Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Т.Г.Эш: "Беларусь гэта, сапраўды, апошняя дыктатура ў Эўропе"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў другой палове дня ў Каралеўскім палацы ў Варшаве пачалося першае паседжаньне створанага сёлета Форуму Рады Эўропы ў справе будучыні дэмакратыі, у якім бяруць удзел шэраг выбітных палітыкаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадзкай супольнасьці з усёй Эўропы, у тым ліку зь Беларусі. Беларускае пытаньне ўздымалася і ў часе працы форуму.

Ужо ў часе прывітальнага звароту ад імя гаспадароў сустрэчы – польскага ўраду, новы міністар замежных справаў Польшчы Стэфан Мэлер зьвярнуў асаблівую ўвагу ўдзельнікаў форуму на прысутнасьць у залі прадстаўніцы Беларусі – намесьніцы старшыні АГП Людмілы Гразновай.

(Мэлер: ) “Вітаем спадарыню Людмілу Гразнову – прадстаўніцу грамадзянскай супольнасьці зь Беларусі, адзінай краіны ў Эўропе, якая не ўваходзіць у склад Рады Эўропы. Няхай яе прысутнасьць будзе знакам надзеі на тое, што беларускі народ пераадолее ўсе цяжкасьці, і Беларусь стане сябрам Рады Эўропы” – заявіў кіраўнік польскага МЗС.

Фармат Форуму Рады Эўропы не прадугледжвае прыняцьця нейкіх канкрэтных рашэньняў ці рэзалюцыяў. Тут маюць значэньне перадусім неафіцыйныя сустрэчы і абмен думкамі, але сама Людміла Гразнова лічыць, што прысутнасьць на форуме кіраўніцтва Рады Эўропы, кіраўніцтва ПАРЭ, а таксама вядучых польскіх палітыкаў дапаможа ім лепш зразумець тое, што адбываецца ў Беларусі.

(Гразнова: ) “Я бачу ўжо шмат гадоў, што Эўропа вагаецца – яна можа зрабіць адзін крок наперад, а потым два назад. Трэба пасьлядоўна, усім разам, супольна весьці адну палітыку ў справе Беларусі і толькі тады можа быць вынік”.

Пра неабходнасьць салідарнай дапамогі з боку эўрапейскіх структураў беларускім дэмакратычным сілам, якія, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, змаглі аб’яднацца і вылучыць адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта, спадарыня Гразнова казала і ў часе сваёй прамовы перад удзельнікамі форуму.

Адзін з выступоўцаў, прафэсар Оксфардзкага ўнівэрсытэту Тымаці Гартан Эш заявіў, што Эўрапейскія краіны перадусім павінны ўсьвядоміць, што ў Беларусі сапраўды пануе дыктатура.

(Эш: ) “Беларусь гэта, сапраўды, апошняя дыктатура ў Эўропе. Давайце ня будзем сябе падманваць. Няма чаго саромецца дапамагаць Беларусі, падтрымліваць дэмакратычныя сілы”.

У форуме браў удзел і былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса – ён даў кароткае інтэрвію нашаму радыё, у якім сказаў, што беларускія дэмакратычныя сілы павінны зьвярнуць асаблівую ўвагу на добрую падрыхтоўку да кіраваньня краінай.

(Валэнса: ) “Вы павінны быць лепш падрыхтаваныя да ўсіх нечаканых сытуацыяў, якія могуць здарыцца. Трэба змагацца за свабоду, але адначасова ведаць, што рабіць, калі, напрыклад, Расея абурыцца і перакрые вам газ. Добра падрыхтуйцеся перад тым, як ісьці да свабоды”.

Заявіў беларускай "Свабодзе" Лех Валэнса.

Заўтра паседжаньне Форуму Рады Эўропы працягнецца, і таксама заўтра вы пачуеце на нашых цалкам інтэрвію зь Лехам Валэнсам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG