Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прычыны і наступствы будаўніцтва Паўночна-эўрапейскага газаправоду?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

(Валер Карбалевіч: ) “Падпісаньне пагадненьня аб будаўніцтве Паўночна-эўрапейскага газаправоду паміж “Газпромам” і нямецкімі кампаніямі ў прысутнасьці прэзыдэнта Расеі Пуціна і канцлера Нямеччыны Шрэдэра выклікала значны міжнародны рэзананс. Вядома, што раней, у 1990-я гады, “Газпром” плянаваў будаваць дзьве ніткі газаправоду празь Беларусь і Польшчу. Гэты шлях больш кароткі і танны. Але расейскае кіраўніцтва выбрала больш доўгі і дарагі шлях транзыту газу ў Эўропу праз Балтыйскае мора. Чым гэта тлумачыцца?”

(Тацяна Манёнак: ) “Крышку пра гісторыю гэтага пытаньня. Першая нітка міжкантынэнтальнага газаправоду Ямал—Эўропа пачала будавацца ў 1994 годзе. Тады былі ілюзіі, што “Газпром” пабудуе ня толькі другую, але і трэцюю, чацьвёртую нітку празь Беларусь, таму што тут ляжыць найбольш кароткі і танны шлях транзыту газу ў Эўропу. Але ж сытуацыя за гэты час памянялася. Расея цяпер робіць стаўку на разьвіцьцё сваіх прамых транзытных маршрутаў у Эўропу, каб не залежаць ад транзытных дзяржаваў. Гэта назіраецца ня толькі ў газавай сфэры, але і ў нафтавай. Таксама будуюцца нафтаправоды, якія мінаюць усе дзяржавы.

Кошт Паўночна-эўрапейскага газаправоду будзе складаць каля 7 мільярдаў даляраў. А кошт беларускага ўчастку газаправоду Ямал—Эўропа каштуе каля 1,5 мільярдаў даляраў. Беларусь выдзеліла калідор для пракладкі газавай трубы, створаныя адпаведныя тэхнічныя магчымасьці для гэтага. Але апошнім часам дачыненьні паміж бліжэйшымі саюзьнікамі сапсаваліся. Дзесьці два-тры гады таму Расея ўпершыню абвінаваціла Беларусь у крадзяжы прыроднага газу. Потым у лютым 2004 году “Газпром” увогуле спыніў на суткі падачу прыроднага газу. Гэта адбылося ўпершыню за ўсю 30-гадовую гісторыю паставак газу ў Беларусь. Але самай вялікай праблемай паміж “Газпромам” і Беларусьсю было пытаньне аб прыватызацыі “Белтрансгазу” і стварэньні сумеснага беларуска-расейскага прадпрыемства. Жорсткія патрабаваньні беларускага боку прывялі да таго, што “Газпром” страціў магчымасьць стаць суўласьнікам гэтага прадпрыемства.

З улікам гэтых чыньнікаў “Газпром” і прыняў гэтае рашэньне аб будаўніцтве Паўночна-эўрапейскага газаправоду. І такім чынам, Расейская газавая кампанія ня будзе залежаць ад транзытных дзяржаваў, у тым ліку ад Беларусі. Гэта можна расцэньваць так, што і “Газпром”, і Расея больш ня лічаць Беларусь надзейным прадказальным партнэрам, паводзіны якога можна прагназаваць”.

(Кірыл Коктыш: ) “Прычыны гэтых хадоў “Газпрому” вельмі зразумелыя: палітычная неўладкаванасьць газавага пытаньня, праблемы транзыту што празь Беларусь, што праз Украіну, адсутнасьць упэўненасьці, што беларускі і ўкраінскія транзыты надзейныя на доўгі тэрмін. “Газпром” зрабіў вельмі зразумелыя з гледзішча карпарацыі крокі. Ён імкнецца захаваць сваю бясьпеку і бясьпеку сваіх газавых плыняў. Можна казаць, што ён дывэрсыфікаваў свой транзыт альбо пачаў ствараць запасны аэрадром”.

(Карбалевіч: ) “Будаўніцтва новага газаправоду, які павінен уступіць у дзеяньне ў 2010 годзе, будзе мець значныя геапалітычныя наступствы. Гэты праект выклікаў рэзкую адмоўную рэакцыю ў Польшчы, краінах Балтыі. У Польшчы гэтую дамову паміж Расеяй і Нямеччынай ужо назвалі “пактам”, то бок ён выклікае пэўныя гістарычныя асацыяцыі. Некаторыя польскія палітыкі нават заклікаюць не дазволіць гэтага будаўніцтва. Нават з улікам перадвыбарчай кампаніі, якая праходзіць цяпер у Польшчы, гэта занадта радыкальныя захады.

Хачу нагадаць, што нядаўна, падчас дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю і Польшчай з-за Саюзу палякаў Беларусі Варшава спрабавала заручыцца падтрымкай Эўразьвязу. Але з гэтага мала што атрымалася, падтрымка Брусэлю была фармальнай. Экспэрты адзначалі, што вялікія эўрапейскія дзяржавы, найперш, Нямеччына, ня хочуць псаваць добрых дачыненьняў з Масквою. Цяпер гэтыя дачыненьні стануць яшчэ больш цеснымі. Якія геапалітычныя наступствы будзе мець будаўніцтва новага газаправоду?”

(Манёнак: ) “Калі казаць пра Польшчу, то прынцыповым пытаньнем былі рознагалосьсі па праблеме ўласнасьці ў сумесных прадпрыемствах па абслугоўваньні транзыту газу. Зразумела, што расейская кампанія ня хоча ні ад каго залежаць. Яна хоча атрымліваць дывідэнды выключна самастойна.

Некаторыя экспэрты падлічылі, што праз год пасьля будаўніцтва Паўночна-эўрапейскага газаправоду Расея атрымае прыбытак 4 мільярды даляраў. Бо яна ня будзе нікому плаціць за транзыт. Кошт газу таксама павысіцца.

Польшча на 80% залежыць ад расейскага газу. І ў яе сытуацыя складаная. Акрамя расейскага, Польшча атрымлівае газ з Нарвэгіі і Даніі. Але ў параўнаньні з расейскім гэты газ дарагі. І пакуль не ўдалося дамовіцца аб павелічэньні паставак гэтага газу. У Польшчы не губляюць надзеі яшчэ дамовіцца з дапамогаю Эўразьвязу, каб гэты “праект веку”, як называюць Паўночна-эўрапейскі газаправод, рэалізоўваўся з удзелам Польшчы і краінаў Балтыі. Але днямі камісія Эўразьвязу гэты праект адобрыла. Таму цяжка спадзявацца, што Расея зробіць крок назад. Хутчэй за ўсё, сытуацыю трэба прымаць такой, якая ёсьць”.

(Коктыш: ) “Мяркую, што наступствы будуць вельмі драматычныя. Гэта можа перакроіць мапу Эўропы, ці, дакладней, мапу эканамічнай моцы. Бо дагэтуль Беларусь, Украіна, Польшча, Літва мелі міжнародную вагу за кошт свайго транзытнага статусу. А калі ствараецца прамая зьвязка паміж Расеяй і Нямеччынай, усе краіны, якія выпалі з праекту, ня могуць гандляваць транзытным рэсурсам, апынуцца ў горшым становішчы, шмат згубяць ад такога раскладу”.

(Карбалевіч: ) “Калі два гады таму паміж Беларусьсю і Расеяй ішла гарачая спрэчка наконт стварэньня сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу”, некаторыя экспэрты казалі: ляяльная пазыцыя беларускага боку ў гэтым пытаньні можа спрыяць таму, што Расея будзе пракладваць другую нітку газаправоду Ямал—Эўропа празь Беларусь, як і плянавалася раней. Калі ж пазыцыя Беларусі будзе такая жорсткая, то “Газпром” пабудуе газаправод па дне Балтыйскага мора. І празь нейкі час значэньне старых газаправодаў, якія праходзяць празь Беларусь, будзе невялікае, яны страцяць цану, ператворацца наўпрост у мэтал. У адказ Лукашэнка заяўляў, што маўляў, нікуды “Газпрому” ня дзецца, транзыт празь Беларусь самы кароткі і танны. Да таго ж у Беларусі стабільнасьць і саюзьніцкія адносіны з Расеяй. Таму ўсё роўна давядзецца будаваць газаправод тут. Цяпер высьвятляецца, што кіраўнік Беларусі памыліўся.

Цікава, што мінулымі выходнымі расейскія тэлеканалы, апавядаючы пра новы газаправод, казалі: ён будуецца ў абыход Украіны, Польшчы, краінаў Балтыі. Але чамусьці яны сарамліва ня згадвалі, што і ў абыход Беларусі. Якія наступствы для Беларусі можа мець будаўніцтва Паўночна-эўрапейскага газаправоду?”

(Манёнак: ) “Адназначна Беларусь страціла вялікі стратэгічны козыр у пэрспэктыве. Цяпер “Газпром” павялічвае транзыт газу празь Беларусь. І прычым, павялічвае праз свой газаправод Ямал—Эўропа, які зьяўляецца ўласнасьцю газавага канцэрну. У 2005 годзе гэты транзыт павялічыўся на 48%. Цяпер “Газпрому” выгадна пампаваць свой газ праз тэрыторыю Беларусі. Бо выгадны тарыф транзыту.

Пакуль Беларусь нічога ня страчвае. Яна пачне страчваць празь пяць гадоў, калі ўступіць у дзеяньне Паўночна-эўрапейскі газаправод. У бліжэйшай пэрспэктыве “Газпром” не плянуе будаваць другой ніткі газаправоду Ямал—Эўропа празь Беларусь. Цяпер за кошт транзыту праз сваю тэрыторыю Беларусь аплачвае каля 15% кошту спажыванага газу. Калі б была пабудаваная другая нітка, то Беларусь магла б прыплюсаваць яшчэ 15%. Вось грашовы кошт стратаў”.

(Коктыш: ) “Так, празь Беларусь транзыт найбольш танны і эканамічны. Але “Газпром”, мусіць, ня лічыць, што гэты маршрут такі ж танны і ў палітычным сэнсе. Напэўна, “Газпром” падсумаваў эканамічныя і палітычныя кошты і вырашыў, што будаваць уласны газаправод будзе таньней. Гэта азначае, што “Газпром” (і адначасова, Расея) ня ўпэўнены ў палітычнай стабільнасьці Беларусі ў пэрспэктыве”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, Паўночна-эўрапейскі газаправод створыць новую геапалітычную сытуацыю, паспрыяе больш шчыльным дачыненьням паміж Расеяй і Заходняй Эўропай. Што тычыцца Беларусі, то яна адназначна прайграе ад будаўніцтва новага газаправоду. Мусіць, вельмі жорсткая пазыцыя беларускага боку ў перамовах па ўсім комплексе пытаньняў газавага транзыту празь Беларусь у дадзеным выпадку была не зусім апраўданая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG