Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школах Горадні выбіраюць паміж сьцягам, гербам і Лукашэнкам


Сяргей Астраўцоў, Горадня У некаторых гарадзенскіх школах настаўнікаў абавязваюць павесіць у клясах дзяржаўныя герб і сьцяг Беларусі, дазваляючы, праўда, замест іх абысьціся партрэтам Аляксандра Лукашэнкі. Наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў высьвятляў, як ставяцца да гэтага гарадзенцы?

Жонка майго знаёмага – настаўніца. Дырэктар школы сказаў ёй з каляжанкамі за сабраныя ў бацькоў грошы купіць на выбар або герб са сьцягам, або партрэт Лукашэнкі – і павесіць у клясах. І вось мой знаёмы гаворыць: вялікі партрэт спадара Лукашэнкі ў рамцы, а таксама такога ж памеру герб са сьцягам каштуюць аднолькава – каля 44 тысяч рублёў; ёсьць, аднак, малы партрэт прэзыдэнта ў рамцы – за 15 тысяч. Паводле знаёмага, дзеля эканоміі большасьць набудзе партрэт.

Я пацікавіўся ў гарадзенцаў, ці лічаць яны патрэбным прэзыдэнцкі партрэт у клясным пакоі.

(Хлопец: ) “Я лічу, што лепей вешаць партрэты выдатных гістарычных асобаў, чым цяперашніх палітыкаў. Дамейка з такіх асобаў, Касьцюшка... Я маю на ўвазе тых, хто ўнёс уклад ва ўсясьветную культуру”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што прэзыдэнцкія партрэты не патрэбныя. Дастаткова, можа, аднаго партрэта ў дырэктара, сакратара ці ў тым жа настаўніцкім пакоі. Тут палітыка замяшаная, мне здаецца, што гэтага ня трэба. У дзяцей у клясе павінны вісець зусім іншыя малюнкі, менавіта малюнкі: тая ж беларуская прырода, той жа зубар – сымбаль нашай Беларусі. Але не партрэт Лукашэнкі, я лічу так. Я сама настаўніца. Так што такой сымболікі ў клясе, асабліва ў пачатковай, ня трэба. Па-мойму, у нас на тэлебачаньні гэтага дастаткова, каб яшчэ ў школу пераносіць гэта ўсё”.

(Малады спадар: ) “Думаю, што ў гэтым няма неабходнасьці. Гэта ўжо стварэньне вобразу нейкага цара ці ідала, якому пакланяюцца. Абсалютна няправільная пазыцыя, гэтага рабіць ні ў якім выпадку нельга”.

Я зайшоў у кнігарню на Савецкай вуліцы і налічыў там дзевяць розных партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі. Ніякіх іншых партрэтаў – Скарыны, Каліноўскага альбо нават Машэрава – там не было. У кнігарні я сустрэў знаёмую пару. Жанчына раней выкладала ў школе гісторыю, у клясе быў партрэт канцлера Сапегі і цытата са Статуту Вялікага Княства Літоўскага аб тым, што “чалавеку пачціваму ў сваёй дзяржаве няма нічога даражэйшага за свабоду”. Дык вось партрэт гэты прыбралі разам зь непатрэбнай цытатай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG