Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валерыя Навадворская: “Справа не ў адзіным кандыдаце. Лукашэнка ўладу аддаваць не зьбіраецца”


Альгерд Невяроўскі, Менск Беларускія і замежныя палітыкі працягваюць камэнтаваць абраньне Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Беларусі. Наш карэспандэнт размаўляў з Натальляй Машэравай, Уладзімерам Парфяновічам, Уладзімерам Коласам і Валерыяй Навадворскай.

Дачка былога першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Пятра Машэрава Натальля скептычна ацэньвае выбар дэлегатаў кангрэсу. Яна лічыць, што Аляксандар Мілінкевіч — ня той чалавек, які зможа перамагчы на выбарах. Гаворыць Натальля Машэрава:

(Машэрава: ) “Я ня ведаю гэтага чалавека і нічога не магу сказаць. Ведаю толькі, што ён рэпрэзэнтуе пэўныя палітычныя сілы. Таму абсалютна ўпэўненая, што абраўшы такога кандыдата, апазыцыя не зьбіраецца перамагаць. Яна й не плянуе перамогу. Гэта тыя сілы, якія ня знойдуць падтрымкі сярод масаў, і гэта ня той чалавек, які аб’ядноўвае ўсе дэмакратычныя сілы, гэта ня тая кандыдатура, якая знойдзе масавую падтрымку. Гэта ж відавочна, гэта ж натуральна. Каб аптымальна абраць, трэба зьмяніцца самой апазыцыі. Іншая апазыцыя павінна быць. Больш шырокага дэмакратычнага фронту і, натуральна, аб’яднаная”.

Тройчы алімпійскі чэмпіён і экс-дэпутат Уладзімер Парфяновіч таксама лічыць Мілінкевіча чалавекам невядомым, які ня можа прадстаўляць усіх дэмакратычных сілаў Беларусі:

(Парфяновіч: ) “Мы не абралі адзінага кандыдата ад усіх дэмакратычных сілаў. Мілінкевіч ёсьць адным з партыйнай эліты. А далей, калі ён зможа кансалідаваць усіх астатніх, то, можа, і будзе адзіным. Але адзіны яшчэ пакуль не абраны. Я яго ня ведаю — што гэта за чалавек, ягонае сямейнае становішча. А вы можаце выехаць за кальцавую дарогу і спытаць пра Мілінкевіча — і ніводная бабулька вам не адкажа”.

А вось іншы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Ўладзімер Колас вітае рашньне кангрэсу:

(Колас: ) “Я да гэтага стаўлюся, у прынцыпе, станоўча. Кангрэс пакінуў вельмі добрае ўражаньне. І сваім арганізацыйным узроўнем, і ўзроўнем цывілізаванасьці, дэмакратычнасьці, прафэсійнасьці, я б сказаў — палітычнай культуры. Ну а тое, што абраны Аляксандар Мілінкевіч, таксама, напэўна, добра. Гэта зусім ня горшая кандыдатура. Гэта прыемны, годны чалавек. Я яго даўно ведаю, і зь ім можна зьвязваць вялікія спадзяваньні. Іншая справа, што цяпер яму можна толькі паспачуваць — таму што на ім сканцэнтравана надта шмат спадзяваньняў, чаканьняў, і яму ўсё гэта трэба спраўджваць. Усё на карысьць справе. Калі справа пойдзе, мы ўсе гатовыя дапамагаць і далучацца да гэтай справы”.

А вядомая расейская палітычная дзяячка і праваабаронца Валерыя Навадворская лічыць, што беларускім дэмакратычным сілам цяпер трэба не абіраць адзінага кандыдата, а займацца адукацыяй людзей:

(Навадворская: ) “Ва ўмовах парлямэнтарызму гэта, пэўна ж, прынесла б свой плён. Але ўлічваючы Лукашэнку, ягоны стыль паводзінаў, тут ужо справа не ў адзіным кандыдаце. Лукашэнка ўладу нікому аддаваць не зьбіраецца. Так што хутчэй вам патрэбна ўменьне адукоўваць людзей. А адукаваўшы, вывесьці іх на вуліцу і весьці што-небудзь штурмаваць, як гэта было ў Югаславіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG