Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Варшавы таксама адзначалі Дзяды


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня Дзяды адзначалі беларусы Варшавы. Яны наведалі праваслаўныя Вольскія могілкі польскай сталіцы, а таксама месца, дзе ўсталяваная мэмарыяльная шыльда памяці генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

На праваслаўных Вольскіх могілках у Варшаве, беларусы, што жывуць у польскай сталіцы наведалі магілу выбітнага беларускага дзеяча і навукоўца спадара Янкі Жамойціна, які памёр два гады таму. На магіле прыстуныя запалілі тры сьвечкі – белую, чырвоную і белую.

Потым каля дзясятку беларусаў паехалі ў іншы бок гораду – туды, дзе ў раёне Саска Кэмпа, на будынку духоўнай сэмінарыі што на вуліцы Францускай, усталяваная мэмарыяльная дошка ў гонар Станіслава Булак-Балаховіча. Там таксама былі запаленыя сьвечкі, а да дошкі прымацаваная бела-чырвона-белая стужка.

Гаворыць Віталь Воранаў са Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі.

(Воранаў: ) “Мы выбралі магілы гэтых вядомых людзей, бо для нас яны – сымбаль пэўнай маральнай чысьціні. Яны ў цяжкіх варунках былі настолькі адважныя, каб змагацца за тую лепшую Беларусь”.

Важным свой удзел у такіх мерапрыемствах лічаць і некаторыя беларускія студэнты, што вучацца ў Варшаве.

(Студэнтка: ) “Я лічу, што гэта важна для кожнага беларуса, які знаходзіцца за мяжой – адчуваць сувязь з роднай краінай”.

Паводле прысутных беларусаў, у Варшаве дагэтуль не дасьледаваная гісторыя пахаваньняў беларускіх дзеячоў, таму на сёньняшні дзень невядома, дзе знаходзяцца іхныя магілы. На Вольскіх могілках леташнія пошукі беларускіх студэнтаў не прынесьлі значных вынікаў.

Гл. таксама • Дзяды: шэсьце і мітынг у Курапатах
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG