Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржкамчарнобыль Беларусі камэнтуе заявы акадэміка Яблакава


Іна Студзінская, Менск Заяву старшыня партыі “Зялёная Расея” Аляксея Яблакава наконт таго, што справаздача ААН пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы скажае сапраўдную карціну наступстаў аварыі для здароўя насельніцтва забруджаных тэрыторыяў сёньня пракамэнтавала кіраўніцтва Дзяржкамчарнобылю Беларусі.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі на Чарнобыльскім форуме ў Вене, старшыня Камітэту па праблемах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Міністраў Беларусі Уладзімер Цалка выказаў недаўменьне рэакцыяй расейскіх навукоўцаў і эколягаў. Ён лічыць, што цалкам матэрыялы дакладу ніхто ня мог вывучаць, а тыя прэс-рэлізы і рэзюме ўтрымліваюць палітычнае адценьне.

(Цалка: ) “Гэта два вялікія даклады, іх нідзе няма яшчэ, іх ніхто ня мог бачыць. Усе спасылаюцца на гэты так званы “драфт”, рэзюмэ, выжымкі, і яны з палітычным адценьнем. Таму што рабілі высновы абсалютна іншыя людзі. А сюды мы будзем уносіць заўвагі. Каб усе дакладна разумелі: навуковы даклад – гэта навуковы даклад, а высноваў канфэрэнцыі няма. Ёсьць высновы гэтых дакладаў, рэзюмэ”.

Старшыня Нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне, доктар біялягічных навук, прафэсар Якаў Кенігсбэрг падкрэсьліў, што на форуме, які тычыцца Беларусі, былі агучаныя пазыцыі, якія цалкам падзяляюць калегі з Расейскай Фэдэрацыі, Украіны, а таксама ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі і Японіі. Але з наступствамі Чарнобылю Беларусі яшчэ жыць вельмі доўга:

(Кенігсбэрг: ) “Праблема Чарнобыля носіць доўгатэрміновы характар, і яе ня стане толькі тады, калі з моманту аварыі пройдзе ня менш за 300 гадоў, калі распадуцца асноўныя дозаўтваральныя радыёнукліды – цэзій і стронцый, так што як мінімум 300 гадоў праблема Чарнобылю будзе існаваць”.

Наконт заўваг аб празьмерна аптымістычных высновах у дакладзе ААН аб наступствах Спадчына Чарнобыля прафэсар Якаў Кенігсбэрг заявіў:

(Кенігсбэрг: ) “Цяпер што тычыцца таго, што быццам бы ўсё так добра. Нічога падобнага. Нельга так уяўляць. Але дзякуючы тым намаганьням , што былі зробленыя ўрадамі Расеі, Украіны і асабліва Беларусі ўдалося пазьбегнуць многіх захворваньняў, многіх сьмярцей. Трэба разумець, што ў навуковых дакладах форуму, якія будуць апублікаваныя, будуць прапісаныя і выдзеленыя тыя прабелы ў ведах, якія існуюць па праблемах наступстваў Чарнобыльскай катастрофы”.

На форуме ў Вене 10 дзён таму быў прадстаўлены даклад “Спадчына Чарнобыля: мэдычныя, экалягічныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы” і выпрацаваныя рэкамэндацыі ўрадам Беларусі, Расеі ды Украіны. Лейтматыў дакладу – наступствы Чарнобыльскай катастрофы перабольшаныя, асноўныя праблемы са здароўем ўзьнікаюць не з-за ўзьдзеяньня радыяцыі, а з-за беднасьці, адсутнасьці інфармацыі і неабгрунтаваных страхаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG