Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя вынікі з Варшавы: у першым туры перамог Туск


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы абвешчаныя афіцыйныя вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў. У выніку галасаваньня, у другі тур выйшлі, як і чакалася, Дональд Туск і Лех Качыньскі. Туск, аднак, перамог зь вельмі нязначнай перавагай.

Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтарвыбаркаму Польшчы, у першым туры перамог лідэр лібэральнай партыі “Грамадзянская плятформа” Дональд Туск, які мае нязначную перавагу над цяперашнім мэрам Варшавы, кандыдатам ад правацэнтрысцкай партыі “Закон і справядлівасьць” Лех Качыньскім.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Фэрдынанд Рымаж:

(Рымаж: ) “Дональд Туск атрымаў 36,33% галасоў, а Лех Качыньскі 33,1%. Абодва гэтыя кандыдаты выйшлі ў другі тур”.

Абодва кандыдаты, якія трапілі ў другі тур, упэўненыя ў сваёй перамозе. Гаворыць Дональд Туск:

(Туск: ) “Я добра ведаю, што гэтая перамога яшчэ не канчатковая. Але людзі, якія вераць у тое, што Польшча будзе і свабоднай і салідарнай, ужо выйгралі”.

Лех Качыньскі гаворыць:

(Качыньскі: ) “Я ўпэўнены, што ў другім туры пераможа наша канцэпцыя, канцэпцыя сапраўднай, а ня толькі павярхоўнай рэформы дзяржавы”.

Бяручы пад увагу тое, што розьніца ў падтрымцы абодвух кандыдатаў нязначная, адмыслоўцы прадказваюць, што цягам двух наступных тыдняў выбарчая кампанія будзе больш жорсткай, чым перад першым турам.Так лічыць і цяперашні прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі:

(Квасьнеўскі: ) “Цягам гэтых двух тыдняў кандыдаты павінны зрабіць усё, каб пераканаць галасаваць за сябе прыхільнікаў іншых кандыдатаў, якія не ўвайшлі ў другі тур, а таксама заахвоціць прыйсьці на выбары тых, хто ў першым туры не галасаваў”.

Адметна, што сярод 14 прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта ў другі тур выйшлі менавіта тыя два палітыкі, якія найбольш актыўна выступалі ў падтрымку дэмакратычных рэформаў у Беларусі.

Абодва палітыкі абяцаюць, што пасьля іхнай перамогі пазыцыя Варшавы ў дачыненьнях зь Менскам будзе больш жорсткай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG