Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Welt am Sonntag”: схільным да авантурнага адпачынку варта наведаць Беларусь


Алена Струвэ, Менск “Украіна як маяк для Беларусі”, “Паміж Ленінам і Мак Дональдсамі”, “У Вене сёньня ўзнагароджваюць беларускую арганізацыю “Маці супраць наркотыкаў” – некаторыя загалоўкі замежнага друку.

“Напярэдадні першай гадавіны “аранжавай рэвалюцыі” украінскі міністар замежных справаў Барыс Тарасюк у інтэрвію нямецкай газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung назваў сваю краіну “маяком для колішніх савецкіх рэспублік”.

На пытаньне нямецкага журналіста, ці магчымы экспарт ”аранжавай рэвалюцыі” ў суседнюю Беларусь, Барыс Тарасюк адказаў: “Рэвалюцыю нельга экспартаваць. Іншая справа, што перамога ўкраінскага народу можа натхніць суседнія народы. Фантазія людзей абуджаная, яны бачаць, якія зьмены могуць быць...” Паводле кіраўніка ўкраінскага замежнапалітычнага ведамства, сёньня галоўная роля Ўкраіны як вядучай на прасторы паміж Чорным і Балтыйкім морам” – “палягае ў пасярэдніцтве” . “У гэтым сэнсе важнае значэньне мае аўтарытэт украінскага прэзыдэнта Юшчанкі, ягоная камунікабэльнасьць...”

Барыс Тарасюк прывёў прыклад украінскага пасярэдніцтва ў польска-беларускім канфлікце. “Праблемы ў выніку, праўда, ня зьніклі, але напружанасьць спала”, зазначыў у інтэрвію Frankfurter Allgemeine Zeitung міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк.

“Паміж Ленінам і МакДональдсамі” - так назваў сваё падарожжа ў Менск журналіст нямецкай Welt am Sonntag. Паводле аўтара публікацыі, калі ягоныя чытачы схільныя да авантурнага адпачынку, ім варта наведаць Беларусь. Гэтая краіна вядомая тым, што пасьля развалу СССР абвясьціла сваю незалежнасьць, аднак пры гэтым удала захоўвае СССР на сваёй тэрыторыі. “Рынкавая эканоміка тут усё яшчэ бруднае слова, кіруе краінай апошні эўрапейскі дыктатар”, піша журналіст Welt am Sonntag і запрашае зрабіць падарожжа ў рэальнае гістарчынае мінулае.

Аўстрыйская Die Presse запрашае цікаўных наведаць сёньня будынак Бундэсканцылярыі ў Вене, дзе адбудуцца ўрачыстыя шанаваньні ляўрэатаў прэміі UN Vienna Civil Society Award . Сярод сёлетніх узнагароджаных - беларуская ініцыятыва “Маці супраць наркотыкаў“. Міжнародная прэмія ўручаецца ад 1999 году тым арганізацыям і асобам, якія найбольш праявілі сябе ў барацьбе з наркотыкамі, карупцыяй, гандлем людзьмі і тэрарызмам. Беларуская ініцыятыва, паводле Die Presse, адзначаная за працу з нарказалежнымі і ВІЧ-інфікаванымі.

У айчынных мэдыях пра беларускага ляўрэата напісана няшмат. Паводле інфармацыі, якая зьмешачаная на Інтэрнэт-сайце “Маці супраць наркотыкаў”, арганізацыя створаная ў 2000 годзе паводле ініцыятывы Беларускага адзяленьня Міжнароднай асацыяцыі па барацьбе з наркаманіяй. Некалькі год таму бэрлінская Die Tageszeitung расказала пра такую вулічную акцыю арганізацыі як бясплятнае распаўсюджваньне прэзэрватываў сярод беларускіх прастытутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG