Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое DX


Сяргей Шупа, Прага А зараз на нашых хвалях – перадача “Настрой на Свабоду”, прысьвечаная праблемам прыёму нашых праграмаў.

Вітаю ўсіх слухачоў перадачы “Настрой на Свабоду”. У сёньняшняй перадачы мы пагаворым пра адно цяпер ужо крыху прызабытае хобі – радыёпрыём. Сёньня слуханьне радыё ў бальшыні выпадкаў абмяжоўваецца ўключэньнем прыймача ў дыяпазоне FM і выбарам станцыі, якая перадае блізкую сэрцу слухача музыку – вядома, калі ёсьць з чаго выбіраць. Але адносна нядаўна – яшчэ нейкіх гадоў 20-30 таму – радыё было невычэрпнай крыніцай музыкі, навінаў, зьвестак самай разнастайнай інфармацыі, дапаможнікам у вывучэньні моваў дый шмат чым яшчэ, прычым слухалі людзі ўсе хвалі – ад самых даўгіх да самых кароткіх. Спадзяюся, гэтая старая культура радыёслуханьня яшчэ не памерла дарэшты – жывое пацьверджаньне гэтаму – тыя, хто слухае цяпер гэтую перадачу на кароткіх або сярэдніх хвалях.

Дык вось, хобі гэтае – прыём далёкіх і блізкіх радыёстанцыяў – называецца DX-інгам (дыэксінгам), а тыя, хто на гэтую хваробу хворы – дыэксістамі. Гадоў 20 таму бадай што не было ніводнай саліднай радыёстанцыі зь міжнародным вяшчаньнем, якая б ня мела ў сваёй праграме перадачы для аматараў далёкага прыёму, для дыэксістаў. У такіх перадачах перадаваліся DX-навіны – пра зьяўленьне новых станцыяў, пра зьмены частотаў, пра новыя мадэлі прыймачоў ды шмат чаго іншага. Цяпер сьвет дыэксістаў значна зьменшыўся, на кароткіх і на сярэдніх хвалях з кожным годам застаецца ўсё менш і менш станцыяў, аднак хобі гэтае ўсё яшчэ жывое, месцам кантактаў дыэксістаў сталася сусьветнае Сеціва – там існуе мноства сайтаў з самай разнастайнай DX-інфармацыяй.

***

Дасьведчаны дыэксіст можа распазнаць ці ня сотню розных моваў зямлі, а некаторыя словы і выразы – вітаньні, ідэнтыфікацыйныя абвесткі, лічбы – і сам можа агучыць на дзясятках моваў. Або можа пазнаць станцыю паводле студыйнага фону. Або круціць ручку настройкі і ня гледзячы на шкалу называць частоты. Ну і ўсякае такое.

Ёсьць у гэтым хобі і свой матэрыяльны калекцыянэрскі момант – зьбіраньне картак-пацьверджаньняў рапартаў аб прыёме. Выглядае гэта так: дыэксіст ловіць нейкую экзатычную станцыю, тады складае спэцыяльны рапарт аб прыёме, дасылае яго станцыі і празь нейкі месяц, або часам і праз год, атрымвае адмысловую картку пацьверджаньне або на радыёжаргоне – картку QSL. Цяпер можаце сабе ўявіць – колькі картак ад розных станцыяў сьвету можна сабраць за 5, 10 або 20 гадоў.

Дарэчы, Беларуская Служба Радыё Свабода была апошняй і доўгія гады адзінай службай нашага радыё, якая дасылала QSL-карткі ў адказ на рапарты аб прыёме. Самі карткі ў нас, на жаль, ужо скончыліся, але мы спадзяемся ў найбліжэйшым часе выдрукаваць новыя і аднавіць нашу DX-традыцыю. Тым слухачам, якія даслалі і дасылаюць нам свае рапарты, мы абяцаем выслаць карткі, як толькі мы зноў іх будзем мець, а тым, хто яшчэ нам нічога не даслаў, я раскажу – як складаецца тыповы рапарт аб прыёме радыёстанцыі.

***

Дыэксісты, якія шлюць рапарты рэгулярна і ў вялікай колькасьці, маюць на гэта спэцыяльныя блянкі, але тут ніякай абавязковай формы няма. Аднак рапарт мусіць утрымваць пэўную абавязковую інфармацыю. І вось якую:

– месца прыёму – марка і мадэль прыймача – тып і характарыстыка антэны – час прыёму – частата, на якой прымалася станцыя – якасьць прыёму ў кодзе SINPO (што гэта – скажу крыху пазьней) – прыблізны зьмест праграмы ў часе прыёму – любая важная дадатковая інфармацыя, напрыклад перашкоды ад іншых станцыяў, глушэньне, зьнікненьне сыгналу і падобнае

Усё гэта запісваецца ў рапарце і рапарт дасылаецца адпаведнай службе станцыі. Некаторыя станцыі патрабуюць даслаць разам з рапартам гэтак званыя міжнародныя купоны паштовай аплаты – гэта ўнівэрсальная паштовая валюта, за якую ў любой краіне можна набыць маркі – такім чынам дасылку карткі QSL аплачвае сам дыэксіст.

Ацэнка якасьці сыгналу выстаўляецца спэцыяльным SINPO-кодам, які складаецца з 5 лічбаў – ацэнак сілы сыгналу, інтэрфэрэнцыі, атмасфэрных шумоў, згасаньня і агульнай ацэнкі (Signal, Interference, Noise, Propagation, Overall merit – SINPO – гэта першыя літары гэтых словаў). Найлепшы бал – 5, найгоршы – 1.

Першая лічба – сіла сыгналу.

5 – выдатны сыгнал. Калі ёсьць індыкатар – максымальны ўзровень. 4 – добры сыгнал. Усё выдатна чуваць, але індыкатар паказвае крыху менш за максымум. 3 – сярэдні сыгнал. Нармальна чуваць голас, усе словы зразумелыя. Музыка чутна, але невыразна. 2 – слабы сыгнал. Голас чуваць, часам можна нешта зразумець. 1 – жахлівы сыгнал. Голас чуваць зусім троху, зразумець нічога нельга.

Другая лічба – інтэрфэрэнцыя або перашкоды ад іншых станцыяў 5 – ніякіх перашкодаў. 4 – лёгкія перашкоды, якія амаль не замінаюць слухаць выбраную вамі станцыю. 3 – перашкоды сярэдняй сілы. Ваша і “чужая” станцыі гучаць з аднолькавай сілай. 2 – моцныя перашкоды. Ваша станцыя ледзь чутная пад сыгналам “чужой”, часам можна нешта разабраць – або проста пачуць, што ваша станцыя таксама працуе на гэтай частаце 1 – вельмі моцныя перашкоды. Ваша станцыя накрытая наглуха.

Трэцяя лічба – шумы 5 – ніякіх шумоў. 4 – лёгкі шум, які не замінае слухаць праграму. 3 – сярэдні шум, які часам заглушае праграму. 2 – моцны шум, за якім вельмі цяжка нешта разабраць, але сыгнал станцыі яшчэ можна пачуць. 1 – вельмі моцны шум, за якім зусім не чутна ваша станцыя.

Чацьвертая лічба – згасаньне сыгналу 5 – ніякага згасаньня, сіла сыгналу не мяняецца. 4 – сыгнал стабільны, зь лёгкім згасаньнем, якое не перашкаджае чутнасьці. 3 – сыгнал хісткі, часам слабне, часам згасае зусім. 2 – моцнае згасаньне, аж да поўнага зьнікненьня сыгналу. 1 – вельмі моцнае згасаньне, бальшыню часу сыгнал адсутнічае.

Пятая лічба – агульная ацэнка 5 – выдатна. Ідэальная чутнасьць. 4 – добра. Час ад часу праблемныя моманты, або нейкая лёгкая праблема ўвесь час. 3 – сярэдне. Слухаць можна, але без асаблівай прыемнасьці, часам даводзіцца напружваць слых і нэрвы. 2 – дрэнна. Часам можна нешта разабраць, а часам – нічога. 1 – зусім ніяк. Неяк яшчэ можна здагадацца, што ваша станцыя тут працуе, але пачуць нічога немагчыма.

Вось жа, прыкладам, сыгналу FM-станцыі часьцей за ўсё можна даць адзнаку 55555. Што да кароткіх хваляў – там такая адзнака будзе вельмі рэдкая, як рэдкая якасьць сыгналу блізкая да FM-нага для станцыі на кароткіх хвалях.

Калі сыстэма пазначэньня якасьці кодам SINPO вам падаецца занадта складанай – можаце ў рапарце апісаць якасьць сыгналу сваімі словамі.

Вось і ўсё, што датычыць складаньня рапартаў аб прыёме. У канцы кастрычніка мы пераходзім на зімовыя частоты – гэта час, калі інфармацыя аб якасьці прыёму для нас асабліва важная. Чакаем вашых рапартаў!

***

Як мы паведамлялі раней, у рамках перадачы “Настрой на Свабоду” цяпер штомесяц будзе праводзіцца конкурс для нашых слухачоў. Кожны месяц у вас будзе магчымасьць выйграць наш прыз – партатыўны радыёпрыймач зь лічбавай настройкай Grundig YachtBoy-P2000.

І зараз – увага! – умовы нашага кастрычніцкага конкурсу. У праграмах Беларускай Свабоды ўжо некалькі гадоў гучыць перадача “Сучасныя мэмуары”. Калі ласка, назавеце – хто за гэтыя гады ўжо выступаў на нашых хвалях са сваімі ўспамінамі? Больш шанцаў выйграць прыз будзе мець той, хто ня толькі назаве аўтараў мэмуараў, але і прыпомніць – як называлася сэрыя ўспамінаў таго або іншага аўтара. Вось, напрыклад, цяпер свае ўспаміны завяршае чытаць пісьменьнік Уладзімер Арлоў, ягоная сэрыя мае загаловак “Полацкі вецер”. Жадаем Вам посьпехаў!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG