Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіны кандыдат ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч пераяжджае ў Менск


Валер Каліноўскі, Менск Абраны на Кангрэсе дэмакратычных сілаў адзіны кандыдат на будучыя прэзыдэнцкія выбары ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч разам з кааліцыяй пачынае рэалізацыю рашэньняў Кангрэсу. Стала дзейная рада апазыцыйных сілаў, так званая “дзясятка”, пераўтвараецца ў Палітычную раду дэмакратычных сілаў. Пачынаецца фармаваньне Нацыянальнага камітэту і перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата.

Адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году Аляксандар Мілінкевіч заявіў “Свабодзе”, што разам з жонкай пераяжджае з Гародні ў Менск, дзе будзе знаходзіцца ягоны перадвыбарчы штаб. Стварэньне перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ўскладзенае кангрэсам на Аляксандра Мілінкевіча:

(Мілінкевіч: ) “Першая кансультацыя будзе заўтра, мы сустрэнемся для пачатку ўтрох – тыя, што канкуравалі паміж сабой: Лябедзька, Калякін, Мілінкевіч. Мы абгаворым, як будзем будаваць супрацоўніцтва. А потым будзе нарада ўсёй дзясяткі, і будзем ствараць каманду. Як бы каманда ўжо ёсьць, ёсьць дзясятка са структурамі па ўсёй краіне, але трэба яе зараз пабудаваць, каб яна была эфэктыўнай.”

Спадар Мілінкевіч зазначыў, што плянуе прапанаваць кіраўніцтва перадвыбарчым штабам Анатолю Лябедзьку, і хоча, каб там працавала максымальная колькасьць кіраўнікоў партыяў:

(Мілінкевіч: ) “Тады нам лягчэй будзе працаваць, і ня будзе асобных арганізацыйных структур, кожная зь якіх мае сваю стратэгію. Мы ўсе павінны ў адну лодку сесьці”.

Палітычная рада дэмакратычных сілаў Беларусі на чале з адзіным кандыдатам ужо ўтвораная кангрэсам,– яна замяшчае так званую "дзясятку", што дзейнічала дагэтуль. Паводле спадара Мілінкевіча, гэтая рада можа быць пашыраная за кошт іншых палітычных сілаў, якія пагодзяцца далучыцца. У склад гэтай рады мае быць кааптаваны старшыня Нацыянальнага камітэту, што будзе сфармаваны зь ліку спэцыялістаў, мэнэджэраў, навукоўцаў. Нацыянальны камітэт мае быць сфармаваны бліжэйшым часам, ён зоймецца распрацоўкай праграмаў рэформаў, якія будуць ажыцьцёўленыя ў выпадку прыходу апазыцыі да ўлады. На пасаду кіраўніка гэтай структуры прапаноўваецца экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, і, паводле спадара Мілінкевіча, ён даў папярэднюю згоду.

Асноўныя палітычныя сілы, якія ўдзельнічалі ў кангрэсе, уключаюцца ў працу. Бюро ЦК ПКБ вылучыць свае кандыдатуры ў склад асноўных ворганаў кааліцыі, паведаміла адна зь лідэраў ПКБ Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Літаральна ў бліжэйшы час мы будзем зьбірацца і вырашаць пэрсанальна, хто будуць гэтыя людзі, якіх мы туды будзем дэлегаваць. Некаторым нашым сябрам паступаюць прапановы ад адзінага кандыдата, мы таксама будзем абмяркоўваць гэтае пытаньне аб працы ў яго камандзе.”

АГП аналягічныя пытаньні будзе разглядаць у сераду на паседжаньні палітрады сваёй партыі,– паведаміў А. Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Аб’яднаную грамадзянскую партыю я разглядаю як калі не асноўнага, то аднаго з асноўных інвэстараў працэсу аб’яднаньня. Многае залежыць ужо ад Алеся Мілінкевіча. Я асабіста гатовы падставіць сваё плячо”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG