Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваных будуць утрымваць у турмах і калёніях


Алег Грузьдзіловіч, Менск Нацыянальны сход Беларусі зьмяніў закон, які рэгулюе парадак ўтрыманьня грамадзянаў пад вартай. Паводле новаўвядзеньняў, у пэўных выпадках стане магчымым утрымліваць у турме ці калёніі людзей, якіх суд яшчэ не прызнаў вінаватымі. Парлямэнтары вітаюць гэтыя папраўкі, праваабаронцы зь імі катэгарычна нязгодныя.

Дэпутаты Нацыянальнага сходу зацьвердзілі ў другім чытаньні папраўкі ў закон “Аб парадку і ўмовах утрыманьня асобаў пад вартай”. Зьмены найперш тычацца падсьледных, якім прызначаюць судова-мэдыцынскую альбо судова-псыхіятрычную экспэртызу.

Дзеючы закон патрабуе ўтрымліваць гэтых людзей у адмысловых памяшканьнях. Аднак ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў кажуць: такіх месцаў паўсюдна не хапае. Прыводзяць прыклад, што ў Менскай вобласьці толькі ў пасёлку Навінкі пры Рэспубліканскім псыхіятрычным шпіталі ёсьць адпаведныя ўмовы. Падазроных на псыхічную хваробу падсьледных звозяць за сотні кілямэтраў у адно месца і ў іншых вобласьцях краіны, а гэта нязручна, эканамічна нявыгадна. Будаваць жа новыя адмысловыя памяшканьні – дорага.

Дэпутаты знайшлі выйсьце: дазволілі выкарыстоўваць для ўтрыманьня падсьледных адмысловыя памяшканьні ў турмах і калёніях. Паводле дэпутата Анатоля Белашэўскага, які старшынюе ў камісіі па нацыянальнай бясьпецы, гэта пойдзе на карысьць падсьледным.

(Белашэўскі: ) “Лепш усім, у тым ліку і падсьледным. Яны папросту будуць там знаходзіцца, каб не вазіць іх за 100-200 кілямэтраў. А ёсьць бліжэйшая калёнія, там і будуць утрымліваць. Гэта лепш і сваякам тых, хто знаходзіцца пад сьледзтвам”.

Што думаюць пра новаўвядзеньне людзі, якім давялося пабываць за кратамі?

Прадпрымальнік Аляксандр Васільеў паводле абвінавачваньня ў паклёпе на прэзыдэнта адсядзеў 2 месяцы ў гарадзенскім сьледчым ізалятары. Ён кажа, што ўспаміны пра той час цяжэйшыя, чым пра год, праведзены ў калёніі.

(Васільеў: ) “ Камэра 6 на 6 мэтраў мела 18 ложкаў, а пры мне знаходзілася і 36 чалавек, і даходзіла да 50. Норма была перавышаная ў два разы”.

Паводле Аляксандра Васільева, некаторыя вязьні ў такіх умовах знаходзіліся больш за год, за гэты час іх вазілі і на розныя экспэртызы. Аляксандр Васільеў лічыць: людзі пасьля такіх умоваў былі б рады апынуцца ў калёніі, дзе ўтрыманьне ўсё ж лепшае. “Але і ў калёніях ёсьць свае ўнутраныя турмы. Гэта каменныя мяхі, дзе умовы яшчэ горшыя. Ці не туды будуць зьмяшчаць падсьледных?”,-- задае пытаньне былы вязень.

Вядомы праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі катэгарычна супраць выкарыстаньня калёніяў для ўтрыманьня падсьледных. Зьміцер Маркушэўскі зьвяртае ўвагу на псыхалягічны момант: што мусіць адчуваць чалавек, якога кінулі ў турму без прысуду? Паводле Зьмітра Маркушэўскага, нават вынікі псыхіятрычных экспэртызаў над падсьледнымі могуць залежаць ад таго, дзе іх ўтрымліваюць. Што да аргумэнтаў прадстаўнікоў улады адносна недахопу сродкаў на пабудову адмысловых памяшканьняў, праваабаронца іх не прымае.

(Маркушэўскі: ) “Чалавек ня мусіць быць ахвярай таго, што ва ўлады няма сродкаў, каб заснаваць адпаведныя ўстановы. Калі яны ня могуць утрымліваць чалавека ў спэцыялізаванай установе, то няхай яго адпусьцяць да дому, дзе ён зможа падтрымліваць, як яны кажуць, кантакты са сваякамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG