Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя вылучыла дадатковыя патрабаваньні да ўладаў, зьвязаныя з правядзеньнем Кангрэсу дэмсілаў


Валер Каліноўскі, Менск Сталая дзейная нарада дэмакратычных сілаў сёньня ўхваліла тэкст звароту да ўладаў з дадатковымі патрабаваньнямі наконт арганізацыі кангрэсу, на якім будзе абраны адзіны кандыдат на прэзыдэнта ад апазыцыі. Адказ на гэты зварот будзе ўлічаны пад час прыняцьця канчатковага рашэньня, дзе пройдзе Кангрэс дэмсілаў – у Менску ці за мяжой.

На сёньняшнім паседжаньні апазыцыйнай “дзясяткі” абмяркоўвалася сытуацыя, якая склалася пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка публічна загадаў уладам спрыяць правядзеньню Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Аргкамітэту ўжо ўдалося дамовіцца пра арэнду Палаца культуры Менскага аўтазавода на 1-2 кастрычніка. Сёньня сталая дзейная нарада дэмсілаў аднагалосна вырашыла зьвярнуцца да ўладаў з чатырма дадатковымі патрабаваньнямі. Першае – гарантаваць выдачу візаў замежным гасьцям кангрэсу ды акрэдытацыю іншаземных журналістаў; другое – прадставіць арганізатарам кангрэсу тэлеэфір у вечаровы час для тлумачэньня мэтаў і задачаў форума; трэцяе – скасаваць ранейшыя прысуды ў адносінах да ўдзельнікаў сходаў па вылучэньні дэлегатаў кангрэсу, і чацьвёртае – каб праваахоўныя органы забясьпечылі парадак пад час правядзеньня форуму і не дапусьцілі правакацыяў у адносінах да яго ўдзельнікаў.

Як паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, зварот будзе накіраваны Аляксандру Лукашэнку, міністрам унутраных і замежных справаў Беларусі, старшыні Дзяржкамітэту памежных войскаў, кіраўніку Вярхоўнага суда, а таксама ў дзяржаўныя тэлекампаніі. “Дзясятка” просіць даць адказ цягам пяці дзён.

Ініцыятар гэтага звароту, Анатоль Лябедзька мяркуе: калі Аляксандар Лукашэнка выказаў палітычную волю садзейнічаць кангрэсу, то гэтыя патрабаваньні павінны быць рэалізаваныя, каб стварыць нармальную атмасфэру вакол форума.

(Лябедзька: ) “Калі ж Лукашэнка гуляе ў “кошкі-мышкі” з намі, калі, як заўсёды, спачатку йдзе рыторыка, а потым справы разыходзяцца з тым, што агучана, то ў нас застаецца яшчэ мажлівасьць прыняцьця рашэньня па месцы правядзеньня Кангрэса, каб застрахавацца ў нейкім сэнсе ад правакацыяў улады”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, “дзясятка” не адмаўляецца ад магчымасьці правядзеньня кангрэсу ў Расеі альбо Украіне як альтэрнатыўнага варыянту.

Старшыня аргкамітэту ў правядзеньні кангрэсу Аляксандар Бухвостаў адмаўляецца называць гэты зварот нейкім ультыматумам. На ягоную думку, гэта просьба, абгрунтаваная законнымі правамі беларускіх грамадзян.

(Бухвостаў: ) “Калі ж ніяк не адрэагуюць, то гэта падкрэсьліць, што значыць, што можна чакаць і розных правакацыяў на кангрэсе. Але я лічу, што мы не маем цяпер ніякіх падставаў адмаўляцца ад правядзеньня кангрэсу ў Беларусі толькі таму, што нам яшчэ хтосьці чагосьці не дасьць”.

Аляксандар Бухвостаў кажа, што інфармацыя пра першыя перашкоды ў правядзеньні кангрэсу ужо ёсьць – некаторых дэлегатаў з рэгіёнаў запалохвае адміністрацыя іх прадпрыемстваў, альбо заяўляе, што тыя вымушаныя будуць працаваць у суботу 1 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG