Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ху Цзіньтао назваў Лукашэнку “самым добрым сябрам кітайскага народу”


Валер Каліноўскі, Менск А.Лукашэнка ў рамках дзяржаўнага візыту ў Кітай сёньня сустрэўся са старшынём КНР Ху Цзіньтао, бакі падпісалі шэраг міждзяржаўных пагадненьняў аб супрацоўніцтве ў галіне эканомікі, адукацыі, навукі, турызму, разьвіцьця мабільнай сувязі. Разам з тым, незалежныя аналітыкі мяркуюць, што ў Кітая асаблівы інтарэс да вайсковага супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Аляксандар Лукашэнка і Ху Цзіньтао ў Пэкіне падпісалі супольную дэклярацыю. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у ёй ідзе размова пра “якасна новы этап стратэгічнага супрацоўніцтва”, на які выйшлі бакі і пра намер надалей яго разьвіваць. Аляксандар Лукашэнка пры гэтым зазначыў, што ў Беларусі і Кітаю “абсалютна адзіная” пазыцыя на міжнароднай арэне і аднолькавыя погляды на пабудову сьвету. А Ху Цзіньтао назваў Аляксандра Лукашэнку “самым добрым сябрам кітайскага народу”.

Беларускі кіраўнік падкрэсьліў як посьпех тое, што бакам удалося дасягнуць таваразвароту паўмільярда даляраў на год. Менскі эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць гэтую суму невялікай — гэта меней, чым 2% ад усяго беларускага таваразвароту з замежжам. На думку спадара Раманчука, Кітай перш за ўсё цікавіць вайсковае супрацоўніцтва зь Беларусьсю, а афіцыйны Менск — падтрымка з боку Кітаю на міжнароднай арэне. У прыватнасьці, у ААН Кітай ня раз заступаўся за беларускі ўрад, калі яго крытыкавалі за парушэньні правоў чалавека.

(Раманчук: ) “Гэта такое палітычнае і вайсковае супрацоўніцтва, але калі гаворка дойдзе да тавараў, якімі моцны Кітай, тады, я думаю, што пазыцыя сацыялістычнага па-сутнасьці ўраду Беларусі будзе адрозьнівацца ад капіталістычнага падыходу да справы кітайцаў”.

Вайсковы аналітык зь Менску Аляксандар Алесін перакананы, што менавіта вайсковае супрацоўніцтва тлумачыць зацікаўленасьць Пэкіну ў такіх шчыльных кантактах зь Беларусьсю, паколькі ён вядзе мадэрнізацыю свайго войска:

(Алесін: ) “Што датычыць аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня, сродкаў сувязі, сыстэмаў навядзеньня высокадакладнай зброі праз спадарожнікавыя лічбавыя карты і іншых падобных сыстэмаў, то мяркую, што гэта для Кітаю вельмі важна, бо думаю, што ні Ізраіль, ні Эўразьвяз, ні ЗША, ні Расея не рызыкнуць перадаваць Кітаю такіх тэхналёгіяў. І відавочна, што Кітай разьлічвае атрымаць іх празь Беларусь”.

Паводле афіцыйных кітайскіх крыніцаў, аб’ём вайсковага таваразвароту з Беларусьсю за дзесяць гадоў склаў каля 200 мільёнаў даляраў, але Аляксандар Алесін мяркуе, што гэтая лічба можа быць заніжанай, асабліва калі ўлічыць тэхналёгіі падвойнага прызначэньня. Перад візытам А.Лукашэнкі ў Пэкін кітайскі амбасадар у Менску У Хунбінь выказаў станоўчую ацэнку двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва:

(Хунбінь: ) “Рэспубліка Беларусь слынная сваёй электроннай прамысловасьцю ў галіне абароны, Кітай купляе некаторыя тэхналёгіі і тэхніку ў Беларусі, і вядзецца сумеснае праектаваньне новых тэхналёгіяў”.

Падчас візыту А.Лукашэнкі ў Пэкін старшыня КНР Ху Цзіньтао выказаў падтрымку далучэньню Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Прадстаўнік КНР таксама выказаўся “супраць умяшаньня звонку ва ўнутраныя справы Беларусі”.

А.Лукашэнка ў сваю чаргу выказаўся за палітыку “адзінага Кітаю”, супраць прыёму Тайваню ў ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі, паабяцаў, што Беларусь ня будзе наладжваць з Тайванем ніякіх афіцыйных кантактаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG