Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрвію Кандалізы Райс для Радыё Свабода ў Кіргізстане


Сьвятлана Курс, Прага Дзяржсакратар Кандаліза Райс распачала трохдзённы візыт у краіны Сярэдняй Азіі. Яна дала інтэрвію Радыё Свабода, у якім выказалася наконт палітыкі ЗША ў гэтым постсавецкім рэгіёне.

Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс распачала свой трохдзённы візыт у Сярэднюю Азію з Кіргізстану. Яна правяла перамовы з прэзыдэнтам краіны Курманбэкам Бакіевым ды прэм’ерам Фэліксам Кулавым, павітала вайскоўцаў ЗША, што базуюцца ў Кіргізстане, узялаў ўдзел у круглым стале на тэмат будучыні гэтай краіны. Райс заявіла карэспандэнтам Радыё Свабода, што ЗША ўсьцешаныя працягам дэмакратызацыі ў Кіргізстане.

(Райс: ) "Мы ведаем, што імкненьне да дэмакратыі, свабоды й незалежнасьці сапраўды ўнівэрсальнае. І ЗША будуць падтрымліваць Кіргізстан у іхным імкненьні да пабудовы устойлівай і вольнай дэмакратыі".

Дзяржсакратарка падкрэсьліла, што ЗША зьбіраюцца дапамагаць Кіргізстану ў правядзеньні эканамічных рэформаў, каб краіна на роўных увайшла ў сусьветны рынак. Кіраўніца зьнешняй палітыкі ЗША адведае таксама Казахстан, Таджыкістан, Аўганістан ды Пакістан.

Адказваючы на пытаньні Радыё Свабода, Райс заявіла, што Вашынгтон не зьбіраецца канкураваць з Масквой за ўплыў у рэгіёне.

(Райс: ) "Мы вельмі цэнім падтрымку Кіргізстана й гасьціннасьць у дачыненьні да нашых сілаў, сілаў кааліцыі ў Манасе, якія робяць унёсак у стабілізацыю сытуацыі ў Аўганістане згодна мандату ААН. Мы думаем, што Кіргізстан ні ў якім разе не павінны выбіраць паміж добрымі адносінамі з ЗША, з Расеяй ці Кітаем. Кіргізстан павінен мець як наймага лепшыя стасункі з усімі ягонымі суседзямі".

Крэмль, аднак, досыць насьцярожана ўспрымае амэрыканскую палітыку ў дачыненьні да Сярэдняй Азіі і выразна даў зразумець, што лічыць амэрыканскую вайсковую прысутнасьць у рэгіёне строга часовай – да пацыфікацыі Аўганістану.

У сераду расейскі МЗС заявіў, што Масква лічыць прыярытэтам разьвіцьцё вайскова-палітычных сувязяў з Таджыкістанам. Расейская прэса піша, што Райс прыбыла ў Сярэднюю Азію з падвойнай місіяй: дамовіцца аб разьмяшчэньні яшчэ адной амэрыканскай базы (замест выведзенай з Узбэкістану) і запачаткаваць стварэньне новай рэгіянальнай групы, каб аслабіць уплыў Расеі ды Кітаю.

Расейская газэта “Коммерсант” піша, што Ўладзімер Пуцін пераканаў прэзыдэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмонава адмовіць у разьмяшчэньні амэрыканскай базы ў Таджыкістане, які мяжуе з Аўганістанам і ў якім дзесяцігодзьдзямі стаяла расейская база. Душанбэ дазваляе амэрыканскім самалётам пралятаць над тэрыторыяй краіны, аднак адмовіў у разьмяшчэньні базы.

Райс прызнала, што ЗША маюць вайсковы інтарэс у Сярэдняй Азіі, аднак ён другасны ў параўнаньні з асноўнай амэрыканскай стратэгіяй – супрацьстаяць экстрэмізму ў сьвеце. “Пашырэньне дэмакратыі – найлепшы спосаб змагацца з тэрарызмам” – зазначыла спадарыня Райс. – "Мы лічым, што існуе складаная сувязь паміж нашымі стратэгічнымі мэтамі дэмакратызацыі й вайны з тэрорам”.

Райс падкрэсьліла, што Вашынгтон падтрымлівае патрабаваньне аб міжнародным расьсьледаваньні Андыжанскай масакры ў траўні 2005 году, калі былі забітыя сотні чалавек. Райс выключыла Узбэкістан са сьпісу краін, якія меркавала адведаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG