Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча на “хіміі” наведаў амбасадар Швэцыі


Любоў Лунёва, Менск Мікола Статкевіч адбывае пакараньне на “хіміі” у Баранавічах за арганізацыю вулічных дэманстрацый супраць фальсыфікацыі вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Кіраўнік швэдзкай дыпмісіі ў Беларусі Стэфан Эрыксан запэўніў Міколу Статкевіча, што швэдзкія сацыял-дэмакраты і надалей будуць супрацоўнічаць з партыяй, лідэрам якой зьяўляецца спадар Статкевіч.

Кіраўнік дыпмісіі Швэцыі Стэфан Эрыксан сустракаўся зь Міколам Статкевічам у абедзенны перапынак.

Мікола Статкевіч тры месяцы правёў у Баранавіцкай спэцкамэндатуры. Нягледзячы на тое, што апазыцыйны палітык ня мае заўвагаў з боку адміністрацыі, яму не дазволілі наведаць сям’ю ў Менску.

Мікола Статкевіч паведаміў Радыё Свабода, што адчувае моцную маральную падтрымку штораз, калі яго наведваюць паплечнікі, журналісты і прадстаўнікі амбасадаў.

(Статкевіч:) “У маёй сытуацыі, безумоўна, вельмі важныя праявы салідарнасьці, у тым ліку, міжнародныя. Дарэчы, візыты міжнародныя вельмі нэрвуюць мясцовыя сілавыя структуры, але, зь іншага боку, памяншаюць верагоднасьць усялякіх правакацый супраць мяне. Найбольшую актыўнасьць выказваюць прадстаўнікі Швэцыі і Нямеччыны. Мне перадалі прывітаньне ад швэдзкіх партнэраў сацыял-дэмакратаў. Мяне запэўнілі, што ніякіх зьменаў у статусе нашай партыі як кансультацыйнага сябра сацыялістычнага Інтэрнацыяналу не адбудзецца”.

Амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан падорыў Міколу Статкевічу кнігі. Апазыцыйны палітык кажа, што чытаньне ёсьць адзінай уцехай пасьля працоўнага дня.

(Статкевіч:) “Увогуле, кніга для мяне найлепшы падарунак. Я вельмі люблю чытаць, тым больш, што ўвечары адразу пасьля працы я мушу ісьці ў камэндатуру. Мае суседзі прыходзяць значна пазьней. Так што ў мяне ёсьць дзьве гадзіны, калі я магу спакойна пачытаць.”

Мікола Статкевіч упэўнены, што першы пэрыяд абмежаваньня волі завяршыўся.

(Статкевіч:) “У мяне такое адчуваньне, што скончыўся першы пэрыяд майго знаходжаньня. Людзі дасьведчаныя папярэдзілі мяне, што ва ўсёй гэтай эпапэі можна адзначыць тры пэрыяды. Першы – гэта спроба ломкі, падкопаў, узяць пад кантроль, зламаць… Ён будзе доўжыцца некалькі месяцаў. Калі ён будзе беспасьпяховы, то далей будзе другі пэрыяд, адносна спакойны. Недзе ўвесну пачнецца трэці пэрыяд перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Тады папросту будуць думаць, якім чынам мяне нэўтралізаваць пад час выбараў.”

Днямі Міколу Статкевіча наведвалі прадстаўнікі швэдзкага парлямэнту разам з журналістамі. Раней да яго прыяжджаў амбасадар Нямеччыны Марцін Хэкер.

Мікола Статкевіч не спадзяецца, што яго адпусьцяць у Менск. Ён упэўнены, што яшчэ доўгі час будзе пазбаўлены магчымасьці прыняць гасьцей у сябе дома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG