Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывецца беларускім пэнсіянэрам?


Іна Студзінская, Менск У Беларусі на кожныя 100 працаўнікоў прыпадае 60 пэнсіянэраў. Чвэрць насельніцтва – людзі сталага веку. І лічбы гэтыя кожны год растуць. Але памеры пэнсіяў беларусаў у паўтара разу вышэйшыя, чым, да прыкладу, у Расейскай Фэдэрацыі, яны жывуць значна лепш за суседзяў, -- так заяўляе кіраўнік дзяржавы. Ці задаволеныя беларускія пэнсіянэры сваім жыцьцём?

Аляксандар Лукашэнка назваў пэнсіянэраў “самай сьвядомай часткай грамадзтва і асновай стабільнасьці ў краіне". "У Беларусі, у адрозьненьне ад суседніх краінаў, пэнсіянэры не прад''яўляюць да ўлады вялікіх прэтэнзіяў, яны разумеюць, што краіне нялёгка,” – патлумачыў Лукашэнка.

(Спадарыня: ) “Пэнсію рэгулярна плацяць. Яшчэ пакуль Лукашэнка клапоціцца пра людзей”.

Меркаваньне пэнсіянэркі Клаўдзіі Лазарчук зь вёскі Збляны Лідзкага раёну.

(Лазарчук: ) “Раней дзяцей па школах пыталіся: кім вы хочаце быць? Адзін касманаўтам, другі доктарам, трэці настаўнікам. Цяпер усе ў адзін голас кажуць – пэнсіянэрам, бо бачаць, што тыя грошы атрымліваюць. А тыя, што ў калгасах, нічога ня маюць (сьмех )…”

Але далёка ня ўсе беларускія пэнсіянэры задаволеныя сваім жыцьцём. Меркаваньне былой сельскай настаўніцы спадарыні Ларысы са Случчыны.

(Спадарыня Ларыса: ) “Што за тыя грошы, за тую пэнсію можна купіць? Асабліва ў вёсцы. Трымаць гаспадарку пэнсіянэры ўжо ня могуць, добра ў каго тут побач радня якая ёсьць ці сыны, ці дочкі. А як адзін жыве? Той пэнсіі ніколі не хапае. Добра, што яшчэ бульба ёсьць”.

Пэнсіянэрка Ванда Матусевіч з вёскі Гарбузы Дзяржынскага раёну атрымлівае 80 тысяч.

(Матусевіч: ) “У мяне 36 год стажу, але маленькі каафіцыент. Рабіла паляводам – і касіла, і арала, цяжка-цяжка было, а пэнсія вось такая ў мяне на старасьць – жыві, як хочаш. А ў мяне нічога няма са скаціны, нават курэй. Усё жывое трэба карміць – а за што я буду?! Ужо можа не доўга засталося…”

Дарэчы, бюджэт пражытковага мінімуму, які зацьвярджаецца штоквартальна, складае для пэнсіянэра 124 тысячы. Гэта, так бы мовіць, узровень фізычнага выжываньня. Ці можна пражыць на гэтыя грошы?

(Пэнсіянэр: ) “Калі ў пэнсіянэра кардыялягічнае захворваньне, гэтых грошай ня хопіць яму на адны лекі”.

(Карэспандэнтка: ) “Нават калі і здароўе нічога, то можна пражыць на 124 тысячы?”

(Пэнсіянэр: ) “Пражыць можна, пакуль будуць у цябе запасы, як ва ўсіх пэнсіянэраў. Як толькі запасы скончацца, не пражывяце. Што можна купіць за гэтыя грошы? Малако, батон, пачак пяльменяў? Не, на пяльмені ня хопіць. Пра мяса гаворкі ісьці наагул ня можа. Так што, ня ведаю, хто прыдумаў гэты нарматыў, хай бы ён пражыў адзін месяц на 124 тысячы!”

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, сярэднемесячная пэнсія ў Беларусі складае 135% да бюджэту пражытковага мінімуму і 42% ад сярэдняй заработнай платы. (Гэта прыкладна 80 даляраў). "Такіх суадносінаў няма ў нашых суседзяў і ў былых сацыялістычных дзяржавах”, сказаў кіраўнік дзяржавы.

Экс-міністар працы, кандыдат эканамічных навук Аляксандар Сасноў лічыць гэта параўнаньне некарэктным.

(Сасноў: ) “Што тычыцца таго, што ў нас самыя лепшыя пэнсіі -- то ня трэба параўноўваць з Туркмэніяй ці Армэніяй. Хай параўнаюць зь Літвой ды Латвіяй”.

Аляксандар Сасноў ня лічыць беларускую пэнсійную сыстэму справядлівай.

(Сасноў: ) “Справядлівай наша сыстэма не зьяўляецца. Бо калі б яна наўпрост залежала ад таго, колькі чалавек адпрацаваў і колькі зарабіў, дык яны былі б зусім розныя, і розьніца была б значная. А цяпер максымальная пэнсія -- для простага чалавека -- толькі ў 3 разы перавышае самую маленькую пэнсію (працоўную). Наша пэнсійная сыстэма забірае аж 35% ад налічанай зарплаты з кожнага вытворцы. Гэта вельмі шмат”.

Пэнсійная сыстэма краіны нясе “велізарныя, калясальныя выдаткі – каля трох мільярдаў даляраў у год” -- такія лічбы прывёў Лукашэнка і патлумачыў гэта ростам арміі пэнсіянэраў. Эканамісты аднак лічаць, што многае залежыць не ад колькасьці непрацаздольнага насельніцтва, а ад прынцыпу ўтварэньня пэнсійнага фонду. Вось што на гэты конт мяркуе эканаміст Міхаіл Залескі.

(Залескі: ) “Прынцып утварэньня пэнсійнага фонду ў нас салідарны – я зараз працую на тое, каб старыя атрымлівалі пэнсію. А мае дзеці мусяць працаваць на тое, каб пэнсію атрымліваў я. І ў такім выпадку, чым больш пэнсіянэраў у складзе насельніцтва, тым больш інтэнсіўна павінны працаваць астатнія. Калі пэнсія назапашваецца чалавекам на працягу яго жыцьця рэальна, то ён можа існаваць незалежна ад таго, мае ён працавітых дзяцей ці не. Вось тут самая галоўная праблема”.

Такой жа думкі прытрымліваецца і эканаміст Аляксандар Сасноў.

(Сасноў: ) “Ад той сыстэмы, што ёсьць, трэба сыходзіць. Напрамак -- назапашвальная сыстэма, як ва ўсім сьвеце”.

Ва ўсіх заходніх краінах – і нават у Расеі – ствараюцца так званыя пэнсійныя фонды назапашваньня, калі працаздольны чалавек сам клапоціцца пра сваю будучыню -- праз пералічэньне часткі заробку ў адмысловы фонд. Чаму Беларусь ня йдзе на гэта? Спадар Залескі лічыць, што няма эканамічных умоваў: адсутнічае стабільная валюта, стабільная эканоміка.

(Залескі: ) “У нас усё трымаецца на адной толькі вэртыкалі, а гарызанталі няма. Прынцып эканомікі бюракратычны. І таму ніхто не спадзяецца, што, калі, прыкладам, я панясу грошы ў нейкі банк, то праз колькі дзясяткаў гадоў я сабе на пэнсію атрымаю грошы. Гэта самы галоўны паказчык эканомікі, рэйтынгавасьці эканомікі – тое, што людзі не назапашваюць сабе на пэнсію. У нас няма рэальных пэнсійных фондаў, у якія б верыла значная частка грамадзтва”.

Што да стварэньня фондаў назапашваньня для старых людзей, то ў Беларусі гэта справа вельмі далёкай будучыні. На думку вышэйшага кіраўніцтва краіны, павысіць даходнасьць пэнсійнай сыстэмы можна толькі нарошчваючы аб''ёмы вытворчасьці і павялічваючы зарплату тым, хто працуе. Праўда, Лукашэнка паабяцаў, што карэкціроўка пэнсійнага заканадаўства ні ў якім разе не павінна пагоршыць цяперашні стан пэнсіянэраў.

Ці вераць яму людзі сталага веку? Меркаваньне былой настаўніцы спадарыні Ларысы са Случчыны.

(Ларыса: ) “Я чула, што ён гаварыў. Гэта проста красамоўныя словы, якія ён заўсёды гаворыць. Каб я яшчэ не рабіла, гарод той не глядзела, дзьве каровы не трымала, пакуль сілы ёсьць, дык што б я за гэтыя 200 тысяч купіла? Ну што рабіць, калі такая наша доля?”

(Карэспандэнтка: ) А верыце вы, што штосьці палепшыцца?

(Спадарыня: ) “Не-не! Я ўжо нікому ня веру. Я асабіста ня веру ні ў якія словы, што ён там гаворыць, Аляксандар наш Рыгоравіч, ні таму, што ён абяцае. Можа, каму ад гэтага і лепш, а я бачу, што нічога ня лепш”.

Пэнсіянэрам застаецца спадзявацца, як і раней, што выратуе гарод і лецішча.

Кандыдата эканамічных навук Міхаіла Залескага я таксама адарвала ад працы на гародзе, у сваякоў з Горацкага раёну.

(Залескі: ) “Я якраз быў на гародзе зараз, і бачыў там усіх пэнсіянэраў у адпаведнай пазыцыі. Таму што калі ўзяць прыбыткі пэнсіянэраў, то ў нас пераважная бальшыня пэнсіянэраў, і наагул 54% насельніцтва, другой крыніцай прыбыткаў, акрамя заработнай платы, маюць гарод. Гэта азначае, што ў нас адбываецца інтэнсіўная дэіндустрыялізацыя краіны. Ні ў бок Эўропы, ні ў бок Кітая, а ў свой спэцыфічны бок – на гарод”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG