Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя СМІ ігнаруюць заявы амбасады ЗША


Ігар Карней, Менск Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску чарговы раз вымушаная абвяргаць інфармацыю Беларускага тэлебачаньня. У афіцыйнай заяве дыпмісіі гаворыцца: цьверджаньні тэлеаналітыкаў наконт таго, што амэрыканскія войскі ўжывалі ў Іраку хімічныя сродкі супраць мірнага насельніцтва, не адпавядаюць рэальнасьці. Паводле прадстаўнікоў дыпляматычнай місіі, ЗША зьнішчылі апошнія запасы напалму ў 2001 годзе. Гэта ня першая рэакцыя амэрыканскай дыпмісіі на сюжэты дзяржаўных каналаў. Аднак, як кажуць у амбасадзе, ні на адну заяву яны не атрымалі адказу, не гаворачы ўжо пра прабачэньні за дэзынфармацыю.

Падставай да чарговай заявы амэрыканскай дыпмісіі стаў сюжэт праграмы “Ў цэнтры ўвагі”. У ім сьцьвярджалася, што амэрыканскія войскі, якія ўдзельнічаюць у апэрацыях у Іраку, ужываюць напалм і белы фосфар у якасьці хімічнай зброі. “Белы фосфар не адносіцца да хімічнай зброі і не забаронены, — гаворыцца ў тлумачэньні. — Амэрыканскія войскі выкарыстаўваюць гэтую зброю, перадусім, у якасьці дымавой заслоны і дзеля маркіроўкі мішэняў”. Што да напалму, то апошнія яго запасы ЗША зьнішчылі яшчэ чатыры гады таму. Амбасада падкрэсьлівае: кааліцыйныя сілы ў Іраку не ўжывалі сілы супраць мірнага насельніцтва, а войскі занятыя выключна ў апэрацыях супраць тэрарыстаў, паўстанцаў і атачэньня былога дыктатара Садама Хусэйна.

Як апавёў прадстаўнік амбасады ЗША ў Беларусі Аляксей Саламаха, ён ня можа згадаць, каб хоць калі-небудзь афіцыйныя СМІ прынесьлі прабачэньні за тэндэнцыйна пададзеную інфармацыю.

(Саламаха: ) “Магчыма, адказы могуць трапляць ня толькі да нас, паколькі ня толькі мы можам зьвяртацца з падобнымі прэтэнзіямі. І ня толькі да нас могуць ісьці гэтыя адказы зь дзяржаўных установаў, калі яны ўвогуле ёсьць. Але гэта трэба высьветліць”.

Працэс высьвятленьня нічога ня даў: ніводзін з аддзелаў амбасады ЗША не атрымліваў лістоў з Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. На сайце Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі ёсьць разьдзел “Нам пішуць”. Аднак сярод лістоў ад удзячных гледачоў за майстэрскі зробленыя сюжэты няма ніводнага звароту з патрабаваньнем спыніць кампанію дэзынфармацыі. Сытуацыю тлумачыць прадстаўніца тэлебачаньня Сьвятлана Краскоўская:

(Краскоўская: ) “Лісты такога кшталту прыходзяць досыць рэдка. Яны калі з чымсьці ня згодныя, абмяжоўваюцца ці абвяржэньнямі на сваім сайце, ці адсылаюць гэта ў нейкія СМІ. Але калі падобны зварот прыходзіць да нас па звычайнай пошце, нават як ад прыватнай асобы, і калі ён патрабуе адказу, такія адказы заўсёды даюцца”.

У амбасадзе ЗША ў Беларусі канстатуюць: нягледзячы на кампанію дэзынфармацыі, Злучаныя Штаты будуць і надалей спрыяць разьвіцьцю ў Беларусі грамадзянскай супольнасьці, росту незалежных сродкаў масавай інфармацыі, узмацненьню сацыяльнага сэктару, а таксама падвышэнню павагі да вяршэнства закону і правоў чалавека.

У папярэднія месяцы амбасада ЗША ў Менску таксама была вымушаная адказваць на дэзынфармацыю дзяржаўнага тэлебачаньня. Так, у сярэдзіне кастрычніка БТ паказала, як гаворыцца ў заяве, “зманлівы, цынічны і недакладны рэпартаж” аб падтрымцы шпіталю ў Тураве камандаваньнем Узброеных сілаў ЗША ў Эўропе. У цырымоніі адкрыцьця рэабілітацыйнага цэнтру браў удзел амбасадар Джордж Крол, што дало падставы супрацоўнікам БТ казаць не пра значнасьць гуманітарнага праекту, а… пра ўмяшаньне Амэрыкі ва ўнутраныя справы Беларусі. За месяц да гэтага амбасада адрэагавала на публікацыю ў газэце “Обозреватель”, падхопленую і растыражаваную дзяржаўнымі тэлеканаламі. Амбасада заявіла, што заклапочаная беспадстаўнымі і хлусьлівымі заявамі аб незаконных дзеяньнях супрацоўнікаў амбасады ЗША, якія нібыта мелі месца ў 2000—2001 гады (гаворка пра “шчыраваньні” ананімнай дзяўчыны, якая на падставе знаёмства з ахоўнікам амбасады расказвала, што супрацоўнікі дыпмісіі нібыта возяць зь Літвы апазыцыйную літаратуру).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG