Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочая МВЗ: "Я працую 23 гады... інтэрнату няма, кватэры няма, грошай няма"


Любоў Лунёва, Менск Першы намесьнік старшыні Менгарвыканкама Мікалай Панцялей праводзіў сход з прадстаўнікамі Менскага Мотавэлязаводу. На сход запрасілі пракурора Ленінскага раёна Аляксея Стука, які папярэдзіў рабочых аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаваных уладамі вулічных акцый. Пры гэтым прадстаўнікі ўлады не паабяцалі рабочым палепшыць іх становішча.

Рабочыя спадзяваліся, што прадстаўнікі ўлады паабяцаюць ім павялічыць заробкі, якія яны будуць атрымліваць рэгулярна, але гэтага не адбылося.

Нагадаем, 25 лістапада рабочыя перакрылі дарожны рух на Партызанскім праспэкце. Яны патрабавалі выплаціць ім заробкі. Прадстаўнікі адміністрацыі паабяцалі рабочым, што 29 лістапада завод зь імі разьлічыцца. Сапраўды, 29 лістапада рабочыя атрымалі грошы.

Гаворыць Міхаіл Паўлоўскі:

(Паўлоўскі: ) “Што мы тут атрымліваем?! Лукашэнка можа на гэта пражыць?! Цікава мне… Няма нічога ў яго? Пайшоў у кастрычніку ў адпачынак, дык толькі ўчора далі адпускныя. Жонка вось на пэнсіі, дык так жывем. Грошы пазычаем у таго, у таго, у таго…”

(Карэспандэнтка: ) “А як аддаваць?”

(Паўлоўскі: ) “Атрымаеш, дык і аддай усё. А потым і зноў на калені. Куды я магу ўладкавацца, калі ў 40 не бяруць на працу.”

Рабочыя казалі, што на сходзе выступіў пракурор Ленінскага раёна Аляксей Стук. Ён зачытаў некаторыя артыкулы крымінальнага кодэксу і паведаміў, што за правядзеньне несанкцыянаваных уладамі акцый рабочых прыцягнуць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

(Зялінскі: ) “Супраць кіраўнікоў прадпрыемства завесьці адміністрацыйныя справы, а супраць тых, хто выйшаў на праспэкт – крымінальныя. Во як! Іх да адміністрацыйнай адказнасьці, тых хто нас да гэтага давёў, а нас да крымінальнай. Гэта пракурор казаў. Ня ведаю як яго прозьвішча.”

(Рабочы: ) “Ад яго Магадан відаць. Сядзіць высока.”

(Зялінскі: ) “У пятніцу выйшла адна зборка. Там 10 чалавек яшчэ ў цэхах працавалі. Калі б усе працавалі, то ўсе б выйшлі як адзін.”

Рабочыя казалі Радыё Свабода, што ня бачаць іншага выйсьця.

(Паўлоўскі: ) “Мы разумеем, што людзі едуць на працу. Але ж вы таксама зразумейце нас. Калі мы галодныя. Галодныя! Добра, што выйшлі ў пятніцу, а то б мы 30-га заробак не атрымалі. Не, ніколі.”

(Каляга: ) “Аб тым, што адбываецца тут, нікому не вядома”.

Рабочая лякафарбовачнага цэху Тацяна Шабан дадала:

(Шабан: ) “Я працую 23-ці год на шкодным. У мяне інтэрнату няма, кватэры няма. Як будавацца?! Грошай няма… Ня ведаю, што рабіць.”

На сходзе рабочых папярэдзілі, што прыцягнуць да адказнасьці тых, хто перакрываў праспэкт 25 лістапада. Яны лічаць, што пачнуцца рэпрэсіі, каб прадухіліць хвалю вулічных акцый.

(Пятроў: ) “Арыштавалі чалавека з нашага цэху – Ладуцьку. Казаў, што заробкі кепска плацяць. А там нейкі прадстаўнік ад гэтых да яго падышоў і гаворыць: “Калі ты супраць прэзыдэнта будзеш нешта казаць, то мы табе зробім.” Ну вось і арыштавалі яго. А ў яго ж чацьвёра дзяцей. Я ня ведаю, чым гэта скончыцца.”

Рабочыя казалі, што могуць зноў выйсьці на вуліцу, патрабуючы своечасовых выплатаў заробкаў і паляпшэньня ўмоваў на заводзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG