Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевая ініцыятыва “Вока” аб’явіла прыпыненьне сваёй дзейнасьці


Севярын Квяткоўскі, Менск Маладыя людзі тлумачаць свой крок боязьзю перасьледу з боку ўладаў. Рашэньне было прынятае на падставе загаду міністэрства юстыцыі, якое ў канцы верасьня абавязала кожныя кааліцыі ды ініцыятывы станавіцца на ўлік ў Мінюсьце.

Фармальна цяпер па ўсёй Беларусі дзейнічае каля дзьвюх тысяч незарэгістраваных і каля дзьвюх з паловай тысяч зарэгістраваных няўрадавых арганізацыяў. Толькі цягам апошніх дзьвюх гадоў былі пазбаўленыя рэгістрацыі некалькі дзесяткаў арганізацыяў, якія мелі грамадзка-палітычную і праваабарончую скіраванасьць. Наколькі апраўданыя перасьцярогі сяброў “Вока” што да загаду міністэрства юстыцыі?

Моладзевая ініцыятыва “Вока” мае шэраг сацыяльных і культурніцкіх праектаў, але найбольш вядомая дзякуючы змаганьню за беларусізацыю тэле-радыё эфіру, а таксама кампаніяў мабільнай сувязі. Цягам апошняга году на дзяржаўную тэлевізію, на FM-станцыі і ў офісы апэратараў мабільнай сувязі паступілі тысячы лістоў і тэлефанаваньняў з патрабаваньнем ужываць у працы беларускую мову. Спыненьне дзейнасьці “Вока” тлумачыць каардынатар ініцыятывы Віталь Дабранач:

(Дабранач: ) “Мы проста вымушаныя спыніць сваю дзейнасьць, бо мы ніколі не парушалі беларускае заканадаўства і ня будзем”.

(Карэспандэнт: ) “Каб дасылаць лісты на тэлевізію, для гэтага ж ня трэба рэпрэзэнтаваць сабой нейкую ініцыятыву. Можна прыватным чынам зьбіраць подпісы”.

(Дабранач:) “Самае сьмешнае ў загадзе мінюсту, што кожную ініцыятыву трэба рэгістраваць. Дайшло да таго, што на сваім паседжаньні, мы вырашалі ці не пайсьці ў Менгарвыканкам, каб падаць заяву на рэгістрацыю дазволу на вынас сьмецьця ў сваім пад’езьдзе. Прыйшлі да такой высновы, што цяпер нават зьбіраць подпісы ўжо нельга”.

На колькі апраўданыя перасьцярогі Віталя Дабранача і ягоных паплечнікаў?

Вось камэнтар юрыста незарэгістраванай Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Юрыя Чавусава:

(Чавусаў: ) “На жаль, варта прызнаць, што ў дадзеным выпадку перасьцярогі сапраўды абгрунтаваныя. Але я б я не абсалютызаваў ліст мінюсту, бо гэты загад сьведчыць пра тое, што мінюсту надалей узмацніць увагу гэтаму пытаньню”.

Юры Чавусаў нагадаў, што ў беларускім заканадаўстве забарона на дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў існуе ад 1999 году. Апошнім часам пад забарону патраплялі такія грамадзка-палітычныя моладзевыя ініцыятывы як “Малады Фронт”, “Беларуская Партыя Свабоды” і “Зубр”. Але ў 2004 годзе былі пакараныя каля дваццаці прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў, чые задачы не былі палітычна афарбаваныя.

Выбар тых ці іншых ініцыятываў падпарадкоўвацца загадам мінюсту, ці не, залежыць ад розных акалічнасьцяў. Напрыклад, у прадстаўнікоў палітычных ініцыятываў пазыцыя абсалютна выразная. Тлумачыць адзін з каардынатараў руху “Зубар” Алесь Атрошчанкаў:

(Атрошчанкаў: ) “У нас ніколі нават ідэі такой не было – пытацца дазволу на сваю дзейнасьць. Я лічу, што гэта проста абсурд – пытацца дазволу ў гэтай улады”.

А вось Юры Чавусаў мяркуе, што ўсё залежыць ад плянаў канкрэтнай ініцыятывы. Спадар Чавусаў бачыць абгрунтаваным спыненьне працы ў выпадку, калі ініцыятыва хоча стварыць прэцэдэнт судовай справы, а простае падпарадкаваньне лічыць няслушным:

(Чавусаў: ) “Інакш нам давядзецца спыняць ўсю грамадзкую дзейнасьць. Натуральна, гэта абсурд. Ня трэба гэты абсурд падтрымліваць”.

Што канкрэтна да “Вока” каардынатар праекту Віталь Дабранач паведаміў, што дзейнасьць моладзевай ініцыятывы прыпыненая на ня вызначаны тэрмін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG