Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Партнэрства” станоўча ацаніла выбары дэлегатаў на Кангрэс дэмсілаў


Міхал Стэльмак, Менск Нягледзячы на ціск уладаў, выбары дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў прайшлі ў дэмакратычнай атмасфэры. Такі лейтматыў справаздачы пра назіраньне за працэдурай вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс, які падрыхтавала грамадзянская ініцыятыва “Партнэрства”.

Як зазначана ў справаздачы, “Партнэрства” арганізавала незалежнае назіраньне за працэдурай вылучэньня дэлегатаў Кангрэсу, дзе будзе абраны адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары. Свае высновы назіральнікі, як паведаміў нашаму Радыё каардынатар праекту Мікалай Астрэйка, зрабілі па выніках раённых сходаў:

(Астрэйка: ) “У першую чаргу пазытыўны момант гэта ўсё ж тое, што гэтыя сходы ўсё ж адбыліся. У іх паўдзельнічала больш за 4 тысячы чалавек. Гэта ў любым выпадку значна лепей, чысьці тая кампанія па вызначэньні адзінага кандыдата, якая мела месца ў 2001 годзе. Тады гэта было 4 ці 5 чалавек, якія вызначалі адзінага кандыдата. Зараз значна большая колькасьць людзей. Гэта пазытыўны момант.

У той жа час можна адзначыць і нэгатыўныя моманты. Па-першае, тое, што кампанія ішла ў межах перасьледу і ўдзельнікі і арганізатары перасьледваліся. Ёсьць судовыя справы. Ёсьць сходы, спыненыя міліцыяй”.

У прыватнасьці, у справаздачы прыводзяцца прыклады ціску на ўдзельнікаў сходаў у Маладэчанскім, Сьветлагорскім, Калінкавіцкім, Чачэрскім раёнах. Разам з тым, паводле назіральнікаў “Партнэрства”, у дзеяньнях кааліцыі пры арганізацыі такіх сходаў мела месца і непасьлядоўнасьць. Найперш, як паведаміў каардынатар назіраньня, у пытаньні кворуму:

(Астрэйка: ) “Калі першапачаткова вызначаўся адзін кворум для ўдзельнікаў. Потым зьявіўся другі кворум для ўдзельнікаў. Як бы не зусім зразумела і не зусім справядліва атрымліваецца ў дачыненьні да дэлегатаў, якія былі абраныя. Таму што адных дэлегатаў абрала 25 чалавек, другіх дэлегатаў абрала 13 чалавек, трэціх абрала 22 чалавекі. Вядома, для нас зразумела, што ўмовы не спрыяюць правядзеньню сходаў, аднак з гэтым трэба было вызначацца першапачаткова. Акрамя таго, яшчэ адзін нэгатыўны момант у тым, што вялікая колькасьць сходаў не адбылася. Гэта значыць, што многія раёны былі выключаны з гэтага працэсу. Апроч таго, з нэгатыўных тэндэнцыяў варта адзначыць, што кампанія аказалася зацягнутай. Таму што меркавалася, што кампанія адзінага кандыдата пачнецца раней”.

Што тычыцца агітацыі, то, як зазначана ў справаздачы, яе нельга назваць актыўнай. Прэтэндэнты на ролю адзінага кандыдата больш інфармавалі, чым агітавалі. Згодна зьвестак назіральнікаў, найбольшую колькасьць сходаў наведаў Аляксандр Мілінкевіч – 20. Па 17 сходаў наведалі Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін. Яшчэ аднаго прэтэндэнта Станіслава Шушкевіча назіральнікі “Партнэрства” бачылі на 15 сходах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG