Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень у Берасьці галадаюць уладальнікі маршрутных таксовак


Алег Супрунюк, Берасьце Колькасьць удзельнікаў галадоўкі можа павялічыцца, бо падтрымаць акцыю пратэсту зьбіраюцца прадпрымальнікі, якіх падатковая інспэкцыя абавязвае дадаткова сплаціць у бюджэт дзясяткі мільёнаў рублёў.

Галадоўку, якая пачалася 20 верасьня, у хатніх умовах працягваюць прадпрымальніцы Любоў Рэзановіч і Любоў Лаўруковіч. Спадарыня Рэзановіч кажа, што колькасьць удзельнікаў галадоўкі насамрэч большая і настрой у людзей вельмі рашучы.

(Рэзановіч: ) “Так, а што рабіць? У мяне выхаду няма, мы будзем галадаваць І ўсе мае прадпрымальнікі так казалі. Хай варушацца. Хай нас “хуткая” забірае”.

Падтрымаць сваіх калегаў гатовыя іншыя берасьцейскія ўладальнікі таксовак, якія кажуць, што заўважаюць ціск на галадоўнікаў з боку ўладаў.

(Прадпрымальнік: ) “Я гляджу, што ціснуць на іх: маўляў, спыняйце галадоўку, што вы робіце. Улады захваляваліся”.

Сярод тых, хто гатовы далучыцца да галадоўкі, ёсьць прадпрымальнікі, каму падатковая інспэкцыя ўжо выставіла патрабаваньне сплаціць рэспубліканскі збор за выкарыстаньне ўвезеных на тэрыторыю Беларусі аўтамабіляў у камэрцыйных мэтах. Неабходнасьць сплаціць гэты збор памерам ад 20 да 50 мільёнаў рублёў тычыцца і тых машынаў, што трапілі ў Беларусь яшчэ да выхаду адпаведнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі.

Абскардзіць дзеяньні падатковых органаў прадпрымальнікі спрабуюць у Берасьцейскім абласным гаспадарчым судзе. Аднак у гэтай судовай установе заявілі, што будуць прытрымлівацца парадаў зь Менску.

(Судзьдзя: ) “У нас ужо ёсьць рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду. Там адназначна гаворыцца, што трэба плаціць”.

Між тым, адну з галадоўніц Любоў Лаўруковіч сёньня выклікалі ў абласны дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, дзе папярэдзілі пра неабходнасьць тэрмінова сплаціць рэспубліканскі збор за сваю машыну. У іншым выпадку на прадпрымальніцу абяцалі завесьці крымінальную справу.

Дакладна, на гэты момант у галадоўцы бяруць удзел як мінімум два чалавекі: Любоў Рэзановіч і Любоў Лаўруковіч. Адна з галадаючых (Любоў Рэзановіч) і ўчора, і сёньня сьцвярджала, што галадае больш людзей (5-6) у сваіх кватэрах, аднак акрамя яе словаў пацьверджаньня гэтаму факту пакуль няма.

***

Нагадаем, што берасьцейскія галадоўнікі ўвезьлі ў Беларусь свае мікрааўтобусы задоўга да ўказу Аляксандра Лукашэнкі пра рэспубліканскі збор, якія цяпер ад іх патрабуюць заплаціць Такім чынам, у гэтым выпадку ня дзейнічае юрыдычны прынцып, што закон ня можа мець зваротнай сілы.

Вось што сказала раней нашаму радыё прадпрымальніца Любоў Рэзановіч, ад якой патрабуюць 50 мільёнаў рублёў:

(Рэзановіч: ) “Нам проста адмовілі. Мы ў адміністрацыю прэзыдэнта тэлефануем, а нам мужык наўпрост адказвае — казна пустая, і нам трэба яе напаўняць. Любым чынам мы яе будзем напаўняць. А за чый кошт? За кошт прадпрымальнікаў. З кпінам — усё, да пабачэньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG