Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Frankfurter Allgemeine": Скандынавы актывізуюцца на беларускім напрамку


Алена Струвэ, Менск Скандынаўскія краіны маюць намер прадэманстраваць сваю куды больш актыўную і жорсткую за раней пазыцыю ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. Пра гэта ў швэдзкім горадзе Вісьбю, што на высьпе Годлянд у часе адмысловай канфэрэнцыі ў пытаньні Расеі і Беларусі заявіў генэральны сакратар паўноўчнаэўрапейскай Рады міністраў Пэр Ункель. Падрабязна пра дыскусіі ў Вісьбю піша нямецкая "Frankfurter Allgemeine". Са зьместам публікацыі вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

У часе сустрэчы на высьпе Годлянд удзельнікі канфэрэнцыі – вядучыя палітыкі ды навукоўцы з Паўночнай і Ўсходняй Эўропы – выказалі свае прынцыповыя пазыцыі наконт далейшай лініі краінаў ЭЗ ў дачыненьні да Расеі й Беларусі. Размова ішла пра заклапочанасьць эўрапейцаў у зьвязку з апошнімі антыдэмакратычнымі тэндэнцыямі ў Расеі, пра больш жорсткае стаўленьне Брусэля да рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, пра непрымальнасьць гэтак мовіць “расейскай” палітыкі Бэрліну.

Паводле літоўскага палітыка Андруса Кубіліюса, Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, ёсьць, аднак, забытым рэгіёнам для Эўразьвязу.

Тым часам Лукашэнка з кожным годам усё больш ўзмацняе сваю ўладу, у тым ліку і дзякуючы расейскаму газаваму транзыту, то бок гандлю з эўрапейскімі краінамі. Паралельна ў краіне ажыцьцяўляецца масіўны ціск на апазыцыю, незалежныя СМІ, няўрадавыя арганізацыі.

Што да Захаду, то, паводле ўдзельнікаў імпрэзы, ён у сотні разоў болей падтрымлівае разьвіцьцё дэмакратыі ў далёкім Аўганістане, чым у Беларусі.

Як адзначалася ў часе дыскусіяў, наўрад ці ў гэтай краіне трэба бліжэйшым часам чакаць чагосьці падобнага на “аранжавую рэвалюцыю”. Калі нейкія перамены адбудуцца, то ў выніку дзеяньняў моладзі альбо гэтак мовіць “джынсавай рэвалюцыі”. Але, перакананыя палітыкі з Паўночнай ды Ўсходняй Эўропы, будучыня беларускай дэмакратыі выглядае больш надзейнай за расейскую.

Як заявіў у Вісьбю генэральны сакратар паўночнаэўрапейскай Рады міністраў Пэр Ункель, скандынаўскія краіны маюць намер прадэманстраваць самым бліжэйшым часам сваю актыўную і жорсткую пазыцыю што да афіцыйнага Менску.

Падобны настрой, паводле латвійскага палітыка Рыхардса Пікса, маецца і ў іншых краінах Эўрапейскага Зьвязу, асабліва пасьля пашырэньня Эўропы на ўсход. Беларуская тэма неаднаразова ўздымалася ў Эўрапарлямэнце дэпутатамі краінаў Балтыі, Польшчы, Чэхіі...

Газэта "Frankfurter Allgemeine" прыводзіць словы аднаго брусэльскага дыплямата (не называючы пры гэтым ягонага прозьвішча), “Эўрапарлямэнт прыняў апошнім часам пяць дакумэнтаў па Беларусі, аднак Эўракамісія ў гэтым зьвязку пакуль што маўчыць. Нават, калі яна і адмовілася ад сваёй колішняй лініі ашчаджаць Беларусь”. Паводле брусэльскага дыплямата, па-ранейшаму бязьдзейнай выглядае і ААН, нягледзячы на тое, што Беларусь прадае зброю ў рэгіёны ваеннага канфлікту. Дыплямат пры гэтым падкрэсьліў, што паміж ЭЗ і ЗША ўсё ж дасягнутае паразуменьне ў беларускім пытаньні. Існуючы тандэм выглядаў бы немагчымым ў дачыненьні да іншых рэгіёнаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы.

У часе канфэрэнцыі ў швэдзкім Вісьбю размова ішла і пра новыя беларускія праграмы радые "Deutsche Welle". Палітыкі і навукоўцы віталі брусэльскі ўдзел у фінансаваньні новых інфармацыйных крыніцаў для Беларусі, аднак пры гэтым крытыкавалі некаторыя практычныя моманты новага праекту.

Гэта – расейская мова вяшчаньня, кароткахвалёвы дыяпазон. Што да 15-хвіліннага аб’ёму штодзённага вяшчаньня, то яго трэба расцэньваць як сымбалічны крок. Як лічаць удзельнікі канфэрэнцыі, для падтрымкі свабоды слова ў Беларусі трэба надаваць значэньне фінансаваньню гэтак званых падпольных выданьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG