Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адбудзецца рэдкая сустрэча чытачоў з Алесем Разанавым


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ў Менску ў малавядомай шырокай чытацкай аўдыторыі “Галярэі Б.” свае новыя вершы будзе чытаць паэт Алесь Разанаў. Гэта першая яго сустрэча з беларускай публікай пасьля працяглага пражываньня за межамі радзімы.

Абвесткі пра сустрэчы ў менскай “Галярэі Б.” пачалі зьяўляцца на інтэрнэт-старонках блізу году таму, аднак шырокай публікі і прэсы яны і да сёньня ня маюць. Ініцыятар і арганізатар гэтых сустрэчаў паэт і філёзаф Ігар Бабкоў пра іх мэту, зьмест і форму кажа так:

(Бабкоў:) “Сказаць, што такое “Галярэя Б.” вельмі складана, прасьцей апісаць тое, чым яна не зьяўляецца. Яна не зьяўляецца літаратурнай суполкай. Яна не зьяўляецца сябрынай літаратараў, якія аб’яднаныя пэўным эстэтычным накірункам. Хутчэй – гэта такая ўнутраная прастора, літаратурнае месца, у якім літаратары зьвернутыя тварам не да публікі, не да масмедыяў, а хутчэй адзін да аднаго”.

Назву гэтае месца літаратурных сустрэчаў атрымала ад першае літары двух словаў, мэтафарычна злучаных у панятак “Бабілёнская бібліятэка”. А яшчэ літара Б – гэта Беларусь, кажа Ігар Бабкоў, духоўную прастору якой ўдзельнікі сустрэчаў напаўняюць сваёй эстэтыкай. Сустрэчы адбываюцца два разы на месяц. Спачатку яны праходзілі ў бібліятэцы Дому літаратара, гэтым разам будуць у невялікім пакоі сакратарыяту Саюзу пісьменьнікаў. Удзельнікаў “Галярэі Б.” Ігар Бабкоў абазначыў наступным чынам.

(Бабкоў:) “Усе ўдзельнікі дзеляцца на жыхароў, тых, якія стала атабарыліся ў гэтай прасторы, і гасьцёў, прывідаў, ганаровых прывідаў…Ганаровыя прывіды часам матэрыялізуюцца ў галярэі, як вось Разанаў у гэтую сераду, і ператвараюцца ў жыхароў, я спадзяюся…”

Вынікам сустрэчаў у “Галярэі Б.” стане новая кніжная сэрыя пад агульным з месцам сустрэчаў назоваў. Першыя чатыры кнігі чакаюцца ўжо сёлета. Пабачыць сьвет у сэрыі “Галярэі Б.” і новая кніга Алеся Разанава, якога арганізатары сёньня чакаюць, кажа Ігар Бабкоў, зь вялікай радасьцю.

(Бабкоў:) “Мы так даўно ўжо яго ня бачылі ў Менску і ў Беларусі!.. Ён столькі часу вандраваў недзе там, што гэта вось проста момант такой радасьці, што нарэшце мы яго пабачым!..”

Пачатак сустрэчы з Алесем Разанавым сёньня а 18-й.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG