Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна пратэстанцкая суполка пад пагрозай ліквідацыі


Любоў Лунёва, Менск Пастару пратэстанцкай царквы “Запавет Хрыста” Георгію Вязоўскаму суд Партызанскага раёну Менску вынес сёньня папярэджаньне за правядзеньне несанкцыянаванага ўладамі набажэнства.

Суд Партызанскага раёна разгледзеў адміністрацыйны пратакол, паводле якога супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі пастара царквы “Запавет Хрыста” Георгія Вязоўскага ў парушэньні артыкулу 167 (правядзеньне набажэнства без дазволу ўладаў).

Мін''юст зарэгістраваў пратэстанцкую царкву “Запавет Хрыста” у 1994 годзе. Царква налічвае каля 30 вернікаў. Набажэнствы адбываюцца ў прыватным доме, што забаронена заканадаўствам.

Пастар Георгій Вязоўскі паведаміў Радыё Свабода, што прынцыпова не шукаў якую-небудзь кантору, каб там зарэгістравацца. Ён лічыць, што царква мае свой дом, і гэтага дастаткова.

У судзе ён спасылаўся на 31 артыкул Канстытуцыі, згодна зь якім, кожны мае права вызначаць сваё стаўленьне да рэлігіі і ладзіць набажэнствы самастойна, альбо сумесна зь іншымі людзьмі. Але на суд гэта не паўплывала. Суд вынес папярэджаньне. Пасьля вынясеньня пастановы суда пастар паведаміў Радыё Свабода:

(Вязоўскі: ) “Гэта робіцца дзеля таго, каб закрыць як мага болей пратэстанцкіх цэркваў. Уладзе патрэбна адна царква, якая б была ёй паслухмяная, выконвала ўсе яе ўказаньні і рабіла ўсё, што патрэбна ўладзе”.

Сёлета беларускія суды ліквідавалі дзьве пратэстанцкія суполкі: "Беларуская Эвангельская Царква" і кальвіністы.

Пратэстанцкая царква “Новае жыцьцё” судзіцца з ўладамі за сваё існаваньне. Цяпер жа пад пагрозай ліквідацыі апынулася і пратэстанцкая царква “Запавет Хрыста”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG