Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праходзілі прэзэнтацыі прэтэндэнтаў?


Алесь Дашчынскі, Менск На прэзэнтацыі прэтэндэнтаў на абраньне адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў, паводле жэрабя, выступілі лідэр АГП Анатоль Лябедзька, старшыня ПКБ Сяргей Калякін, грамадзкі лідэр Аляксандр Мілінкевіч і лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч.

Прэзэнтацыі Анатоля Лябедзькі і Аляксандра Мілінкевіча былі падобныя па форме – спачатку быў паказаны відэаролік, а потым выступілі самі кандыдаты. Выступ спадара Лябедзькі быў эмацыйны і неаднаразова перарываўся воплескамі.

(Лябедзька: ) “Мы ня дзелімся ў гэтай залі на правых і левых, на кмуністаў і нацыяналістаў. Сёньня мы з вамі дзелімся на аптымістаў і пэсымістаў. Я належу да першых. Я веру, што перамены ў Беларусь прынясуць толькі аптымісты. Я – не прарасейскі і не праамэрыканскі палітык, я – прабеларускі палітык. І праект першага дэкрэту новага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь – гэта дэкрэт аб канстытуцыйнай рэформе”.

Анатоль Лябедзька заклікаў Аляксандра Лукашэнку сысьці ў адстаўку прыгожа і годна, пакуль ёсьць такі шанц, каб не ўвайсьці ў гісторыю ў якасьці апошняга дыктатара ў Эўропе. Напрыканцы свайго выступу спадар Лябедзька даў клятву на Бібліі, Канстытуцыі 94-га году і кнізе збору твораў Васіля Быкава, якія ён прынес на трыбуну.

(Лябедзька: ) “Я ня стану на калені і не схілю галавы ні перад якімі перашкодамі і праблемамі. Я ніколі ня здраджу ні вам, ні духу і ідэалам кангрэсу”.

У сваім выступе Аляксандр Мілінкевіч падзякаваў, найперш, за падтрымку партыі “зялёных”, партыі БНФ і сябрам Эўрапейскай кааліцыі.

(Мілінкевіч: ) “Для мяне сёньня апошні дзень вызначэньня адзінага кандыдата. І хто б ім ня быў, стану поплеч і буду працаваць. Калі буду сам, пайду наперадзе, пайду да канца і буду на плошчы разам з усімі, бо бяз плошчы мы таксама не абыйдземся. Я прашу галасаваць толькі тых, хто за жалезную дысцыпліну і за цьвёрдую вэртыкаль дэмакратычнай кааліцыі. Тых, хто хоча, каб гэта было нешта аморфнае, пэўны кісель, я прашу за мяне не галасаваць. Я ў такой працы ня бачу сэнсу. Выбар за намі. Я думаю, нам хопіць мужнасьці і адказнасьці за тое, што мы маем сёньня перад сабой. Мы маем змаганьне за волю і свабоду нашай Бацькаўшчыны. І мы пераможам. У 1991 годзе мы здабылі незалежнасьць. У 2006 годзе мы здабудзем свабоду для Беларусі, свабоду назаўсёды!”

Сяргея Калякіна спачатку прадставіў прафэсар Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту Валеры Беразіенка. Гэты выступ быў перарваны сьвістам і крыкамі “Ганьба!”

(Беразіенка: ) “Я ўпэўнены, што перадвыбарчую кампанію Сяргей Іванавіч арганізуе самым лепшым чынам, а крыкі і размахваньне бел-чырвона-белымі сьцягамі не дададуць ніводнаму нашаму кандыдату галасоў, а наадварот паменшаць яго шанцы на перамогу”.

Сяргей Калякін пачаў свой выступ менавіта з гэтага інцыдэнту. Маўляў, падобныя заявы “льюць ваду на млын нашага ворага”.

(Калякін: ) “Мы ня такія з вамі моцныя, каб пасварыцца з-за сур’ёзных рэчаў, якія, аднак, не зьяўляюцца галоўнымі сёньня для нас. Мы павінны сканцэнтраваць намаганьні дзеля таго, дзеля чаго тут сабраліся, – каб вярнуць Беларусь на шлях дэмакратыі”.

Сяргей Калякін заклікаў абыйсьці 2,5 мільёны кватэраў, дзе жыве 7 мільёнаў выбарнікаў. Ён заклікаў да аб’яднаньня і выказаў ўпэўненасьць, што чатыры пятыя дэлегатаў пагодзяцца з рашэньнем кангрэсу.

Завяршыў прэзэнтацыю лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч. Ён нагадаў, што мае самы высокі рэйтынг вядомасьці і самы высокі рэйтынг падтрымкі ў грамадзтве.

(Шушкевіч: ) “Я клапаціўся аб тым, каб ведалі, што такое Беларусь у сьвеце, сустрэўся з кіраўнікамі самых вядомых краін сьвету, самымі вядомымі палітыкамі. Аб сустрэчы з такімі асобамі Лукашэнка і марыць ня можа. І дзякуючы гэтым намаганьням сьвет правільна ўспрымае і сёньняшнюю Беларусь. Не хачу рабіць перабор зь вядомасьцю і славай. Яна мяне і так не абмінула. Я не пакідаю палітыку і буду змагацца за дэмакратычную, прававую, справядлівую Беларусь. І апошняе. Я здымаю сваю кандыдатуру на карысьць таго, каго абярэ Кангрэс. Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG