Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасьлед актывістаў у Горадні працягваецца


Сяргей Астраўцоў, Горадня Кіраўніка гарадзенскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў Паўла Мажэйку сёньня выклікалі ў Шчучынскі РАУС для допыту ў якасьці сьведкі.

Спадар Мажэйка атрымаў позву па пошце, у ёй не ўказана — па якой справе яго выклікаюць, але было зазначана, што яго могуць даставіць у РАУС прымусова альбо аштрафаваць, калі ён будзе “злосна ўхіляцца” ад дачы паказаньняў.

Павал Мажэйка дапускае, што яго хочуць дапытаць па крымінальнай справе супраць чатырох актывістаў Саюзу палякаў —А.Пачобута, А.Пісальніка, Ю.Пажэцкага і В.Кеўляка, на якіх напісаў скаргу дырэктара Дому польскага ў Шчучыне В.Богдан.

А.Мажэйка ў якасьці журналіста езьдзіў улетку разам з прадстаўнікамі СПБ у Шчучын, калі яны хацелі высьветліць — чаму ў Дома польскага вялікія даўгі, хаця спадар Богдан здае ў арэнду памяшканьні.

Павал Мажэйка не паехаў на допыт: яму не паведамілі прычыну, па якой выклікаюць, а таксама тое — хто яму аплаціць праезд у Шчучын і назад.

***

Сёньня ж гарадзенскі прафсаюзны актывіст і журналіст Іван Роман атрымаў адказ з Шчучынскай раённай пракуратуры, куды ён скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня ў міліцэйскім ізалятары ў гэтым райцэнтры.

Яго пратрымалі ноч з 26 на 27 жніўня ў цеснай камэры з хворымі на сухоты, дзе яго моцна пакусалі насякомыя.

У адказе, падпісаным пракурорам Г.Дыско, гаворыцца, што праз два тыдні ў Шчучыне, куды выклікалі І.Романа, мэдэкспэртыза не прызнала яго пакусаным насякомымі, хаця ён прадставіў адпаведную даведку з скурна-вэнэралягічнага дыспансэру. А што датычыць ложкаў і пасьцельнай бялізны, дык іх у ізалятары няма таму, што ў міліцыянтаў няма на гэта грошай, адказаў пракурор.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG