Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому старшыню Дзяржкамавіяцыі пагражае 8 гадоў (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся працэс над былым старшынём Дзяржкамітэту авіяцыі Фёдарам Івановым, які нібыта нанёс страты дзяржаве амаль на мільён даляраў.

24 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся працэс над былым старшынём Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдарам Івановым. Яго абвінавачваюць у нанясеньні вялікіх стратаў дзяржаве праз службовыя злоўжываньні. Нібыта Фёдар Іваноў незаконна паспрыяў таму, каб пэўныя бізнэсоўцы з Расеі атрымалі выгадны кантракт на рамонт урадавага авіялайнэра, што нанесла бюджэту краіны стратаў амаль на мільён даляраў.

Артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога абвінавачваюць Іванова, прадугледжвае больш сур’ёзнае пакараньне для адказных асобаў, да якіх належаў і Фёдар Іваноў. Таму максымальна яму пагражае ажно 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Як сам Фёдар Іваноў ставіцца да абвінавачаньня? Перад працэсам Фёдар Іваноў адмовіўся ад кантактаў з журналістамі, але паабяцаў, што не забудзе іх у далейшым. Вось як былы галоўны авіятар краіны адказаў на маё пытаньне пра тое, ці прызнае ён сябе вінаватым:

(Іваноў: ) “Цяпер я нічога сказаць не магу, я буду выступаць потым. Як усё завершыцца, я кніжку напішу і падару кожнаму”.

Між тым, ягоны адвакат Анастасія Карчагіна заявіла, што яе падабаронны не прызнае сябе вінаватым нават часткова.

Старшынюе на працэсе судзьдзя Вярхоўнага суду Сяргей Грынцэвіч, які адразу адзначыўся вельмі падрабязным тлумачэньнем усім удзельнікам працэсу іх правоў і абавязкаў. Судзьдзя ўжо сутыкнуўся з шэрагам хадайніцтваў розных бакоў. Сяргей Грынцэвіч задаволіў хадайніцтва абароны аб адхіленьні аднаго з чатырох грамадзянскіх пазоўнікаў і пачаў разглядаць яшчэ адно важкае хадайніцтва — аб правядзеньні новай экспэртызы ўрадавага самалёта Як-40. Абарона лічыць экспэртызу гэтага самалёта падчас сьледзтва неаб’ектыўнай, паколькі правялі яе супрацоўнікі Менскага авіярамонтнага заводу, які ў справе прызнаны пацярпелым. Паводле абаронцаў Фёдара Іванова, для экспэртызы варта было запрасіць адмыслоўцаў з расейскага прадпрыемства “Канструктарскае бюро імя Якаўлева”, якое праектавала Як-40, але сьледзтва гэтага не зрабіла.

Рашэньне па хадайніцтве будзе абвешчанае заўтра, 25 кастрычніка.

Нагадаем, суд над былым старшынём Дзяржкамавіяцыі сёлета ня першы працэс над высокімі чыноўнікамі, якіх абвінавачваюць у карупцыі. Напачатку году былі асуджаныя былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова і былы старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў. Галіна Жураўкова атрымала 4 гады турмы, але ў месцы зьняволеньня дагэтуль не патрапіла. Зьявіліся зьвесткі, што яна нібыта была памілавана асабістым указам Аляксандра Лукашэнкі. Ягор Рыбакоў адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG