Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля” заклікае чытачоў далучыцца да акцыі выратаваньня


Вячаслаў Кулік, Менск Агляд некаторых публікацыяў у недзяржаўным друку

Як вырваць з палону адзiную ў краiне штодзённую недзяржаўную газэту “Народная воля”? Пад такім загалоўкам у сёньняшнім нумары канкрэтная прапанова да чытачоў. Экспэрты газэты падрыхтавалі ўзор судовай позвы да прадпрыемства “Белпошта”. Прапануецца запоўніць яго і аднесьці ў суд па месцы жыхарства. Па гэтым пазове ня трэба плаціць дзяржаўнай пошліны. А ў адпаведнасьці зь законам аб абароне правоў спажыўцоў, кожны заяўнік асабіста вызначае памеры грашовай кампэнсацыі. Як піша “Народная воля”, разумнай мяжой можа быць лічба ў 1-2 мільёны рублёў.

У загаловак артыкулу таксама на надзённую тэму “Народная воля” вынесла словы праваабаронца Гары Паганяйлы: «1937 год у Беларусi ўжо фактычна надышоў...». Выданьне зьвяртаецца да заявы прадстаўнікоў праваабарончага руху Беларусі супраць увядзеньня палітычных артыкулаў у крымінальнае заканадаўства”.

“Народная воля” яшчэ раз нагадвае пра загадкавую сьмерць былога пазаштатнага карэспандэнта Васіля Гроднікава. Паведамляецца, што родныя нябожчыка нанялі адваката, які праводзіць ўласнае расьсьледаваньне. Гэта адбылося пасьля таго, як Менская міжраённая пракуратура прыняла рашэньне крымінальную справу ня заводзіць.

“Камсамолка” сёньня паведамляе пра так званую нацыяналізацыю кампутарных сетак у інтэрнатах Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту паводле загаду рэктара Васіля Стражава. Як піша “Камсамолка”, адміністратарамі будуць прызначаныя “правераныя людзі”. Студэнты, аднак, незадаволеныя і даводзяць, што перадусім пацерпіць свабода абмену інфармацыяй.

Пінская газэта “Мясцовы час” аналізуе канфліктную сытуацыю на буйнейшым у горадзе трыкатажным аб''яднаньні “Палесьсе”. Расказвае рэдактар незалежнага выданьня Віктар Ярашук.

(Ярашук: ) “У рэдакцыю зьвярнуліся людзі, якія паскардзіліся, што матэрыяльную дапамогу ім выдалі вырабамі прадпрыемства. Таксама стала вядома, што і частку заробку яны атрымліваюць такім жа чынам. Старшыня прафсаюзнага камітэту Алена Белавус пацьвердзіла гэты факт і паведаміла, што інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах арыштавала рахунак прадпрыемства і наяўных грошай ня хапае. Таксама яна сказала, што знос абсталяваньня складае 95,8 адсотка. А на тэхнічнае перааснашчэньне патрабуецца больш як сто мільёнаў эўра. Сытуацыя вельмі складаная і пэрспэктываў пакуль ня бачна”.

Сказаў рэдактар пінскай газэты “Мясцовы час” Віктар Ярашук. Заўтра ў аглядзе – незалежны друк Магілёўшчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG