Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Моладзевыя арганізацыі патрэбныя перш за усё нам, прэзыдэнту”


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік Беларусі выступіў на чарговым зьезьдзе Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, які праходзіў у менскім Палацы рэспублікі. Аляксандар Лукашэнка лічыць правільным, што Беларусь не імкнулася ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз.

А.Лукашэнка заклікаў моладзь змагацца за захаваньне парадку і стабільнасьці ў краіне, інакш “не патрэбны будзе ні хлеб, ні жыльлё, калі штодня на вуліцах будуць грымець выбухі”. Паводле кіраўніка краіны, пасьля выбухаў у Віцебску грамадзтва павінна страпянуцца. На дзяржаўным роўні будуць прынятыя самыя жорсткія меры дзеля бясьпекі народу.

Кіраўнік краіны заявіў, што зьнешнія сілы будуць ціснуць на Беларусь і да гэтага трэба рыхтавацца: “Нас ужо душылі палітычна, потым эканамічна, затым яшчэ рознымі шляхамі ідэалягічна. Сёньня ідзе прэсінг у сродках масавай інфармацыі. Ім не падабаецца палітыка, якую мы праводзім у Беларусі. Справа не ў Лукашэнку, а ў той палітыцы, якая праводзіцца”.

Паводле Лукашэнкі, арсэнал сродкаў для ціску на Беларусь застаўся невялікім. Засталося дэстабілізаваць абстаноўку.

(Лукашэнка: ) “Моладзевыя арганізацыі патрэбныя перш за ўсё нам, прэзыдэнту, як апора, як сэгмэнт нашага грамадзтва. А моладзевыя арганізацыі дзеля забесьпячэньня стабільнасьці ў гэтым хоць бы сэгмэнце грамадзтва”.

Актывіст моладзевага руху “Зубр” Аляксандар Атрошчанкаў так пракамэнтаваў гэтае выказваньне кіраўніка Беларусі:

(Атрошчанкаў: ) “Улады б’юцца ў гістэрыцы, яны разумеюць, што хутка ім давядзецца адказваць за ўсе злачынствы, за зьніклых, за людзей, якія прайшлі праз турмы, былі зьбітыя. Гэта нармальна, што яны выкарыстоўваюць такія сродкі, што намагаюцца далучыць да сябе як мага больш БРСМаўцаў. Але БРСМ — гэта такая арганізацыя, куды людзі ідуць па льготы, прывілеі, дзеля кар’еры. Таму, зразумела, ніхто там ня будзе біцца за Лукашэнку. Тое, што Лукашэнка шукае прыхільнікаў, абсалютна зразумела, як для чалавека, у якога не засталося саюзьнікаў”.

А.Лукашэнка таксама лічыць правільным, што Беларусь не імкнулася ўступіць у Эўразьвяз, бо як толькі новыя ўсходнія краіны ўступілі ў Эўразьвяз, “там пайшлі працэсы, якіх не ўспрыняў народ Беларусі”. Маўляў, “калі б мы ўступілі ў гэты эўрапейскі працэс, то мелі б цяпер тое, што і краіны Балтыі, іншыя дзяржавы”. Кіраўнік Беларусі ўпэўнены, што “нас там не чакаюць”. Гэты пасаж камэнтуе адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Лукашэнку выгадна ўвесь час трымаць беларускае грамадзтва ў такім перадваенным стане, быццам нас з усіх бакоў ахапілі ворагі. Калі б Беларусь далучылася актыўна да эўрапейскіх працэсаў, то ўлада Лукашэнкі рухнула б амаль імгненна. Я думаю, што ў першую чаргу там не чакаюць Беларусі, на чале якой знаходзіцца аўтарытарны, самаабвешчаны прэзыдэнт. Там не чакаюць існага беларускага рэжыму”.

У сваім выступе на зьезьдзе БРСМ А.Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь праводзіць моцную моладзевую палітыку. Ён сказаў, што дзяржава ўзяла на сябе клопат, каб даць моладзі адукацыю, працу, вырасьціць здаровае пакаленьне, дапамагчы маладым сем’ям, абараніць юнакоў ад крыміналу, п’янства, наркаманіі, а дзяўчат — ад рабства ва ўсходніх і заходніх гарэмах, зрабіць усё дзеля выхаваньня чалавека-патрыёта. Першы сакратар апазыцыйнага ЦК ЛКСМБ Зьміцер Яненка заявіў:

(Яненка: ) “У Рэспубліцы Беларусі няма ніякай моладзевай палітыкі. Ёсьць толькі падтрымка БРСМ, якая поўнасьцю залежыць ад дзяржавы. Моладзь нікому нічога не павінна. Наадварот, дзяржава павінна ствараць умовы для свабоднага, дэмакратычнага разьвіцьця гэтай моладзі. На жаль, у сёньняшняй Рэспубліцы Беларусі такога няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG