Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л. Гразнова: штогод сотні актывістаў апынаюцца за кратамі


Вячаслаў Кулік, Менск 30 кастрычніка – Міжнародны Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

У Менску адбылося васямнаццатае шэсьце ў Курапаты. Гэтым разам сярод удзельнікаў акцыі ня было аднаго зь галоўных вулічных “мітынгоўцаў” Міколы Статкевіча. Апазыцыйны палітык адбывае пакараньне на так званай “хіміі” за арганізацыю дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму ў 2004 годзе.

(Статкевіч: ) “Я вельмі шкадую, гэта сапраўды дзень памяці продкаў і гэта вельмі важна. Але, і гэта робіцца мабыць галоўным у нашай сёньняшняй сытуацыі, - акрамя ўсяго, гэта знак павагі да тых людзей, якія 30 кастрычніка 1988 году прыйшлі на Маскоўскія могілкі, і пачалася па сутнасьці новая эра ў жыцьці нашага народу. Шлях гэты вельмі няпросты для нас. Але тым больш трэба памятаць і прытрымлівацца гэтай традыцыі”.

Мікола Статкевіч прызнаны праваабарончай “Міжнароднай амністыяй” вязьнем сумленьня. У гэтым сьпісе таксама дэпутат Андрэй Клімаў.

(Клімаў: ) “Увесь пратэстны электарат зьяўляецца вязьнем сумленьня ў нашай краіне”.

(Карэспандэнт: ) “А Вы апынуліся ў турме за палітыку?”

(Клімаў: ) “Я, напэўна, сяджу з-за сваіх прынцыпаў. Таму што пад клясычнае вызначэньне палітыкі супрацьстаяньне, у якім знаходжуся я і мае паплечнікі, ня падыходзіць. Мы, хутчэй, вядзем партызанскую вайну з дыктатарскім рэжымам, які супраць нас выкарыстоўвае незаконныя мэтады, нецывілізаваныя”.

Андрэй Клімаў асуджаны на паўтара году і адбывае тэрмін на “хіміі” ў райцэнтры Крупкі. Пра свае пакараньні гаворыць лідэр незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя''97" Зьміцер Бандарэнка.

(Бандарэнка: ) “У мяне сем арыштаў, паводле якіх адбываў “суткі” і яшчэ чатыры разы атрымліваў штрафы і папярэджаньні”.

Паводле праваабаронцы Зьміцера Бандарэнкі, маніторынг правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе зафіксаваў наступныя лічбы.

(Бандарэнка: ) “Больш за чатыры тысячы выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсіяў. Гэта і арышты і зьбіцьцё, і выключэньне зь унівэрсытэту, звальненьні з працы. Напрыклад, улада вельмі нэрвова рэагуе на распаўсюджваньне незалежнай альтэрнатыўнай інфармацыі. Больш як 600 выпадкаў затрыманьняў людзей. Больш як сто чалавек былі арыштаваныя за удзел у акцыях пратэсту”.

Сказаў Зьміцер Бандарэнка. Паcля народнага маршу “За лепшае жыцьцё” была асуджаная да 15 сутак пазбаўленьня волі ініцыятарка акцыі Людміла Гразнова. Вязень сумленьня вызначае тэндэнцыі перасьледу іншадумцаў у Беларусі.

(Гразнова: ) “Ужо будзе пяты год, як я выдаю гэтую інфармацыю. Колькасьць палітычных зьняволеных не зьмяншаецца. Другое - ніякага расьсьледаваньня па справе зьніклых палітыкаў і журналіста Завадзкага няма. Пасьля – на пальцах можна пералічыць газэты, якія, калі, напрыклад пазбаўляюць жыцьця Вераніку Чаркасаву і Васіля Гароднікава, нешта пішаць. А што тычыцца рэальнага становішча ў краіне, то ў паўголасу гавораць. Ну і кожны год-два - тры сотні нашых сядзяць у пастарунку. Гэта 10-15 сутак у самых жорсткіх умовах”.

Паведаміла старшыня незарэгістраванай арганізацыі “Праваабарончы альянс” Людміла Гразнова. А вось якія меркаваньні я пачуў ад мінакоў у Менску ў адказ на пытаньне: ці ёсьць у Беларусі палітычныя вязьні?

(Першы спадар: ) “Палітвязьні? Ёсьць. У Беларусі ёсьць і “палітычныя”.

(Першая спадарыня: ) “Ёсьць такія выпадкі, калі людзей абвінавацілі незаконна. І дзяржава не заступаецца, і судовыя органы. З гэтым я сустракалася сама”.

(Другі спадар: ) “Безумоўна! Пачынаючы ад зьніклых палітыкаў і да самых нізоў. У кожнага на працы ёсьць нейкія захады ўлады. Вось у мяне, напрыклад. Калі я буду ня той думкі прытрымлівацца, то мяне звольняць. Безумоўна. Мне падаецца, што ўсюды так”.

(Трэці спадар: ) “Я ведаю, што зараз у турме шэсьць палітвязьняў: Міхаіл Марыніч, Валеры Леванеўскі, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Сяргей Скрабец і Андрэй Клімаў. Усе яны толькі за палітычную дзейнасьць сядзяць”.

За што ўлады хаваюць у турмы людзей? Гісторыю рэпрэсіяў беларусаў вывучае гісторык Ігар Кузьняцоў.

(Кузьняцоў: ) “Быў пэрыяд, калі спачатку расправіліся з рэальнымі праціўнікамі, затым – з патэнцыйнымі, а пасьля – з усімі астатнімі. Афіцыйная прапаганда заўжды імкнецца занізіць лічбы. І нават тая лічба, якая па Беларусі існуе сёньня – каля 600 тысяч рэпрэсаваных, нават гэтая лічба уражвае. Дык што: калі было 600 тысяч “ворагаў”, то што ж гэта была за савецкая улада? І як, наагул, супаставіць, што усе былі ёй “адданыя?”

Сказаў аўтар кніг і артыкулаў пра масавыя рэпрэсіі ў СССР Ігар Кузьняцоў. Сьведчыць былы вязень сталінскага ГУЛАГУ Эрнст Сабіла.

(Сабіла: ) “Камуністы, якія былі, такія і засталіся ва ўладзе. Я ў даўні час быў рэпрэсаваны, нават на расстрэл асуджаны. І гэта яны добра памятаюць, нагадваюць пры любым магчымым выпадку”.

Спадар Сабіла – прасьвітар зачыненай сёлета Эвангельскай царквы. Ён кажа пра перасьлед па палітычных матывах:

(Сабіла: ) "Калі немагчыма сёньня страляць, дык яны усяму перашкаджаюць, штрафуюць. Каб ліквідаваць усё патрыятычнае, нацыянальнае, усё чыстае. Усё, што любіць Беларусь і беларушчыну, ім упопэрак горла”.

Да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Эрнст Сабіла ставіцца зь вялізнай пашанай:

(Сабіла: ) “Гэта дзень памяці пра маіх сяброў, якія ляглі касьцямі. І гэта дзень, у які мы гаворым: “Надыдзе час: вы – судзьдзі нашыя, будзеце падсудныя. Горы трупаў. Рэкі крыві пралілі”. І пра гэта трэба памятаць і гаварыць”.

Заявіў Эрнст Сабіла. А вось якая гутарка адбылася з намесьнікам старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Уладзімерам Адашкевічам.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Беларусі палітычныя вязьні?”.

(Адашкевіч: ) “Я лічу, што няма ў нас такіх людзей” Па камэнтар я зьвярнуўся да сябра Міжнароднай арганізацыі “Беларуская пэрспэктыва” Валянціны Трыгубовіч.

(Трыгубовіч: ) “Сучасная беларуская ўлада глухая. Чыноўнікі розных узроўняў не адказваюць нават на лісты, якія дасылаюць ім грамадзкія арганізацыі і ініцыятывы. Мы пастаянна ўздымаем свой голас у абарону бязьвінна забітых, зламаных, прыніжаных. На постсавецкай прасторы яшчэ мае адбыцца суд, які здолеў бы паставіць камунізм па-за законам. Як гэта зрабілі ў Нюрнбэргу ў дачыненьні да фашызму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG