Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прымае захады супраць птушынага грыпу


Юры Дракахруст, Прага Галоўны санітарны ўрач Беларусі Міхаіл Рымжа падпісаў пастанову аб узмацненьні санітарнага кантролю на прадпрыемствах па вырошчваньні птушкі й перапрацоўцы птушынага мяса.

Згодна дакумэнту, адпаведныя прадпрыемствы павінны быць забясьпечаныя дастатковай колькасьцю сродкаў дэзінфэкцыі, супрацоўнікам павінны быць створаныя ўмовы для захаваньня асабістай гігіены. Да 5 лістапада ўсе супрацоўнікі такіх прадпрыемстваў павінны прайсьці вакцынацыю супраць грыпу.

Цяпер у краіне дзейнічае 55 прадпрыемстваў па вырошчваньні птушак – курэй, качак, гусей, індыкаў.

Галоўны санурач краіны таксама падпісаў пастанову аб узмацненьні аховы межаў ад заносу птушынага грыпу. Паводле пастановы, будуць узмоцненыя брыгады санітарна-каранцінных пунктаў на ўсіх пунктах пропуску празь дзяржаўную мяжу Беларусі, у аэрапорце “Менск-2”, а таксама кантрольныя пункты беларускай чыгункі.

Беларусь мае намер забараніць імпарт птушынага мяса зь Вялікабрытаніі і Харватыі, у якіх нядаўна былі зафіксаваныя выпадкі птушынага грыпу. Раней Беларусь забараняла ўвоз птушынага мяса з усіх краінаў, дзе былі выяўленыя выпадкі гэтай хваробы.

Імпарт птушынага мяса з Харватыі на сваю тэрыторыю забараніў і Эўразьвяз. Адначасна Эўразьвяз рыхтуе рашэньне аб забароне імпарту на яго тэрыторыю жывых экзатычных птушак. Прычынай сталася сьмерць у Вялікабрытаніі папугая, прывезенага з Сурынаму. Цяпер Брусэль чакае згоды на забарону ўвозу экзатычных птушак ад ўрадаў усіх краінаў Зьвязу.

Дакладных дадзеных аб гандлі экзатычнымі птушкамі няма, бо значная яго частка адбываецца незаконна, але паводле ацэнак штогод прадаецца ад двух да пяці мільёнаў такіх птушак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG