад, на знак, на чэсьць, на адзіноце, на ўсю гу́бу.

Другое: слова гвалт, якое замяняе грувасткае... что бы то ни стало, паходзіць зь нямецкае мовы, відаць, прыйшло праз габрэйскае пасярэдніцтва. Яно кажа, што мы кантактавалі з Захадам болей, чым з Усходам, што габрэі ўжываліся зь беларусамі не адно стагодзьдзе. Можна пад тое ўспомніць, што ў нашай мове наагул шмат германскіх каранёў, якія сягаюць даўнейшых готаў. І суседзі з поўначы нездарма празываюць нас гудамі.

Трэцяе: фразэалягізм на гвалт некалі быў звычайным моўным выразам. У старабеларускіх актах можна напаткаць такі сказ: А араці, яка на гвалт колькі ў каго сох ёсьць. Так, была такая сялянская служба – гвалт. Працаваць на гвалт ішлі ўсе, хто можа – у касавіцу, пільніцу, пры будаваньні млыноў, запрудаў і пры ўсякай надзвычайнай патрэбе.

...Раней гэтую службу адпрацоўвалі прыгонныя сяляне, а цяпер і школьнікі, і інтэлігенцыя – усе ідуць, едуць, валакуцца на суботнікі, на бульбу, на буракі, адным словам, – на гвалт.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG