Чарада ўраджаяў у Букчы фінішуе. Ад пачатку лета тут зараблялі на чарніцах, пасьля ўпарадчылі ўласныя палеткі; з грыбамі, праўда, ня выйшла, бо лета было сухое. І вось, нарэшце, апошні сэзон — збор журавінаў, доўжыцца ён ад пачатку кастрычніка да першага сьнегу.
Журавінавы бізнэс — самы галоўны, бо самы прыбытковы. Людзі нават стараюцца браць адпачынкі менавіта ў кастрычніку-лістападзе. Пры мікрафоне жыхарка Букчы Тацяна:
(Тацяна: ) “Мы палову году ў лесе зарабляем, з гэтага і жывем. Людзі багата зарабляюць: на жыцьцё хапае і машыны нават бяруць. Цяпер па ягады езьдзім за пятнаццаць-дваццаць кілямэтраў. Некаторыя езьдзяць роварамі, але ёсьць і такія, хто машынамі. Ён зьбірае людзей, і ты за тое, што звазіў, даеш яму 5-літровае вядзёрка ягадаў. Ён цябе завозіць і прывозіць, тады можна ўжо і далей заехаць. Нам самім гэта выгадна. А вы паспрабуйце на ровары праехаць дваццаць кілямэтраў туды і дваццаць назад!”
(Карэспандэнт: ) “А што сёлета з цэнамі?”
(Тацяна: ) “Ягадаў багата, таму і цана малая. Па 2 тысячы за кіляграм. Гэта мала, мы разьлічвалі на большае. Але ўсе чакаюць, што цана падскочыць ледзь ня ў два разы. Жыцьцё нас не аднойчы ўжо вучыла, што бліжэй да Новага году цана падвойваецца”.
Зь дзевяці сотняў насельнікаў Букчы журавінаў не зьбірае толькі той, хто ад немачы ледзь перастаўляе ногі. Усе астатнія мэтанакіравана сноўдаюць па балотах. Мне параілі завітаць да няўрымсьлівай бабы Надзі. Сказалі, што пры сваіх немалых гадах яна дасьць форы маладым зьбіральніцам. Заходжу ў хату. У перадпакоі сустракаю гаспадыню, якая стаіць ля дзіўнай, на першы погляд, канструкцыі. Нахілены дыяганальна стол падпірае балея. Кабета сыпле ягады, яны коцяцца па стале і трапляюць у ёмістасьць. Увесь пакой застаўлены мяхамі з журавінамі.
(Карэспандэнт: ) “Як вы ягады чысьціце?”
(Надзея: ) “Намочым стол вадою і чысьцім…”
(Карэспандэнт: ) “Ягады коцяцца...”
(Надзея: ) “А сьмецьце застаецца, а ягады трапляюць у балею. Каб захаваць іх на зіму, заліваем іх вадою. Яны тады ўсю зіму стаяць сьвежыя”.
(Карэспандэнт: ) “Вы едзеце з раніцы зьбіраць ягады. Колькі гэта займае часу?”
(Надзея: ) “Мы едзем з восьмай раніцы і да пяці вечара. Хто хутка зьбірае, можа да 30 кіляграмаў прынесьці. Калі ў балоце знойдзеш купку, дзе іх багата, жменямі іх і бярэш. Я цяпер ягадаў шмат набраць не магу. Колькі назьбіраю, унукі выносілі”.
(Карэспандэнт: ) “Трэба мець добрае здароўе...”
(Надзея: ) “Трэба. Калі роварам езьдзім, плечы мокрыя і душна, мы распранемся, нас вецер прадзьме. Вось мы і захварэлі. Аднойчы зайшла на балота, стала браць ягады. А пасьля мне дрэнна зрабілася. Я прысела. Мяне стала ванітаваць, паднялася тэмпэратура. Людзі яшчэ ягады бралі, а я на балоце дзень праляжала. Яны мяне дахаты павялі. А калі ехала назад, ровар зламала. Бясконца падала, пакуль мяне прывезьлі дадому”.
Сабраць журавіны і ачысьціць іх — гэта толькі палова справы. Ураджай яшчэ трэба прадаць. Я знаходжуся ў звычайнай вясковай хаце, дзе адзін пакой адведзены пад прыёмны пункт. Усё тыя ж мяхі зь ягадамі і шалі. Гаспадарыць тут Ніна Радзілавец. Ураджай яна прымае ў другой палове дня, а да абеду сама ходзіць па балотах.
(Радзілавец: ) “Гэта вельмі цяжкая праца. Добра, што гэтая восень была сухая, а бываюць такія гады, што ідзеш, а там вады па калена, а як правалісься, так і па пас будзе. А яшчэ на сабе цягнеш мех на трыццаць кіляграмаў”.
(Карэспандэнт: ) “У вас мяжа побач...”
(Радзілавец: ) “Украінцы часам заходзяць, бо жыць людзям таксама патрэбна. А нашы лесьнікі і мытнікі ловяць іх. Летась яны часта хадзілі, а цяпер іх моцна прыціснулі, таму сёлета нікога яшчэ не злавілі. А раней тых украінцаў было столькі, што нельга было ягады ўзяць, а сёлета мы нармалёвую капейчыну ўзялі”.
(Карэспандэнт: ) “Лельчыцкі раён быў забруджаны чарнобыльскім выбухам. А ваша мясцовасьць, дзе вы ягады бераце, лічыцца чыстай?”
(Радзілавец: ) “Лічыцца чыстай. Але ў нас усе харчы брудныя. Асабліва грыбы. Раней у Букчы таксама была зона. Сёньня ўсё людзі хварэюць, але нам кажуць, што зямля ў нас чыстая — гледзячы ў якім месцы ягаду браць. У нас суседнія Прыбалавічы лічацца забруджанай зонай, а мы туды ходзім па журавіны, і яны чыстыя. А мы лічымся чыстай зонай, а ягады ў нас брудныя”.
Шэсьць гадоў таму ў Лельчыцкім раёне Гомельшчыны на адзін калгас стала менш. Гаспадарку ў Букчы расфармавалі і далучылі да суседняй, слабейшую аб’ядналі з мацнейшай. Цяпер да цэнтральнай сядзібы ў вёску Прыбалавічы трэба дабірацца 14 кілямэтраў. Я заходжу на калгасны двор. На першы погляд падаецца, што тут нікога няма. Аж у далечыні бачу дзядзьку, які раўняе зямлю на закладзенай сіласнай яме. Спадар прадстаўляецца Юрам.
(Юра: ) “Фэрму і гараж раскідалі. Усё забралі ў Прыбалавічы. Лічыце, што мы ў іх парабкамі працуем”.
(Карэспандэнт: ) “Як заробак?”
(Юра: ) “Я рыдлёўкай капаю, а сын сяміклясьнік канём працуе”.
(Карэспандэнт: ) “Ён жа ў сёмай клясе, мусіць у школе сядзець, а не канём працаваць”.
(Юра: ) “Але ён выйшаў са мной на працу. За тое, што ён на кані працуе і я тут на яміне, мне залічаць адзін дзень. І тое, нават могуць сем гадзінаў не паставіць, а толькі дзьве-тры. А што я за гэта атрымаю? Усяго 25 тысяч. І выхаду няма ніякага, бо трэба карміць трох дзяцей”.
(Карэспандэнт: ) “А ў вас ёсьць нейкі кантакт і паразуменьне з Прыбалавічамі? Яны павінны ўсьведамляць, што чалавек ня можа пражыць на 25 тысяч”.
(Юра: ) “А ім няма ніякай розьніцы. Тут бардак, і ніхто нікога не слухае. Кум мой хоча адрамантаваць воз, а запчастак няма. Ён ходзіць ды шукае іх па зямлі”.
(Карэспандэнт: ) “Ад ранейшых вазоў?”
(Юра: ) “Так, з нашага былога калгасу”.
Праблема беспрацоўя — чым не нагода завітаць у сельскі савет? Кіраўнічка вясковай вэртыкалі Валянціна Андрэйкавец адразу папярэджвае, што пра мой візыт яна абавязаная паведаміць “куды трэба, у органы”. “У міліцыю?” — перапытваю я. “Не, у райвыканкам, галоўнаму ідэолягу”, — удакладняе яна. Пакуль старшыня перапісвае мае пашпартныя зьвесткі, мы размаўляем.
(Андрэйкавец: ) “Дзякуй Богу, што ў нас ёсьць багаты лес. Людзі гэтым займаюцца. Вялікіх пытаньняў да ўлады яны ня ставяць, бо яны ведаюць, што ня можам стварыць вытворчасьці”.
(Карэспандэнт: ) “Людзі ў вас засталіся бяз працы. Сельсавет ім дапамагае адшукаць працу?”
(Андрэйкавец: ) “Тыя, хто засталіся бяз працы пасьля расфармаваньня калгасу, атрымалі адпаведныя дакумэнты і сталі на ўлік у цэнтар занятасьці. Паўгоду ім выплачваюць дапамогу, а пасьля не. У нас яны адзначаюць свае даведкі. У нас пайшлі скарачэньні ў школе і садку. Лясгас пераводзяць на гаспадарчы разьлік, і невядома, ці будзе ён існаваць. Там звольняць 18 чалавек. Яны зноў жа стануць на ўлік у цэнтар занятасьці”.
(Карэспандэнт: ) “Як вы думаеце, па часе праблема з працаўладкаваньнем вырашыцца? Альбо людзі будуць працягваць жыць выключна зь лесу?”
(Андрэйкавец: ) “Я думаю, што яна ня вырашыцца. У нас тут не плянуецца стварэньня вытворчасьці”.
Амаль 50% насельніцтва Букчы — пэнсіянэры. Яны стабільна атрымліваюць пэнсію, не залежаць ад калгаснага начальства і маюць досыць часу, каб хадзіць у ягады. Разам з тым, старыя наракаюць, што плацяць ім мала, што сілаў няма і пра іх не клапоціцца ні далёкае кіраўніцтва гаспадаркі, ні блізкі сельсавет.
Дзеда Адама і бабу Насту я сустрэў на вуліцы, непадалёк ад сельмагу. На мае пытаньне яны адказваюць дуэтам. А калі побач праяжджаюць трактары, нядобра пазіраюць на машыны і на кіроўцаў.
(Адам: ) “Ідзі да прыватніка. Тыдзень яму адпрацуй, ён табе за гэта прывязе воз гною. У нашым калгасе няма трактароў. Каб узяць воз і перавезьці бульбу, таксама трэба да прыватніка тыдзень хадзіць адпрацоўваць. Калі б у мяне быў свой конік, я што хацеў бы, тое і рабіў. Чаму б ня выдзеліць на гэтую вёску некалькі трактароў ці коней, каб мы не адпрацоўвалі ў прыватніка? Гэта добра, калі здароўе было, а цяпер я не пайду махаць рыдлёўкай”.
(Карэспандэнт: ) “І шмат ёсьць такіх людзей, якія маюць свайго коніка?”
(Адам: ) “Хапае, ёсьць людзі і з трактарамі”.
(Наста: ) “А трактароў болей, чым коней, чым у калгасах!”
(Карэспандэнт: ) “Гэта ж добра: людзі жывуць і багацеюць”.
(Наста: ) “Яны-та багацеюць, а нам горш, чым жабракам. Я ў лес не хаджу і нічога на ягадах не зарабляю. А якая калгасная пэнсія, калі я працавала за палачкі? 115 тысяч усяго. А я яшчэ парасятка трымаю — яму трэба камбікорму набыць, куркі ёсьць — трэба зерня набыць. І вось мне ўжо на хлеб не хапае. Калі калгас раскідвалі, нам трэба было патрабаваць сваё. Мы і нашы бацькі ў калгас майно здавалі. Вярніце нам нашу зямлю! Мы яе аддамо каму-небудзь і будзем з гэтага мець грошы”.
Размовы з уладальнікамі трактароў і коней у мяне не атрымалася. На мае пытаньні пахмурныя дзецюкі не адказвалі. У найлепшым выпадку яны буркалі нешта наконт таго, што бракуе часу і наагул мая прысутнасьць на іхных падворках не вітаецца.
У Букчы ўжо добрыя пяць гадоў праваслаўныя царкоўныя ўлады ня могуць дабудаваць храм: звонку зрабілі, а ўнутры не ўпрыгожылі. Так царква незавершаная і стаіць на ўскрайку вёскі. Верніца, якая адмовілася назвацца, прызнаецца: шторазу, калі праходзіць паўз даўгабуд, сэрца кроіцца.
(Карэспандэнт: ) “Ужо б людзі скінуліся грашыма ды дабудавалі б яе…”
(Спадарыня: ) “Да людзі ўжо неаднаразова давалі”.
(Карэспандэнт: ) “А куды ж грошы пайшлі?”
(Спадарыня: ) “А хто іх ведае, куды яны пайшлі!”
(Карэспандэнт: ) “Можна і чалавека на бацюшку знайсьці. А так раз на тыдзень да вас прыяжджае?”
(Спадарыня: ) “Можа, прыедзе на год два ці тры разы. Ён на Спас да нас прыяжджаў. Сказаў, што ключы ад царквы забыў, на вуліцы ўсё пасьвяціў ды паехаў”.
На ўскрайку Букчы стаіць спарахнелы абярэг, абвешаны ручнікамі. Людзі кажуць, што такія самыя крыжы трэба было б паставіць на балотах — каб яны баранілі тарфянікі ад пажараў і штогоду дапамагалі зьбіраць багаты ўраджай журавінаў.