Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Экамэдсэрвіс” і “Нардзін” аднаўляюць працу


Міхал Стэльмак, Менск Мэдычныя цэнтры “Экамэдсэрвіс” і “Нардзін” аднаўляюць сваю працу па аказаньні насельніцтву паслугаў. Міністэрства аховы здароўя прыняла рашэньне пра выдачу ім ліцэнзіяў на мэдычную дзейнасьць. Нагадаем, некалькі месяцаў таму гэтыя цэнтры з прычыны адсутнасьці, як лічаць у міністэрстве, кваліфікаваных мэдыкаў былі пазбаўленыя ліцэнзіяў і зачынены.

“Экамэдсэрвіс” і “Нардзін” атрымалі ліцэнзіі пад новымі назвамі. Паводле Міністэрства аховы здароўя, у траўні-чэрвені яны анулявалі ліцэнзіі сумеснаму беларуска-амэрыканскаму прадпрыемству “Экамэдсэрвіс-інвэст” і сумеснаму прадпрыемству “Нардзін”. Абодва былі таварыствамі з абмежаванай адказнасьцю. У жніўні ж за атрыманьнем ліцэнзіяў зьвярнулася сумеснае беларуска-амэрыканскае прадпрыемства “Экамэдсэрвіс” і замежнае прыватнае мэдычнае прадпрыемства “Мэдычны цэнтар Нардзін”.

28 верасьня калегія міністэрства разгледзела іх звароты. Гаворыць афіцыйная прадстаўніца міністэрства Вольга Бартман:

(Бартман: ) “Яны ўпершыню пад такой назвай зьвярнуліся. Па выніках праведзенай праверкі гатоўнасьці згаданых прэтэндэнтаў да ажыцьцяўленьня ліцэнзуемай дзейнасьці было прынятае рашэньне пра выдачу ім ліцэнзіяў на ажыцьцяўленьне мэдычнай дзейнасьці”.

У “Экамэдсэрвісе” задаволеныя такім рашэньнем. Гаворыць прадстаўніца “Экамэдсэрвісу” Натальля Крамнёва:

(Крамнёва: ) “Ліцэнзіі мы атрымлівалі на галаўное прадпрыемства. Не на “Экамэдсэрвіс-інвэст”, як гэта было раней. “Экамэдсэрвіс” – гэта прадпрыемства, якое працуе 10 гадоў, гэта таксама сумеснае прадпрыемства. І ў ім няма долі дзяржавы, гэта прыватнае прадпрыемства. Дзяржава ня мае да яго ніякага дачыненьня, апроч таго, што мы ёй плацім падаткі. Цяпер практычна на ўсе тыя паслугі, якія ў нас былі, атрыманы дазвол”.

У “Нардзіне” таксама пацьвердзілі факт атрыманьня ліцэнзіі. І таксама, паводле яго прадстаўнікоў, прадпрыемства застаецца прыватным.

Між тым, на гэтым для “Экамэдсэрвісу” і “Нардзіну” праблемы не скончыліся. Нагадаю, Камітэт дзяржкантролю аштрафаваў іх на вялізныя сумы за парушэньні, як лічаць тут, парадку фармаваньня цэнаў на мэдычныя паслугі. “Нардзіну” вызначылі штраф памерам 710 мільёнаў рублёў і “Экамэдсэрвісу” – 1мільярд 240 мільёнаў.

(Крамнёва: ) “Мы не аплачвалі гэтую суму пакуль. Спэцыялісты, адміністрацыя вырашаюць гэтае пытаньне з Камітэтам дзяржкантролю. Гэта не зьвязана зь Міністэрствам аховы здароўя і ня мае дачыненьне да ліцэнзіі. Таму мы разабраліся зь ліцэнзіяй, а зараз будзем разьбірацца з гэтым пытаньнем”.

Паводле Натальлі Крамнёвай з “Экамэдсэрвісу”, яны плянуюць найбліжэйшым часам аднавіць дзейнасьць па аказаньні паслугаў для жыхароў Беларусі. Разьлічвае неўзабаве вярнуцца да актыўнай мэдычнай дзейнасьці і калектыў “Нардзіна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG