Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 гадоў таму Лукашэнка праз рэфэрэндум зьмяніў Канстытуцыю


Ганна Соусь, Менск Дзевяць гадоў таму ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, у выніку якога была зьмененая Канстытуцыя краіны, а прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі падоўжаныя на два гады. Як ацэньваюць цяпер вынікі рэфэрэндуму непасрэдныя ўдзельнікі тых падзеяў?

Паводле афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 году, большасьць насельніцтва Беларусі прагаласавала за прапанаваныя Аляксандрам Лукашэнкам зьмены ў Канстытуцыю Беларусі. Дэпутатка Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, тагачасная намесьніца кіраўніка фракцыі камуністаў Алена Скрыган лічыць, што ў выніку гэтага рэфэрэндуму ў Беларусі адбыўся канстытуцыйны пераварот.

(Скрыган: ) “У ходзе гэтага рэфэрэндуму ўлада перайшла фактычна ў адны рукі — рукі прэзыдэнта краіны, які стаў ня толькі кіраўніком выканаўчай улады, але і кіраўніком усіх галінаў улады. Ён узяў на сябе паўнамоцтвы кіраваць і судамі, і парлямэнтам, выдаваць указы і дэкрэты, якія мацней за законы”.

У лістападзе 1996 году дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня прадпрымальнік Андрэй Клімаў праявіў сябе як актыўны прыхільнік імпічмэнту Лукашэнку. Цяпер Андрэй Клімаў адбывае пакараньне на гэтак званай “хіміі” за арганізацыю вулічнай акцыі сёлета 25 сакавіка. Ён кажа, што падзеі лістападу 1996 году кардынальна зьмянілі і ягоны лёс:

(Клімаў: ) “Рэфэрэндум 1996 году дапамог мне зрабіць выбар паміж простымі матэрыяльнымі інтарэсамі, паміж жывёльным існаваньнем ля кармушкі, якую дасьць Лукашэнка, ці стаць чалавекам, які адстойвае асноўныя дасягненьні цывілізацыі”.

Цяперашні сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік у свой час гэтаксама быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Ён лічыць вялікім дасягненьнем, што тады ўдалося разьвязаць канстытуцыйны крызіс без крыві.

(Лазавік: ) “Канстытуцыйны крызіс, які быў вырашаны правядзеньнем рэфэрэндуму, да таго часу ўжо наблізіўся да крытычнай адзнакі. Можна сказаць, што Беларусь аказалася больш разумнай і больш памяркоўнай, чым суседняя Расея, дзе такі ж канстытуцыйны крызіс быў вырашаны з дапамогай танкаў. У нас усё абышлося ўсенародным галасаваньнем”.

Былы міністар замежных справаў Беларусі Пятро Краўчанка, які ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня ўзначальваў міжнародную камісію, мяркуе, што ў падзеях дзевяцігадовай даўніны вельмі нэгатыўную ролю адыграла ня толькі Расея, але і заходнія краіны.

(Краўчанка: ) “Літаральна за некалькі дзён да рэфэрэндуму я вёў размову з Генэральным сакратаром АБСЭ спадаром Арагона, былым міністрам замежных справаў Італіі, і, па сутнасьці, ніякай пазытыўнай, станоўчай рэакцыі мы не адчулі. Мала хто ведае, што спадар Арагона 24, 25 і 26 лістапада знаходзіўся ў Менску і быў сьведкам разгону парлямэнту. Я прапаноўваў спадару Арагона зьвярнуцца да кіраўнікоў эўрапейскіх дзяржаваў, каб быў зроблены адпаведны дыпляматычны дэмарш. На вялікі жаль, гэтага зроблена не было. Такім чынам нас аддалі на закланьне і Ўсходу, і Захаду”.

На рэфэрэндум 24 лістапада 1996 году былі вынесеныя чатыры пытаньні ад Аляксандра Лукашэнкі — аб зьменах і дапаўненьнях у Канстытуцыю, пра перанос дня незалежнасьці на 3 ліпеня, пра свабодную куплю-продаж зямлі, пра адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ініцыявалі тры пытаньні — свой варыянт Канстытуцыі, прапанову выбіраць кіраўнікоў мясцовай вэртыкалі непасрэдна жыхарамі і пра тое, што ўсе галіны ўлады павінны фінансавацца адкрыта і толькі зь дзяржаўнага бюджэту. Паводле афіцыйных зьвестак, насельніцтва Беларусі адказала “так” на ўсе пытаньні прэзыдэнта. Апазыцыя і ўплывовыя міжнародныя арганізацыі не прызналі вынікаў рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 году.

РЭФЭРЭНДУМЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ 1991-2005

РЭФЭРЭНДУМ 14 ТРАЎНЯ 1995 ГОДУ

Уключана ў сьпісы 7 445 820 чалавек Прагаласавалі 4 830 582 чалавек (64,8 %)

1. Ці Вы згодныя з наданьнем расейскай мове роўнага статусу зь беларускай? За - 4 017 273 (83,3%), супраць - 613 516 (12,7%), несапр. бюлетэняў - 192 693.

2. Ці падтрымваеце Вы прапанову аб усталяваньні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? За - 3 622 851 ( 75,1%), супраць - 988 839 (20,5%), несапр. бюлетэняў - 211 792.

3. Ці падтрымваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй? За - 4 020 001 (83,3%), супраць - 602 144 (12,5%), несапр. бюлетэняў - 201 337.

пытаннье для прыняцьця кансультацыйнага рашэньня:

4. Ці Вы згодныя зь неабходнасьцю ўнясеньня зьменаў у дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага або грубага парушэньня Канстытуцыі? За - 3 749 266 (77,7%), супраць - 857 485 (17,8%), несапр. бюлетэняў - 216 731.

РЭФЭРЭНДУМ 24 ЛІСТАПАДА 1996 ГОДУ

Уключана ў сьпісы 7 346 397 чалавек Прагаласавалі 6 181 463 чалавек (84,14 %)

Пытаньні, ініцыяваныя прэзыдэнтам:

1. Перанесьці Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) на 3 ліпеня – дзень вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. За - 5 450 830 (88,18%), супраць - 646 708 (10,46%), несапр. бюлетэняў - 83 925.

2. Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 году са зьменамі і дапаўненьнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. За - 5 175 664 (70,45%), супраць - 689 642 (9,39%), несапр. бюлетэняў - 316 157.

3. Ці выступаеце Вы за свабодную, без абмежаваньняў, куплю і продаж зямлі? За - 948 756 (15,35%), супраць - 5 123 386 (82,88%), несапр. бюлетэняў - 109 321.

4. Ці падтрымваеце Вы адмену сьмяротнага пакараньня ў Рэспубліцы Беларусь? За - 1 108 226 (17,93%), супраць - 4 972 535 (80,44%), несапр. бюлетэняў - 100 702.

Пытаньні, ініцыяваныя дэпутатамі Вярхоўнага Савету:

1. Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 году са зьменамі і дапаўненьнямі, прапанаванымі дэпутатамі фракцыяў камуністаў і аграрыяў. За - 582 437 (7,93%), супраць - 5 230 763 (71,2%), несапр. бюлетэняў - 368 263.

2. Ці выступаеце Вы за тое, каб кіраўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады абіраліся непасрэдна жыхарамі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі? За - 1 739 178 (28,14%), супраць - 4 421 866 (69,92%), несапр. бюлетэняў - 120 419.

3. Ці згодныя Вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады павінна ажыцьцяўляцца яўна і толькі зь дзяржаўнага бюджэту? За - 1 989 252 (32,18%), супраць - 4 070 261 (65,85%), несапр. бюлетэняў - 121 950.

****************** РЭФЭРЭНДУМ 17 КАСТРЫЧНІКА 2004 ГОДУ

Уключана ў сьпісы 6 986 163 чалавек Прагаласавалі 6 307 395 чалавек (90,28%)

Ці дазваляеце Вы першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А.Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзыдэнта і ці прымаеце Вы частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: “Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні”? За - 5 548 477 (79,42%), супраць - 691 917 (9,90%), несапр. бюлетэняў - 67 001.

Заўвага: У пытаньнях прыняцьця Канстытуцыі рэспублікі Беларусь вынікі галасаваньня падаюцца зыходзячы з колькасьці грамадзянаў, унесеных у сьпісы для галасаваньня, а ў іншых пытаньнях – зыходзячы з колькасьці грамадзянаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG