Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Малады фронт" падтрымае на Кангрэсе дэмсілаў Аляксандра Мілінкевіча


Алесь Дашчынскі, Менск На спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі незарэгістраваная арганізацыя "Малады фронт" агучыла сваю пазыцыю наконт адзінага кандыдата. Паводле рашэньня вышэйшага кіроўнага органу, Цэнтральнай рады, маладафронтаўцы падтрымаюць на кангрэсе дэмсілаў Аляксандра Мілінкевіча.

Ад "Маладога фронту" ў працы Кангрэсу дэмсілаў будуць удзельнічаць 28 дэлегатаў. Яшчэ маладафронтаўцы разьлічваюць на падтрымку дэлегатаў ад 10 недзяржаўных арганізацый. Цягам некалькіх месяцаў сябры арганізацыі фронту абмяркоўвалі пытаньне, каму з патэнцыйных кандыдатаў на адзінага яны аддадуць свае галасы. На Цэнтральнай радзе гэтае пытаньне было канчаткова вырашана. Намесьнік старшыні Маладога фронту Валер Мацкевіч.

(Мацкевіч: ) “На Цэнтральнай радзе прысутнічалі 18 сяброў рады, якія мелі права голасу. На Радзе прысутнічалі таксама два кандыдаты на званьне адзінага – Анатоль Лябедзька і Аляксандар Мілінкевіч. Яны выстуілі, пасьля адбылося рэйтынгавае галасаваньне. У якім 16 галасоў было аддадзена Аляксандру Мілінкевічу і 6 галасоў Анатолю Лябедзьку. Гэта азначае, што зараз "Малады фронт" можа афіцыйна заявіць, што будзе падтрымліваць на кангрэсе Аляксандра Мілінкевіча.

"Малады фронт" будзе салідарна галасаваць на кангрэсе дэміслаў, а гэта азначае, што ўсе 28 дэлегатаў падтрымаюць Аляксандра Мілінкевіча. "Маладому фронту" гэты палітык вядомы яшчэ з 2001 году, калі ён узначальваў перадвыбарчы штаб Сямёна Домаша. У той час як Анатоль Лябедзька толькі апошнім часам пачаў супрацоўніцтва з гэтай моладзевай арганізацыяй. Гаворыць намесьнік старшыні "Маладога фронту" Сяржук Лісічонак.

(Лісічонак: ) “Выбар "Малады фронт" рабіў паміж нацыянальным рамантыкам і маладым энэргічным палітыкам. Паслухаўшы і першага, і другога, паслухаўшы чалавека са спакойнай харызмай і чалавека, у якога харызма такая маладая, прабіўная, параўноўваючы волю да дзеяньня, іхную адкрытасьць да супрацоўніцтва, мы знайшлі, што яны вельмі падобныя. Але ўсё ж такі нацыянальная ідэя, нацыянальная рамантыка для "Маладога фронту" застаецца адным з краевугольных камянёў нашых перакананьняў, нашых дзеяньняў. І таму нацыянальны рамантык у "Маладым фронце" атрымаў перамогу пад час галасаваньня”.

"Малады фронт", як і іншыя суб’екты “дзясяткі”, удзельнічае ў падрыхтоўцы кангрэсу дэмсілаў. Пры яго ўдзеле на зацьвярджэньне кангрэсу будзе прапанаваны праект звароту да моладзі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG