Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой будзе тэхнічная арганізацыя Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі?


Галіна Абакунчык, Менск Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі, прызначаны на 1 і 2 кастрычніка, пройдзе ў Менскім палацы культуры аўтазаводу. Слухачы Радыё Свабода цікавяцца якім будзе тэхнічнае забесьпячэньне форуму: ці будзе арганізаваная трансьляцыя хады кангрэсу на вуліцу праз узмацняльнікі, ці дадзены арганізатарам патрабаваны час для выступу на тэлебачаньні, праз якія мэдыі магчыма будзе сачыць за разьвіцьцём падзеяў цягам гэтых двух дзён? Гэтыя й іншыя пытаньні арганізатарам Кангрэсу дэмакратычных сілаў задавала наша карэспандэнтка.

Старшыня аргкамітэту Аляксандр Бухвостаў паведаміў, што радыётрансьляцыі хады кангрэсу ня будзе, паколькі адміністрацыі палацу не дазваляе выставіць на вуліцу дынамікі.

Паводле Бухвостава, чыноўнікі не адважваюцца прыняць рашэньне нават пра тое, каб дазволіць разьмясьціць над уваходам у будынак плякату з надпісам, што тут адбываецца Кангрэс дэмакратычных сілаў. Прыкладна гэткае ж становішча склалася й у адносінах зь Беларускім тэлебачаньнем: тэле-чыноўнікі ня далі ніякага адказу на запыт выдзеліць пэўны эфірны час для выступу арганізатараў кангрэсу. Натуральна, што з гэтых прычынаў, форум адменены ня будзе. Але людзям неабыякавым, хто жадае мець апэратыўную інфармацыю пра хаду й вынікі форуму спадар Бухвостаў параіў наступнае.

Гаворыць старшыня аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “У асноўным будуць прапускацца на кангрэс запрошаныя й дэлегаты. Таму пажадана, каб людзі, якія хочуць там быць, патрапілі ў шэрагі запрошаных. Бо кангрэс зьбірае больш за тысячу чалавек і нам бы хацелася, каб мы былі застрахаваныя ад усялякіх эксцэсаў унутры будынка. А таму масавага праходу ня будзе, а толькі па пропусках. Калі людзі прыйдуць да палацу, то да іх выйдуць прадстаўнікі палітычных партыяў, дэлегаты кангрэсу й яны змогуць усё паведаміць. Вы ж разумееце, што масавы мітынг мы наўрад ці там будзем арганізоўваць, але калі народу шмат зьбярэцца, натуральна да іх выйдуць людзі распавядуць што там робіцца.”

Як паведаміла сябра аргкамітэту Людміла Багдановіч, днямі распачынае працу прэсавы цэнтар, які будзе прымаць заяўкі на ўдзел у асьвятленьні форуму журналістаў незалежных і дзяржаўных друкаваных і электронных мэдыяў. Цягам двух дзён для іх будуць арганізаваныя прэсавыя канфэрэнцыі й брыфінгі. Хаду й вынікаў форуму будуць асьвятляць нават самыя ягоныя ўдзельнікі й госьці праз інтэрнэт-сайты сваіх партыяў і рухаў – кажа спадарыня Багдановіч.

(Багдановіч: ) “Каля 30 чалавек ад розных прэсавых службаў, запрошаныя ў якасьці гасьцей, удзельнікаў і назіральнікаў кангрэсу. Усе яны з розных газэтаў і часопісаў у розных рэгіёнах краіны. Зь іхных інтэрнэт і партыйных сайтаў можна будзе атрымоўваць самую апэратыўную інфармацыю. Радыё Свабода, спадзяемся, будзе паведамляць, газэта “Народная воля”, “Наша ніва” напішуць. Мы нічога не павінныя хаваць ад нашых суграмадзянаў. Наадварот, мы вельмі зацікаўленыя каб як мага шмат людзей даведаліся чым там займаюцца людзі, якія хочуць пераменаў у краіне”.

На пытаньне, ці не асьцерагаюцца арганізатары кангрэсу, што дзяржаўныя мэдыі пададуць пра вынікі форуму скажоную інфармацыю, спадарыня Багдановіч адказала наступнае.

(Багдановіч: ) “Нашыя ж людзі прывыклі чытаць між радкоў. І калі там будуць дасьведчаныя й зразумелыя думкі й прапановы, то як бы іх хто ні скажаў, людзі ўсё роўна ўсё зразумеюць”.

Як паведамілі арганізатары, ахову Кангрэсу забясьпечаць каля 50 добраахвотнікаў з шэрагу сяброў і прыхільнікаў партыяў. Свае паслугі прапанавалі таксама прадстаўнікі міністэрства ўнутраных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG