Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына: пра пераможца гаварыць пакуль што рана


Алена Струвэ, Менск У выніку агульных парлямэнцкіх выбараў у Нямеччыне апазыцыйны блёк хрысьціянскіх дэмакратаў ХДС/ХСС на чале з Ангелай Мэркель нязначна апярэдзіў cацыял-дэмакратычную партыю пад кіраўніцтвам цяперашняга канцлера Гергарда Шрэдэра.

Папярэднія вынікі нядзельнага галасаваньня сталі поўнай нечаканасьцю як для хрысьціянскіх дэмакратаў і іх лідэра Ангелы Мэркель, так і для многіх аналітыкаў, якія прагназавалі упэўненую перамогу хрысьціянскіх дэмакратаў.

Нямецкія назіральнікі лічаць, што ў найбліжэйшыя два тыдні для дзьвюх вялікіх партыяў – ХДС/ХСС і СДП – і іхных лідэраў пачнецца самая сапраўдная вайна нэрваў. Размова ідзе пра зьмену палітычных альянсаў, паколькі ні чорна-жоўтыя – блёк хрысьціянскіх і свабодных дэмакратаў, ні чырвона-зялёныя не набралі неабходнай паловы галасоў.

Аналітыкі называюць тры варыянты будучых кааліцыяў – вялікую, альбо альянс СДП і ХДС, і два сьвятлафоры. Чорна-жоўты-зялёны сьвятлафор – ХДС, лібэралы і зялёныя. Альбо чырвона-зялёны-жоўты – сацыял-дэмакраты, зялёныя, лібэралы. У тым выпадку, калі зялёныя пяройдуць да чорна-жоўтых, канцлерам стане Мэркель. У тым выпадку, калі лібэралы апынуцца на баку чырвона-зялёных, канцлерам стане Шрэдэр.

Паводле некаторых экспэртаў, найбліжэйшы тыдзень-другі вялікія партыі будуць змагацца за маленькія. Што да зялёных і жоўтых, то для іх пытаньне зьмены палітычнай арыентацыі вельмі няпростае: яны могуць у выніку проста страціць свой электарат і зазнаць паразу на галоўных для іх рэгіянальных выбарах.

Застаецца варыянт вялікай кааліцыі. Тэарэтычна тут большыя шанцы ў барацьбе на пасаду канцлера мае Мэркель, аднак перавага ў галасох вельмі неістотная. Ня выключана, што ў часе парлямэнцкіх галасаваньняў па кандыдатуры канцлера (яны праходзяць максымальна ў тры туры, прычым тайна) свае галасы Шрэдэру аддадуць левыя Ляфантэна і Гізі.

Сёньня ўначы нямецкая тэлевізія некалькі разоў запар перадавала выступ Шрэдэра перад сябрамі сваёй партыі адразу пасьля выбараў. Шрэдэр вельмі ўпэўнена заявіў, што канцлерам будзе ён. Аналітыкі называюць Шрэдэраву заяву небеспадстаўнай. Тым ня менш канчатковых прагнозаў пакуль што ніхто ня робіць.

Аглядальнікі пішуць, што Шрэдэр на фінішы кампаніі прадэманстраваў свае найлепшыя байцоўскія якасьці, у той час як Мэркель страціла свае першапачаткова высокія палітычныя пазыцыі.

Большасьць маіх нямецкіх калегаў, якія ня вельмі сымпатызвалі Мэркель як палітычнаму лідэру, не ў захапленьні ад пэрспэктывы, што Шрэдэр застанецца канцлерам. Паводле іхных словаў, у тупіковай сытуацыі краіна можа істотна адкаціцца назад.

* * *

Нашая карэспандэнтка цікавілася ў беларускіх палітыкаў, хто з двух асноўных гульцоў на нямецкай палітычнай сцэне ім бліжэйшы.

Меркаваньне лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі: (Лябедзька: ) “Зыходзячы з таго, што мы месьцімся на правым цэнтры, нашыя сымпатыі – палітычныя, ідэалягічныя – гэта Ангела Мэркель. Я зь ёй некалькі разоў сустракаўся і жадаю ёй посьпеху. Калі я зь ёй сустракаўся, яна была лідэрам партыі, але не была першым нумарам. Тым ня менш гэтая сустрэча была прысьвечаная беларускай праблематыцы. Хачу сказаць, што яна і яе дарадцы няблага ведаюць беларускую сытуацыю, складалася ўражаньне, што ў іх ёсьць пэўная стратэгія ў дачыненьні да Беларусі. У іх менш ілюзіяў адносна таго, што людзей кшталту Лукашэнкі можна пераканаць, даць ім некалькі ўрокаў дэмакратыі, і яны зробяцца іншымі. Я хачу сказаць, што й сярод сацыял-дэмакратаў у нас шмат сяброў, але сама пазыцыя партыі і міжнародная пазыцыя што да Беларусі ў значнай ступені ўлічвае расейскі фактар. Калі пры ўладзе будуць прадстаўнікі ХДС/ХСС, будзе больш выразнай пазыцыя ў беларускім пытаньні”.

І яшчэ адно меркаваньне – беларускага сацыял-дэмакрата Міколы Статкевіча, які адбывае ў Баранавічах двухгадовае абмежаваньне волі.

(Статкевіч: ) “У палітыцы ўсё ж вельмі важную ролю адыгрываюць асобы. Хаця асобныя палітыкі кажуць: вось мы прапануем нехарызматычнага лідэра, – аднак не бываюць нехарызматычныя лідэры ў вялікай палітыцы. У любой дэмакратычнай краіне з дэмакратычнымі традыцыямі людзі заўсёды галасуюць за асобу. Спадар Шрэдэр – гэта асоба. Апошнія электаральныя тэндэнцыі перадвыбарчыя гэта даказваюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG