Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайсьці беларуска-ўкраінскую мяжу будзе ня проста?


Казімер Яноўскі, Гомель Сёлета ў Гомельскай вобласьці на беларуска-ўкраінскай мяжы прыпынена будаўніцтва пунктаў спрошчанага пропуску. Гэта абумоўлена тым, што ствараць такія пункты не выяўляюць жаданьня мясцовыя ўкраінскія ўлады.

Паводле дамоўленасьці з Украінай, толькі на тэрыторыі Гомельскай вобласьці для жыхароў памежных раёнаў дзьвюх дзяржаваў павінна быць створана трынаццаць пунктаў спрошчанага пропуску. Аднак амаль палова зь іх да гэтага часу не пабудавана.

Распавядае намесьнік камандзіра Гомельскага памежнага атраду Іван Бандарэнка:

(Бандарэнка:) “З вызначаных трынаццаці пунктаў спрошчанага пропуску ў нас дзейнічае толькі сем. Калі на ўчастку мяжы з Чарнігаўскай вобласьцю Ўкраіны ў нас асаблівых праблемаў няма, то з Жытомірскай вобласьцю будаўніцтва такіх пунктаў трэба яшчэ ўзгадняць. Узьвядзеньне іх ажыцьцяўляецца за кошт адміністрацыяў рэгіёнаў. Гэта сумесны працэс. Са свайго боку мы гатовыя абмяркоўваць і будаваць такія пункты. Але мы ня можам самастойна ўсталяваць пункт спрошчанага пропуску і ў аднабаковым парадку ажыцьцяўляць пропуск грамадзянаў”.

Нязручнасьці ў жыхароў памежных раёнаў выклікае і адсутнасьць дэмаркацыі мяжы паміж Беларусьцю і Ўкраінай. З гэтай прычыны нават зборшчыкі грыбоў ды ягад — і беларускія, і ўкраінскія — трапляюць часам у лік парушальнікаў мяжы. Гаворыць нарыхтоўнік грыбоў зь вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёну Іван Дрынеўскі:

(Дрынеўскі: ) “Я сам ня ведаю, дзе наша, а дзе ўкраінская тэрыторыя. Незразумела. Усё зарасло. Хаця б шырокую просеку прарэзалі, слупкі паставілі, каб відаць было, што гэта мяжа, што ня трэба яе пераходзіць. А так, бог яе ведае, дзе тая мяжа”.

Апошнія гады стаў абмяжоўвацца памежны прыватны гандаль паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Паводле указу, з 1 лістапада ўкраінцу празь мяжу можна прывезьці ў Беларусь толькі 5 кіляграмаў харчу.

(Жыхарка Чарнігава: ) “Нормы такія Беларусь, Лукашэнка ўстанавіў — 5 кіляграмаў на чалавека, і ня болей”, — кажа жыхарка ўкраінскага Чарнігава.

Абмежаваньне датычыць і тых, хто едзе ў госьці да беларускіх сваякоў.

(Ніна: ) “У госьці едзеш, два торцікі можна ўзяць і крыху чаго-небудзь яшчэ. І больш нічога ня возьмеш. А чалавек едзе ў госьці, хоча сваякам тое-сёе прывезьці”, — распавяла спадарыня Ніна, ураджэнка Гомелю, якая жыве цяпер ва Ўкраіне.

Што да міждзяржаўнага гандлю, то беларускія найвышэйшыя кіраўнікі заяўляюць пра мажлівацьць дасягнуць сёлета 1,5-мільярднага тавараабароту — у даляравым эквіваленце. Такі ўзровень тавараабароту паміж Беларусьсю і Ўкраінай быў дасягнуты пры канцы цяпер ужо мінулага стагодзьдзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG