Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстанцкая царква “Новае жыцьцё” атрымала перадых


Любоў Лунёва, Менск Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі Менску выдала прадстаўнікам пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” тэхнічны пашпарт на будынак, у якім праводзяцца набажэнствы. Паводле новага пашпарту, будынак лічыцца культавым. Такім чынам, цяпер вернікі маюць законнае права ім валодаць. Але Менгарвыканкам будзе аспрэчваць рашэньне БРТІ.

Вернікі пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” лічаць, што новы тэхнічны пашпарт дае ім толькі часовы перапынак, бо Менгарвыканкам не адмовіўся ад свайго намеру пазбавіць вернікаў будынку.

Нагадаем: царква набыла спрэчны будынак (былы калгасны кароўнік на ўскрайку Менску) у 2001 годзе. Вернікі самі яго адрамантавалі. Там знаходзіцца і нядзельная школа. У жніўні Менгарвыканкам пазбавіў вернікаў зямельнага надзелу і пачаў працэдуру пераводу будынку з прыватнай у дзяржаўную маёмасьць. Чыноўнікі матывавалі гэта тым, што будынак выкарыстоўваецца не па прызначэньні, але і кароваў трымаць у межах гораду таксама забаронена заканадаўствам.

З 2 верасьня ў будынку штодня ідуць набажэнствы. Апроч таго, там дзяжураць прадстаўнікі канфэсіі, каб абараніць яго ад судовых выканаўцаў. Адміністратара царквы Васіля Юрэвіча тройчы судзілі за арганізацыю набажэнстваў, на якія не было дазволу ўладаў. Паводле прысудаў спадар Юрэвіч, бацька чатырох дзяцей, вінен дзяржаве каля 6000 даляраў.

Васіль Юрэвіч упэўнены, што Менгарвыканкам намагаецца пазбавіць вернікаў будынку з адзінай мэтай — каб пачаць працэдуру ліквідацыі пратэстанцкай суполкі.

(Юрэвіч: ) “Тое, што нам БРТІ выдала новы тэхнічны пашпарт, сьведчыць аб тым, што ёсьць яшчэ ў нашым грамадзтве людзі, якія разумеюць, што мы не зьяўляемся парушальнікамі закону. Мы абсалютна ўпэўнены, што Менгарвыканкам будзе аспрэчваць гэты пашпарт, каб усё скасаваць і адабраць у нас будынак. Яшчэ раз падкрэсьліваю, што ёсьць сярод чыноўнікаў людзі, якія маюць здаровы сэнс і сумленьне. Мы ведаем, што, калі ўлады забяруць у нас будынак, то наступным крокам прыступяць да ліквідацыі нашай царквы”.

Сьвятары пратэстанцкіх суполак даслалі ліст у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і ў Менгарвыканкам у абарону вернікаў царквы “Новае жыцьцё”. Яны прасілі чыноўнікаў даць магчымасьць вернікам пабудаваць іншы будынак, калі нельга пакінуць ім стары. Але ўлады не прыслухаліся да просьбаў вернікаў. Сёлета ўлады ўжо ліквідавалі дзьве пратэстанцкія суполкі — “Беларускую царкву хрысьціянаў-эвангелістаў”, пастарам якой зьяўляецца Эрнст Сабіла, і суполку кальвіністаў, дзе пастарам Леанід Ліпень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG