Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ежы Хашчыньскі: “Беларуская апазыцыя атрымала дзьве перамогі”.


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская прэса надае сёньня шмат увагі беларускім тэмам – мінуламу кангрэсу дэмакратычных сілаў, а таксама звальненьню з працы брата непрызнанай уладамі старшыні СПБ Анжалікі Борыс.

“Беларуская апазыцыя атрымала дзьве перамогі – ёй удалося арганізаваць Кангрэс з удзелам такой вялікай колькасьці дэлегатаў, а таксама абраць адзінага кандыдата, які ў наступным годзе будзе змагацца з Лукашэнкам ня толькі за пасаду прэзыдэнта, але і за тое, якой краінай будзе ў будучым Беларусь”, - піша ў “Жэчпосполітэй” публіцыст Ежы Хашчыньскі.

Паводле ягоных словаў, Аляксандра Мілінкевіча чакае надзвычай цяжкае змаганьне, бо ўжо 10 гадоў таму апазыцыя казала, што народ не будзе цярпець кіраваньня Лукашэнкі і шматтысячныя дэманстрацыі змусяць яго пайсьці ў адстаўку, але так не здарылася.

“Лукашэка гэта вельмі спрытны дыктатар, які ведае, што беларусы параўноўваюць сваю сытуацыю з сытуацыяй расейцаў, украінцаў, а не заходніх краінаў. Таму ён дбае, каб пэнсіянэры, вайскоўцы і чыноўнікі мелі за што жыць і маглі спакойна глядзець па тэлевізары на расейскіх пэнсіянэраў ці шахцёраў, якія па некалькі месяцаў не атрымліваюць пэнсіяў і заробкаў. Да ўсіх гэтых людзей павінен будзе неяк дайсьці спадар Мілінкевіч, каб пераканаць іх ў тым, што калі Лукашэнка будзе пазбаўлены ўлады, гэта не парушыць іх сьціплага, але спакойнага жыцьця ”, -- адзначае “Жэчпосполіта”

Ежы Хашчыньскі падкрэсьлівае, што Лукашэнка будзе крытыкаваць і асьмейваць свайго канкурэнта, выкарыстоўваючы дзяржаўныя мэдыі, ды палохаць беларусаў “каляровымі” рэвалюцыямі, таму ў такой сытуацыі “Захад павінен зрабіць усё, каб свабодную інфармацыю маглі атрымаць як мага больш беларусаў”.

І “Жэчпосполіта” і “Газэта выборча” пішуць сёньня таксама пра звальненьне з працы брата непрызнанай беларускімі ўладамі старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анджалікі Борыс – Віктара, трыццацігадовага капітана гарадзенскай міліцыі, “праўдападобна за тое, што ён адмовіўся даставіць сястру ў пастарунак”. Газэты падаюць словы спадарыні Борыс, якая заявіла, што яшчэ раней міліцэйскае начальства папярэджвала яе, што каляі яна не адмовіцца ад сваёй дзейнасьці, дык брат будзе мець праблемы.

“Газэта выборча” адзначае, што гэта ўжо ня першы выпадак звальненьня з працы сваякоў актывістаў СПБ – у мінулым месяцы працу страціла жонка старшыні гарадзенскай філіі гэтай арганізацыі Мечыслава Яськевіча і муж актывісткі поразаўскай філіі Дануты Якуты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG