Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд прызнаў – Т.Гавіна пасадзілі беспадстаўна


Сяргей Астраўцоў, Горадня Вярхоўны суд адмяніў пастанову Кастрычніцкага раённага суду Горадні ад 12 жніўня адносна экс-старшыні Саюзу палякаў Тадэвуша Гавіна. Судзьдзя Зінаіда Барцэвіч прызнала яго тады вінным у дробным хуліганстве і пакарала 15-дзённым арыштам.

Вярхоўны суд, скасаваўшы прысуд Тадэвушу Гавіну ад 12 жніўня, пастанавіў: вытворчасьць па справе спыніць з-за адсутнасьці складу адміністрацыйнага злачынства. Разглядаў справу старшыня Вярхоўнага суду спадар Сукала.

Агулам Тадэвуш Гавін праседзеў за кратамі цэлы месяц.

Спачатку, 2 жніўня, яго пасадзілі на 15 сутак за ўдзел у "несанкцыянаваным сходзе" каля сядзібы Саюзу палякаў. А 11 жніўня ахоўнік вырашыў, што ён “нецэнзурна лаяўся” на іншага арыштаванага, зь якім сядзеў у камэры. На наступны дзень Тадэвуша Гавіна даставілі ў суд і прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.

Фактычна, яго ізалявалі на час, пакуль з дапамогай уладаў ня быў падрыхтаваны і праведзены паўторна 6-ы зьезд Саюзу палякаў, падкантрольны ўладам. Тадэвуш Гавін змог выйсьці на волю толькі 1 верасьня.

(Гавін:) “Я ад самага пачатку ведаў, што гэтая справа шытая белымі ніткамі, што яна ня мае пад сабой ніякай прававой асновы., што гэта правакацыя і палітычная замова, які выконвала судзьдзя Барцэвіч. Я цяпер з маімі адвакатамі вырашаю што рабіць далей: ці падаваць у сувязі з гэтым у суд на судзьдзю, ці падаваць на тых, хто зарганізпаваў гэтую правакацыю, у зьвязку з чым я вымушаны быў яшчэ дадаткова 15 дзён правесьці пад арыштам”.

У пастанове Вярхоўнага суду гаворыцца, што судзьдзя Барцэвіч “слушна высьветліла фактычныя абставіны справы”, аднак зрабіла “памылковую выснову”. Далей зазначана, што дзеяньні спадара Гавіна “не былі прадыктаваныя хуліганскімі памкненьнямі, а таксама не парушалі грамадзкі парадак”. Таму ён парушыў толькі “правілы утрыманьня адміністрацыйна арыштаваных” — “у ізаляваным памяшканьні — камэры спэцпрыёмніка”, гаворыцца ў пастанове Вярхоўнага суду.

Паводле самога Тадэвуша Гавіна, да яго ў камэру пасадзілі чалавека, які пачаў да яго чапляцца, узьняўся шум, ахоўнік адамкнуў дзьверы і вырашыў, што экс-старшыня Саюзу палякаў схапіўся за грудкі з часовым суседам.

Ціск на актывістаў Саюзу палякаў, які не прызнаюць улады, па-ранейшаму працягваецца. Сёньня на допыт па розных крымінальных справах выклікалі пяць чалавек, у тым ліку саму старшыню СПБ Анжаліку Борыс. У яе сьледчы цікавіўся гуманітарнай дапамогай, якую некалі атрымліваў Саюзу палякаў. Паплечнікі Борыс сьцьвярджаюць, што падчас яе кіраўніцтва арганізацыяй — з сёлетняга сакавіка СПБ не атрымліваў такой дапамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG