Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане таксама абмяркоўвалася Беларусь


Тацяна Поклад, Вільня (Эфір 29 лістапада) У Лёндане парлямэнтары краінаў Эўразьвязу на адмысловай сустрэчы ў Камітэце дапамогі дзеля разьвіцьця і супрацоўніцтва абмяркоўвалі пытаньне Беларусі.

Вялікая Брытанія сёлета старшынюе ў Радзе Эўразьвязу. Сустрэча на высокім узроўні ў Камітэце дапамогі дзеля разьвіцьця і супрацоўніцтва была арганізаваная Палатай абшчынаў брытанскага парлямэнту, у ёй бралі ўдзел ўсе прадстаўнікі парлямэнтаў краінаў Эўразьвязу, а таксама прадстаўнікі Румыніі й Баўгарыі.

Абмяркоўвалася палітыка дапамогі дзеля разьвіцьця – асноўныя накірункі гэтай палітыкі, прыярытэты, а таксама ініцыятывы Брытаніі ў гэтай сфэры.

Літоўскі парлямэнтар, сябра камітэту замежных справаў Вацлаў Станкевіч ініцыяваў абмеркаваньне беларускіх праблемаў:

(Станкевіч: ) “Як прадстаўнік Літвы, суседняй зь Беларусьсю краіны я папрасіў слова і сказаў камісару Эўрапейскай камісіі, што мы разумеем яго неспакой наконт сытуацыі ў Афрыцы, Азіі і іншых краінах, але нам нельга забывацца, што ў цэнтры Эўропы ёсьць такая краіна – Беларусь, якой таксама патрабуецца дапамога дзеля разьвіцьця”.

У часе свайго выступу літоўскі парлямэнтар зьвярнуўся да камісара Эўразьвязу па пытаньнях разьвіцьця і гуманітарнай дапамогі Луіс Мішэль з запытам, ці ўлучаная Беларусь у лік атрымальнікаў дапамогі дзеля разьвіцьця і супрацоўніцтва, і адзначыў, што, разьвіцьцё Беларусі павінна быць у цэнтры ўвагі ня толькі суседніх краінаў – Літвы, Польшчы, Латвіі, але і ўсяго Эўразьвязу ў цэлым.

Камісар Эўразьвязу Луіс Мішэль адзначыла, што фінансаваньне дзеля Беларусі з боку Эўразьвязу найперш вылучаецца з увагі на сытуацыю з правамі чалавека і дэмакратыі ў краіне, і Камісія пільна прытрымліваецца правілаў ня весьці палітычнага дыялёга з рэжымам Лукашэнкі.

Камісар таксама сказала, што цалкам падтрымлівае выказанае літоўскім парлямэнтаром і дадала: “Я імкнуся, каб Эўразьвяз меў больш пашыраную палітыку дапамогі дзеля разьвіцьця ў дачыненьні Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG