Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны фэстываль "Гендэрны маршрут" адкрыўся ў Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск Фэстываль прысьвечаны ролі жанчыны ў сучасным беларускім грамадзтве, і ладзіцца шэрагам арганізацыяў ды ініцыятываў. Сярод удзельнікаў сустаршыня "Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху" Людміла Пеціна, дэпутат Віцебскага гарсавету Вольга Карач, беларускія, украінскія і расейскія навукоўцы.

"Гендэрны маршрут" – незалежная ініцыятыва, якая хоча выклікаць ў грамадзтве дыскусію пра стэрэатыпы мужчын і жанчын адносна абодвух палоў, пра месца і пэрспэктывы жанчыны ў беларускім грамадзтве. Тлумачыць адна з арганізатарак Насьця Неказакава:

(Неказакава: ) "Хочацца нейкай правакацыі праз арт, каб у людзей штосьці зьмянілася ў галіне стэрэатыпаў: жаночых і мужчынскіх".

Адзін з распаўсюджаных стэрэатыпаў прадэманстраваў Артур Клінаў сваёй інсталяцыяй "Ласыя кавалачкі ўсясьветнай мастацкай спадчыны". На патэльнях ён зьмясьціў рэпрадукцыі жаночых партрэтаў вядомых мастакоў.

Сам Артур Клінаў прызнаўся, што перад удзелам у фэстывалі асабліва не задумваўся пра гендэрныя праблемы. А вось галоўны рэдактар газэты "Навінкі" Паўлюк Канавальчык больш абазнаны ў тэме:

(Канавальчык: ) "Безумоўна, у нашым грамадзтве жанчына мае нашмат больш правоў, чым на Захадзе. Нашы жанчыны, напрыклад, атрымліваюць болей грошай за сваіх мужчын. У той час, калі на Захадзе ўсё яшчэ застаецца тэндэнцыя плаціць жанчыне меншы заробак".

Зь іншага боку, у Беларусі жанчыны выяўляюць несувымерна меншую ініцыятыву ў грамадзкім жыцьці, чым на Захадзе. Дэпутатка Віцебскага гарсавету Вольга Карач на прыкладзе выбарчых кампаніяў, у якіх брала ўдзел, аналізавала фэномэн калектыўнай сьвядомасьці зь гендэрнага гледзішча. Яна прызналася, што ейная полавая прыналежнасьць часам замінала, а часам дапамагала ў палітычным жыцьці. У кожным разе спрацоўвалі існыя стэрэатыпы:

(Карач: ) "Замінае, бо адразу стаўленьне такое – жанчына, што яна робіць у палітыцы?".

Зь іншага боку, Вольга Карач прыводзіць прыклад, калі за распаўсюд улётак ейны паплечнік быў пакараны, а яна – не. Бо паскардзілася на хамскія дзеяньні міліцыянтаў да сябе, як да жанчыны. Атрымалася, што дыскрымінаваны быў мужчына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG