Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На "Форуме-2000" прэзэнтаваная кніга "Невядомая Беларусь"


Алена Ціхановіч, Прага Сёньня ўдзельнікам "Форуму–2000" у Празе была прэзэнтаваная новая кніга пад назвай “Невядомая Беларусь”. Гэта пачатак кніжнага праекту, ідэя якога нарадзілася ў Беларусі і знайшла падтрымку найперш ў Чэхіі.

Па-чэску кніга называецца “Neznámé Bělorusko”, на яе вокладцы зьмешчанае архіўнае фота – два міліцыянты вядуць пад рукі чалавека, які трымае ў руках бел-чырвона-белы сьцяг. Назву кнігі асэнсоўвае ў сваёй прадмове вядомы чэскі палітык, экс-прэзыдэнт Вацлаў Гавэл:

(Гавэл: ) “Беларусь сёньня ў такой жа сытуацыі, якую дакладна апісаў у сваім знакамітым эсэ Мілан Кундэра пра краіны Сярэдняй Эўропы пасьля Другой сусьветнай вайны – яна як бы не існуе, не прысутнічае ў эўрапейскім палітычным і культурным мысьленьні.

Можна сказаць, што ня будзь беларускага дыктатара зь яго выхадкамі, мы пра гэтую краіну зь дзесяцьцю мільёнамі людзей, якая пасьля пашырэньня Эўразьвязу стала і нашым суседам, не ведалі б увогуле нічога. Таму веру, што пралому жалезнай заслоны ў нашых думках і нашай большай зацікаўленасьці, якую Беларусь так патрабуе, пасадзейнічае і гэтая кніга.”

Такімі словамі адкрывае кнігу “Невядомая Беларусь” Вацлаў Гавэл.

Кнігу ўкладалі два рэдактары – Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч, і першы зь іх, разам з Аляксандрам Мілінкевічам, бярэ ўдзел у Праскім форуме. Нашую размову мы запісалі у фае інстытуту Гётэ, дзе сёньня праходзіла беларуская дыскусія:

(Анціпенка: ) "Ідэя кніжкі вельмі простая – мы хацелі расказаць усім, хто можа зацікавіцца Беларусьсю (я маю на ўвазе і замежнікаў), што гэта за краіна, што гэта за людзі, што за мэнтальнасьць. А калі вы паглядзіце на зьмест кнігі, то працавалі над ёй вядомыя слухачам "Свабоды" асобы, такія як Уладзімер Арлоў, Сяргей Дубавец, Валерка Булгакаў, Андрэй Дынько, Валянцін Акудовіч і гэтак далей".

Дадам, што сам Алесь Анціпенка ў гэтай кнізе разам з Валеркам Булгакавым прапануе нарыс “ Лукашэнка – партрэт улады і чалавека”. Сваё эсэ, прысьвечанае асэнсаваньню гісторыі беларускай дзяржаўнасьці, Уладзімер Арлоў назваў “Ад Рагвалода да БНР”. Аўтары таксама ўключылі ў зборнік вядомыя і невядомыя развагі Васіля Быкава. Паводле задумы, кніга прапануе сучаснае асэнсаваньне Беларусі вачыма беларуса, а таксама погляды “Мы і Расея” ды “Мы і Польшча”. Укладальнікі мяркуюць, што падобнае ж выданьне неўзабаве выйдзе па-расейску, і ў пэрспэктыве, па-польску.

Чытачы нашага сайта ужо сёньня могуць цалкам прачытаць прадмову Вацлава Гавэла да кнігі “Невядомая Беларусь” па-беларуску. (Чытаць прадмову)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG