Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці закуплялася ў Беларусі абсталяваньне для цэнзуры ў інтэрнэце?


Алег Грузьдзіловіч, Менск. Паводле дадзеных замежных мэдыяў, Беларусь закупіла альбо плянуе закупіць ў Кітаі адмысловыя сыстэмы , якія дазволяць увесьці цэнзуру у інтэрнэце. Нібыта гэта ёсьць часткай падрыхтоўкі беларускіх уладаў да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года. Ці магчыма кантраляваць інтэрнэт і ці сапраўды Беларусь робіць пэўныя крокі ў гэтым кірунку?

Пра нібыта закупленыя Беларусьсю ў Кітаі “глушылкі” інтэрнэта паведаміла аўтарытэтная польская “ Газэта выборча”. Праўда, газэта дапускае, што такая пакупка яшчэ не адбылася, а толькі плянуецца. А вось што адмысловыя сыстэмы цэнзураваньня інфармацыі ў Сеціве існуюць, ў гэтым “Газэта выборча” не сумняваецца. Яна спасылаецца на аўтараў дасьледваньня OpenNet Initiative. Паводле дасьледчыкаў, калі кітаец цікавіцца ў інтэрнэце зьвесткамі пра некамуністычны Тайвань альбо пра паўстанца Далай-Ламу, яго чакае хуткая страта сувязі з інтэрнэт-рэсурсамі. Гэтаксама загадкава ў сеціве зьнікаюць інтэрнэт рэсурсы, якія распавядаюць пра арганізацыі, апазыцыйныя кітайскай кампартыі. “У Кітаі дзейнічае самая эфэктыўная сыстэма адсочваньня і цэнзуры інфармацыі ў інтэрнэце”, -- абвесьцілі на ўвесь сьвет дасьледчыкі з OpenNet Initiative. Ці сапраўды ў беларускім інтэрнэце таксама можа з’явіцца палітычныя цэнзура?

Генэральны дырэктар папулярнага беларускага рэсурсу tut.by Кірыл Валошын не выключае, што пэўныя абмежаваньні на кітайскі ўзор могуць быць зробленыя. Прыкладам, спадар Валошын дапускае блякаваньне пэўных сайтаў, якія кімсьці вызначаныя як не адпаведныя законам. “У Кітаі гэта могуць быць сайты парнаграфічнага зьместу, альбо тыя, якія зьневажаюць кіраўнікоў краіны”. Але што да ізаляваньня ад сеціва пэўнага карыстальніка на падставе таго, што ён цікавіцца пэўнай палітычнай інфармацыяй, у дзейнасьць такой сыстэмы ў Беларусі Кірыл Валошын сумняваецца.

(Валошын: )” Хаця Белтэлекам забясьпечвае асноўны выхад у інтэрнэт, але выдадзена каля 30 ліцэнзій правайдэрам, таму ў гэтым разе трэба, каб ва ўсіх стаяла аднолькавае праграмнае забесьпячэньне, што малаверагодна. Таму мая выснова, што немагчыма заблякаваць пэўнага карыстальніка, тым больш за прагляд інфармацыі. Сумняваюся.”

Ці закуплялася ў Беларусі нейкае абсталяваньне для цэнзуры ў інтэрнэце? У міністэрстве сувязі Беларусі мне заявілі, што ўвогуле не займаюцца закупкай абсталяваньня і праграмнага забясьпячэньня для інтэрнэта і накіравалі ў дзяржаўную арганізацыю Белтэлекам, якая кантралюе тэлефонную сувязь. Прэсавы сакратар Белтэлекаму Вольга Кузьміцкая згадала, што ўсё абсталяваньне закупляецца паводле вынікаў тэндэраў, зьвесткі пра якія адкрытыя. Кітай тэндэраў не выігрываў і таму ніякага абсталяваньня там не закуплялася.

(Кузьміцкая: ) “Пакуль нічога яны ў нас не выйгравалі, не лічачы абсталяваньня для фірмы мабільнай сувязі “Бест”сумесна з “Алькатэль”. Але гэта не наш праект”.

Імклівае збліжэньне Кітая і Беларусі ў палітычнай сфэры адзначае былы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саньнікаў. Спадар Саньнікаў нагадаў пра нядаўні візыт ў Кітай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктара Шэймана, якога лічаць адным з самых набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі беларускіх чыноўнікаў. Андрэй Саньнікаў не выключае, што беларускае кіраўніцтва ня толькі прыглядаецца да кітайскага досьведу, але і спрабуе яго скапіяваць. Стужка 3.

( Саньнікаў: ) “ У Беларусі ёсьць спробы пабудаваць тое, чым быў Кітай 20 гадоў таму – моцную таталітарную краіну. Таму гэтае шчыльнае супрацоўніцтва тычыцца і такой галіны, як інтэрнэт”, -- адзначае Андрэй Саньнікаў. Пры гэтым ён нагадвае, што пакуль інтэрнэт ў Беларусі застаецца вольнай тэрыторыяй, прычым вольнай і для прадстаўнікоў існуючага рэжыму. “Хай яны вядуць з намі дыскусію на гэтай тэрыторыі, а не звужаюць яе”, -- заклікае адзін з лідэраў дэмакратычнага блёку Андрэй Саньнікаў. Варта нагадаць, што ў беларускім парлямэнце ўжо некалькі гадоў знаходзіцца праект новага закону аб сродках масавай інфармацыі, да якіх далучаны і інтэрнэт. Шмат хто ў Беларусі лічыць, што калі гэты праект будзе прыняты, то інтэрнэт пападзе пад сапраўдны адміністрацыйны кантроль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG